Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі прэм''ер-міністар сустрэўся з А.Мілінкевічам


Аляксей Дзікавіцкі, Падляшша 6 студзеня прэм''ер міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч у межах свайго візыту ў Беласточчыну правёў сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам. Падрабязнасьці перадае наш карэспандэнт у Польшчы.

Сустрэча Казімежа Марцінкевіча з Аляксандрам Мілінкевічам адбылася ў межах наведваньня польскім прэм''ера рэгіёну Падляшша, дзе пражывае вялікая доля этнічных беларусаў.

Прысутнасьць беларускага палітыка і ягоная размова з кіраўніком польскага ўраду выклікалі найвялікшую ўвагу мэдыяў сярод усіх пунктаў праграмы прэм''ера.

Пасьля размовы з Аляксандрам Мілінкевічам падчас прэсавай канфэрэнцыі Казімеж Марцінкевіч заявіў, што Польшча акрамя ўласнага ўдзелу ў дапамозе дэмакратычным пераменам у Беларусі, намагалася і надалей будзе намагацца прыцягнуць увагу да сытуацыі ў суседняй краіне з боку структураў Эўразьвязу, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка.

Казімеж Марцінкевіч адзначыў, што на гэтым тыдні ён падпісаў указ аб выдзяленьні фінансавых сродкаў на тое, каб накіраваць у Беларусь назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары. Прэм''ер Польшчы адзначыў, што лічыць вельмі важным прысутнасьць на выбарах назіральнікаў.

Марцінкевіч заявіў таксама, што для Польшчы вельмі важна, каб у суседняй краіне, зь якой Польшча мае шмат агульнага ў гістарычным і культурным сэнсе, пачаліся дэмакратычныя перамены. Польскі прэм''ер адзначыў, што польская дапамога Беларусі павінна быць доўгатэрміновай і разнаплянавай, датычыць розных сфэраў жыцьця.

Казімеж Марцінкевіч падаў таксама нечаканую інфармацыю. Ён сказаў, што ўжо ў найбліжэйшы час у Польшчы пачне працаваць радыё для Беларусі. Гэта справа бліжэйшых тыдняў, адзначыў кіраўнік польскага ўраду.

У сваю чаргу Аляксандар Мілінкевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што найвялікшай праблемай, якая існуе ў сёньняшняй Беларусі, гэта адсутнасьць незалежнай інфармацыі. Ён заклікаў польскі бок падтрымаць тыя незалежныя беларускія газэты, якія яшчэ засталіся. Таксама А.Мілінкевіч выказаў задаволенасьць той інфармацыяй пра новае радыё, пра якое паведаміў польскі прэм''ер-міністар.

Прысутныя прадстаўнікі беларускай меншасьці адзначылі, што сустрэча польскага прэм''ера з кандыдатам ад апазыцыі мае вялікае сымбалічнае значэньне. Але для беларусаў Беласточчыны можа нават больш істотным было тое, што прэм''ер сёньня ўзяў удзел ва ўрачыстай каляднай вячэры, арганізаванай сябрамі Беларускага саюзу ў Польшчы. Гэта беспрэцэдэнтная падзея ў гісторыі беларускай меншасьці ў Польшчы, адзначылі прадстаўнікі беларускага саюзу.

Гл.таксама • Фотарэпартаж зь Беластоку
XS
SM
MD
LG