Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрус на кватэры сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча ў Баранавічах


Радыё Свабода У пятніцу ўвечары баранавіцкая міліцыя правяла ператрус на кватэры сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Мілінекевіча Ўладзімера Гундара, забрала ў яго на экспэртызу аргтэхніку паводле крымінальнай справы, заведзенай яшчэ ў 2000 годзе. Спадара Гундара падазраюць у крадзяжы.

Чатыры міліцыянты на чале з капітанам транспартнай міліцыі Вадзімам Піваварам, старшым упаўнаважаным крымінальнага вышуку, прыйшлі ў кватэру, калі Ўладзімера Гундара ў ёй не было.

Ян пачалі ператрус у прысутнасьці ягонай поўнагадовай дачкі. Калі гаспадар зьявіўся ў хаце, міліцыянты ўжо апячатвалі і выносілі сыстэмныя блёкі двух ягоных кампутараў, кампакт-дыскі, іншыя носьбіты інфармацыі.

Гаспадару паведамілі, што ўсё гэта забрана на праверку паводле крымінальнай справы аб крадзяжы кампутараў у баранавіцкім дэпо ў 2000 годзе.

У пастанове пракурора на ператрус сьцьвярджаецца, што спадар Гундар зьяўляецца падазраваным па гэтай справе. Уладзімер Гундар зьбіраецца абскардзіць дзеяньні міліцыі за тое, што ператрус быў праведзены беспадстаўна, у ягоную адсутнасьць, а дакумэнты былі аформленыя на ягоную дачку, і сьцьвярджае, што ён ніякага дачыненьня да скрадзенай у дэпо аргтэхнікі не мае:

(Гундар: ) “Ніякіх дачыненьняў я не маю. Я інвалід другой групы, без нагі, вышэй калена… Як я мог выцягнуць тэхніку, як там напісана, што былі зламаныя краты, праз вакно пралезьлі, скралі”.

Ператрус спадар Гундар зьвязвае са сваёй дзейнасьцю як сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, з тым, што ён рэдагуе мясцовыя апазыцыйныя бюлетэні, а таксама са сваім ўдзелам у акцыі салідарнасьці 16 сьнежня ў цэнтры Баранавіч.

Міліцыянты запярэчылі спадару Гундару, заявіўшы, што іх дзеяньні не зьвязаныя з палітыкай і прапанавалі яму прыйсьці на допыт да сьледчага, аднак пазову не пакінулі. Канкрэтную дату заканчэньня праверкі канфіскаваных кампутараў яны не назвалі.
XS
SM
MD
LG