Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя цісьне на чытачоў "Народнай Волі"


Радыё Свабода, Менская вобласьць У Салігорску міліцыянты пачалі праверку сапраўднасьці подпісаў жыхароў горада, якія выступілі ў падтрымку "Народнай Волі". Іх прозьвішчы ў сьнежні былі зьмешчаны на старонках незалежнага выданьня. Мясцовыя дэмакраты лічаць, што гэткім чынам ажыцьцяўляецца ціск на яго прыхільнікаў.

Салігорскія міліцыянты праводзяць абход кватэраў падпісантаў, якія выступілі з пратэстам супраць забароны распаўсюду "Народнай волі" праз шапікі "Саюздруку". У прыватнасьці, сёньня ўвечары яны наведалі Надзею Краўчэню:

(Краўчэня: ) "Прыйшла міліцыя да мяне на кватэру. Адчыняю дзьверы: "Вы – Надзея Сямёнаўна?" "Я". "Вы падпісваліся ў калектыўнай заяве?" "Я кажу, што так, падпісвалася за "Народную волю. Я не адмаўляюся". Кажуць: "Пішыце тлумачальную". Я адказваю, што ня буду пісаць ніякага тлумачэньня.

А мне кажуць, што калі я не напішу тлумачальную, то на мяне складуць пратакол, што я адмовілася ад паказаньняў. Я мусіла напісаць, што падпісалася ў калектыўнай заяве ў "Народнай Волі" і хачу выпісваць газэту "Народная воля".

Міліцэйская акцыя выклікала розгалас у асяродзьдзі салігорскіх прыхільнікаў "Народнай Волі" і мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху.

Лідэры гэтага руху Аляксандр Цэцура, Ларыса Насановіч і Мікалай Зімін сёньня ж увечары зьвярнуліся за тлумачэньнем да начальніка салігорскай міліцыі. Вось што пра гэта паведаміў спадар Зімін:

(Зімін: ) "Ён кажа, што трэба праверку зрабіць. Маўляў, трэба збліжацца міліцыі з народам. То бок ад прамога адказу ён ухіліўся – не сказаў, хто яму даў каманду. Я яму сказаў: чаму яны не гавораць людзям, што яны могуць вусна даваць адказы альбо зусім адмовіцца ад адказаў. А то адразу патрабуюць тлумачэньні. Я пытаюся: навошта гэтыя тлумачэньні? Бо тады вы ўключыце падпісантаў у нейкі сьпіс і на працы ў іх будуць праблемы".

Салігорскія дэмакраты лічаць, што гэткім чынам мясцовыя міліцыянты ажыцьцяўляюць ціск на людзей, якія маюць іншыя палітычныя погляды і хочуць чытаць недзяржаўныя газэты. Гаворыць Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) "Калі чалавека выклікаюць міліцыянты і прапануюць яму напісаць нейкае там тлумачэньне, то ў грамадзяніна ўжо складваецца ўражаньне, што ён у чымсьці вінаваты, што ён нешта ня так зрабіў, што ён выклікаў нейкае нэгатыўнае рэагаваньне з боку ўлады".
XS
SM
MD
LG