Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як патэнцыйныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта сустракалі Каляды?


Радыё Свабода Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах не наракаюць на тое, што навагоднія і калядныя сьвяты ўскладнілі збор подпісаў ды іншую працу, зьвязаную з рыхтаваньнем да выбараў. Больш за тое, некаторыя з прэтэндэнтаў выкарысталі сьвяточныя настроі і магчымасьці ў сваёй перадвыбарчай кампаніі.

Усе патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта, апрача Зянона Пазьняка, адносяць сябе да праваслаўных вернікаў, усе сустракалі Каляды, праўда, па-рознаму. Аляксандар Мілінкевіч еў куцьцю зь беларусамі Беласточчыны і польскім прэм’ерам Казімежам Марцінкевічам, Аляксандар Казулін і Аляксандар Вайтовіч сьвяткавалі ў сям’і, Аляксандар Лукашэнка ў калядны вечар гуляў у хакей на міжнародным турніры на прыз свайго імя, Сяргей Скрабец глядзеў тэлетрансьляцыю каляднай імшы ў турме, Сяргей Гайдукевіч хадзіў у царкву, а Валеры Фралоў наведаў магілу жонкі.

(Фралоў: ) “Я праваслаўны і ўзнагароджаны ордэнам Сергія Раданескага, вельмі ганаруся гэтым... На жаль, у мяне Нараджэньне Хрыстова зьвязана з вельмі сумнай падзеяй: тры гады назад мая жонка якраз на Каляды памерла. Таму я сёньня еду ў Горадню”.

Прэтэндэнт ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пра плён сваіх калядных размоў з польскім прэм’ерам паведаміў:

(Мілінкевіч: ) “Гэта перш за ўсё маральная высокая падтрымка беларускіх дэмакратычных сілаў, вера ў тое, што ў Беларусі зьменіцца сытуацыя, што Беларусь будзе далучацца да краін эўрапейскай супольнасьці, стане дэмакратычнай. А другая рэч – гэта тое, што ёсьць абсалютна канкрэтныя размовы пра падтрымку гэтых працэсаў. Польшча можа многа зрабіць для зьмены інфармацыйнай прасторы на карысьць дэмакратыі, можа дапамагаць студэнтам, якіх звальняюць за ўдзел у палітычным жыцьці”.

Ад імя прэтэндэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча актыўна распаўсюджваліся сьвяточныя паштоўкі, а таксама каляндарыкі зь яго фатаздымкамі. Частка зь іх канфіскавалася міліцыяй. Спадар Мілінкевіч лічыць гэта несправядлівым, бо ў каляндарыках няма перадвыбарчай агітацыі.

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Казуліна актыўна выкарыстоўвалі адзеньне Дзеда Мароза пры зборы подпісаў. Спадар Казулін лічыць, што калядныя сьвяты не замінаюць перадвыбарчай кампаніі:

(Казулін: ) “Я лічу, што якраз гэта й добра, што сьвятыя дні Нараджэньня Хрыстовага супалі з адказным для краіны пэрыядам. Вельмі важна, каб сьвятло, дабрата даходзілі да кожнага, і спадзяюся, што Боскае сьвятло натхніць людзей на правільны выбар свайго лёсу, а не на вырашэньне аднадзённых турботаў”.

Сяргей Гайдукевіч таксама ня бачыць цяжкасьцяў у тым, што перадвыбарчая праца супала з навагоднімі і каляднымі сьвятамі:

(Гайдукевіч: ) “Па-першае, сьвяты доўжацца ня вечна, а па-другое, яны нават у нечым мабілізуюць. Я ведаю, што ў мяне людзі 29-га і 30-га перад Новым годам даволі добра зьбіралі подпісы, з настроем, усё залежыць ад адносін. Зразумейце, збор подпісаў – гэта камандная праца”.
XS
SM
MD
LG