Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія бюро АБСЭ ня мае запрашэньня на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі


Радыё Свабода, Менск Місія Бюро ў пытаньнях дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ дасюль не атрымала запрашэньня ад беларускіх уладаў для правядзеньня доўгатэрміновага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Заснаванае ў 1990 годзе Бюро ў пытаньнях дэмакратычных інстытутаў са штаб-кватэрай у Варшаве мае сваю прафэсійную мэтадалёгію назіраньня за выбарамі. Гэтая місія АБСЭ звычайна пачынае працу ў канкрэтнай краіне за два, а часам і за тры месяцы да дня выбараў. Яна вывучае перадвыбарчую сытуацыю, умовы працы мэдыяў і іншых інстытутаў, якія ўплываюць на хаду кампаніі. Аднак дагэтуль беларускія ўлады не накіравалі запрашэньня місіі АБСЭ для арганізацыі назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Бюро ў пытаньнях дэмакратычных інстытутаў Урдур Гунарсдатыр.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі гэтай сытуацыі не пракамэнтавалі. Паводле прадстаўніка МЗС Беларусі Руслана Есіна, на гэты момант паступіла значная колькасьць прапановаў аб накіраваньні назіральнікаў.

(Есін: ) “Я не магу агучыць вам сьпіс, таму што ўвесь час прыходзяць новыя прапановы. У МЗС паступаюць такія прапановы ад замежных краін і міжнародных арганізацыяў. Гэтыя прапановы цяпер вывучаюцца”.

Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, міжнародныя назіральнікі прыедуць, калі іх запросяць. Спадар Лазавік нагадвае, што расейскі МЗС меў прэтэнзіі да колькасьці назіральнікаў, якія ўваходзяць у склад місіі АБСЭ.

(Лазавік: ) “Каб не атрымалася, што ў ЗША накіроўваецца місія ў складзе 21-го чалавека, а ў Беларусь 701-го. Але на практыцы мы з боку Цэнтравыбаркаму ніякіх абмежаваньняў не прадугледжваем. Якія ўмовы паставіць МЗС, я, натуральна, ня ведаю”.

Паводле Урдур Гунарсдатыр, велічыня місіі залежыць ад складанасьці выбараў у той ці іншай краіне.

Што да іншых арганізацыяў, то місія ENEMO не разьлічвае атрымаць запрашэньне ад беларускіх уладаў, таму што грамадзкія аб’яднаньні, зь якімі яна супрацоўнічае (праваабарончы цэнтар “Вясна” і грамадзянская ініцыятыва “Партнэрства”), ліквідаваныя беларускімі ўладамі.

Тацяна Равяка, якая брала ўдзел у назіраньні за выбарамі ва Ўкраіне, Казахстане і Кіргізстане, лічыць, што прызначэньне ў аўральным парадку выбараў у Беларусі, ускладняе арганізацыю міжнароднага назіраньня.

(Равяка: ) “Доўгатэрміновыя назіральнікі ўжо цяпер павінны працаваць. Напрыклад, місія АБСЭ, ацэнкі якой зьяўляюцца найбольш аб’ектыўнымі. На жаль, вельмі вялікая надзея ў нас не на ўнутраных назіральнікаў, а назіральнікаў менавіта міжнародных”.

У Цэнтравыбаркаме заяўляюць, што права запрашаць міжнародных назіральнікаў у Беларусь мае беларускі ўрад празь Міністэрства замежных справаў, а таксама Нацыянальны сход. Цэнтральная выбарчая камісія запросіць сваіх калегаў зь іншых краінаў за два тыдні да выбараў. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына прагназуе, што ў Беларусь прыедзе каля 800 міжнародных назіральнікаў, столькі ж было на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году і рэфэрэндуме ў 2004-м.
XS
SM
MD
LG