Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прадпрыемствах Віцебшчыны раяць падпісвацца толькі за Лукашэнку


Радыё Свабода “Зьбіральнікі подпісаў за Лукашэнку падманваюць выбарцаў”, – так цьвердзяць як віцебскія сябры ініцыятыўных групаў іншых прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, так і радавыя выбарцы з гораду і Віцебскай вобласьці.

Пра тое, што на многіх прадпрыемствах Віцебску й вобласьці кіраўнікі настойліва раяць падпісвацца толькі за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі, гавораць многія. Пра гэта давялося пачуць, да прыкладу, ад віцябляніна Кірыла Лабусава, які тым часам падпісваўся за вылучэньне Зянона Пазьняка.

(Лабусаў: ) “ Я сапраўды чуў, што агітуюць настаўнікаў, працаўнікоў шмат якіх заводаў ні ў якім выпадку не падпісвацца ні за якіх дэмакратычных прэтэндэнтаў – ні за Мілінкевіча, ні за кога іншага. Толькі за Лукашэнку”.

Пра такія выпадкі расказваюць і прадстаўнікі рэгіёнаў Віцебшчыны. Да прыкладу, Ада Райчонак з Шаркоўшчынскага раёну, якая зьбірае подпісы за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча.

(Райчонак: ) “ І ў нас таксама – баяцца людзі, і ўсё! Вуліцу прайшоў – усяго 4 чалавекі падпісаліся. Такія напалоханыя, кажуць, што іх на працы папярэджваюць. Мусіць, начальства запалохвае. Я інтэлігенцыі нават і не чапаю! Ведаю, што ім будзе, калі падпішуцца, дык да іх нават і не заходжу. Толькі да беспрацоўных ды пенсіянэраў”.

Валянціна Кудлацкая, зьбіральніца подпісаў зь Верхнядзьвінску, расказвае, што людзі баяцца падпісвацца за іншых прэтэндэнтаў і пасьля таго, як у іх пабываюць зьбіральнікі подпісаў за Лукашэнку – тыя гавораць выбарцам, што падпісвацца можна толькі за вылучэньне аднаго кандыдата, хаця такая інфармацыя супярэчыць выбарчаму заканадаўству.

(Кудлацкая: ) “Людзі, якія з ініцыятыўных групаў Лукашэнкі, гавораць: “Ні за кога больш не падпісвайцеся!” Учора ў “Гаргазе” яны ў працоўны час зьбіралі подпісы. За Лукашэнку ў працоўны час зьбіраюць без аніякіх праблем! Яны наш лёс вызначаюць на наступныя 5 гадоў!”

Спадарыня Кудлацкая паскардзілася на дзеяньні сяброў ініцыятыўнае групы Аляксандра Лукашэнкі намесьніку старшыні райвыканкаму Ўладзімеру Якаўлеву, які курыруе выбары. Аднак Якаўлеў адмовіўся прызнаць любыя факты такіх парушэньняў.

(Якаўлеў: ) “Ня можа такога быць! Наадварот – мы тлумачым людзям, што ў працоўны час зьбіраць подпісы нельга. Ці во па тэлефоне ў мяне пытаюцца: “Калі я падпісаўся за Лукашэнку, то ці можна мне за другога?” Я кажу: ”Можна!” А калі гавораць: “За таго падпісвайцеся, а за таго – не”, – то гэта супрацьзаконныя дзеяньні”.

Віцебская зьбіральніца подпісаў, маці палітыка Паўла Севярынца спадарыня Тацяна ўжо напісала скаргу на процізаконныя дзеяньні сяброў ініцыятыўнае групы Аляксандра Лукашэнкі. Спасылаючыся на словы старшыні Першамайскага райвыканкаму Віцебску Ўладзімера Цітэнкі, сябры Лукашэнкавай групы спрабавалі пераканаць выбарцаў падпісвацца толькі за іхнага прэтэндэнта.

(Севярынец: ) “Было названае прозьвішча Цітэнкі, які нібыта так ім патлумачыў. І ня дай Бог, калі падпішуцца яшчэ за каго-небудзь, апроч Лукашэнкі! Так адкрытым тэкстам людзі й гавораць. Я буду скардзіцца ў пракуратуру, натуральна!”

Пакуль што на Віцебшчыне гэта будзе першая скарга на парушальнікаў выбарчага заканадаўства прыхільнікамі цяперашняе ўлады, хаця падобных парушэньняў зафіксавана ўжо шмат.
XS
SM
MD
LG