Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі канфіскаваныя 20,000 календарыкаў А.Мілінкевіча


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі на вуліцы Палескай дарожнымі інспэктарамі быў затрыманы на прыватным легкавіку жыхар Мазыра, зборшчык подпісаў за Мілінкевіча Андрэй Кара.

У Чыгуначным пастарунку, куды суправадзілі спадара Кару, інспэктар ДАІ лейтэнант Чыкезаў сканфіскаваў з легкавіка 20 тысячаў календарыкаў на 2006 год з партрэтам Аляксандра Мілінкевіча і подпісам: “Аляксандр Мілінкевіч – лідэр аб''яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі”.

У пратаколе, напісаным на звычайным лістку, дарожны інспэктар Чыкезаў пазначыў прычыны канфіскацыі – на календарыках адсутнічаюць выходныя зьвесткі прадпрыемства, якое іх вырабляла, няма дакумэнтаў, што пацьвярджаюць легальнае паходжаньне календарыкаў, адсутнічае накладная на перавозку грузу.

Андрэй Кара кансультуецца зь юрыстамі, ці не прысвоіў сабе інспэктар ДАІ функцыі суду?

***

Сёньня ж на Гомельшчыне, у Сьветлагорску, міліцыя затрымала на вуліцы грамадзкага актывіста Тэльмана Масьлюкова і сканфіскавала ў яго 297 асобнікаў газэты “Рэгіянальныя навіны”.

Спадар Масьлюкоў зьяўляецца рэдактарам гэтай малафарматнай газэты і абураны тым, што міліцыя сканфіскоўвае наклад, дазволены законам.

Адначасна з газэтамі міліцыянты забралі у актывіста 1289 паштовак “Новы год – новыя магчымасьці” з віншаваньнем ад Аляксандра Мілінкевіча і тры каляндарыкі з надпісам “Любі Беларусь!”

Тэльман Масьлюкоў у свой час служыў у выведцы паветрана-дэсантных войскаў і мае пісьмовую падзяку ад міністра абароны. Таму ён сказаў карэспандэнту "Свабоды", што надалей у распаўсюдзе газэты давядзецца, відаць, задзейнічаць мэтодыку, распрацаваную для пашырэньня інфармацыі на акупаванай праціўнікам тэрыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG