Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя заяўляе пра ўціск ініцыятыўных групаў


Валер Каліноўскі, Менск У ініцыятыўнай групе кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча сьведчаць пра штодзённыя затрыманьні сваіх сябраў міліцыяй, у штабе Аляксандра Казуліна кажуць пра запалохваньні і ціск на зборшчыкаў подпісаў з боку адміністрацыі іх прадпрыемстваў і ўстановаў. У ЦВК у той жа час зазначаюць, што ніякіх скаргаў на гэты конт няма.

Прадстаўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Лабковіч паведаміў, што міліцыя ў розных гарадах Беларусі штодня затрымлівае каля 10 сябраў іх ініцыятыўнай групы.

Такія інцыдэнты былі ў Пінску, дзе некалькі разоў складалі пратаколы на сябраў групы за антысанітарыю, у Ваўкавыску, Менску…

Спадар Лабковіч у кожным выпадку піша скаргі. Ён кажа, што міліцыя затрымлівае іх актывістаў пераважна для высьвятленьня асобаў, хаця ў іх ёсьць пры сабе пашпарты.

(Лабковіч: ) “Іх забіраюць, нічога на іх не складаюць, паўсюдна просяць, каб ім паказалі падпісныя лісты, акрамя выпадку ў Менску на вуліцы Дружнай, а так просяць: дайце гэтыя лісты, мы іх сабе адкапіруем. Зборшчыкі адмаўляюцца катэгарычна, іх трымаюць па гадзіне–дзьве і адпускаюць”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб мае падобную ж інфармацыю:

(Грыб: ) “Паведамілі з Маладэчна, што двух сяброў ініцыятыўнай групы, жанчын, затрымала міліцыя і сказала, што калі яны будуць зьбіраць подпісы, то іх пазбавяць месца на рынку, дзе адна зь іх працуе. І тыя катэгарычна адмаўляюцца далей працаваць, таму што яны напалоханыя”.

Акрамя таго спадар Грыб паведаміў, што у Віцебску дырэктар школы і кіраўніца дзіцячага садка загадалі сваім супрацоўніцам пад пагрозай звальненьня спыніць збор подпісаў, і тыя паклалі пасьведчаньні на стол.

Спадар Грыб зазначае, што такое адбываецца і ў іншых месцах. Пры гэтым людзі ня хочуць, каб іх неяк баранілі, не жадаюць пісаць скаргі ў пракуратуру. Мечыслаў Грыб мяркуе, што спыніць такі ціск вельмі складана, бо кампэнсаваць заробак звольненым апазыцыя ня можа.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што ніякіх скаргаў на ўціск да іх не паступала, але калі яны зьявяцца, то рэакцыя будзе адэкватнай:

(Лазавік: ) “Мы можам узьдзейнічаць на такога кіраўніка праз тыя ж уладныя структуры. Заўсёды спыняем нахабнага кіраўніка, які робіць ня тое, што патрабуецца законам”.

А патэнцыйны кандыдат Сяргей Гайдукевіч мяркуе, што няма сэнсу скардзіцца на адміністрацыйны рэсурс, паколькі палітыкі павінны ведаць, што будзе жорсткая барацьба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG