Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштавалі камэрцыйнага дырэктара “БелАЗу”


Радыё Свабода Напрыканцы 2005 году быў арыштаваны камэрцыйны дырэктар “БелАЗу” Андрэй Ільянаў. Паводле зьвестак зь міліцыі, камэрцыйнага дырэктара падазраюць у крадзяжы 154 тысяч даляраў ЗША.

У Беларусі арыштаваны чарговы кіраўнік буйнога прадпрыемства. Гэтым разам за краты патрапіў камэрцыйны дырэктар “БелАЗу” Андрэй Ільянаў, ён падазраецца ў крадзяжы вялікай сумы дзяржаўных грошай праз службовае злоўжываньне. Паводле зьвестак прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў, Ільянаву ўжо выставілі абвінавачаньне, яго трымаюць у сьледчым ізалятары Менску. Больш падрабязна пра камэрцыйнага дырэктара “БелАЗу” міліцыя не паведамляе.

Зь іншых крыніцаў стала вядома, што Ільянаў нібыта спрычыніўся да зьнікненьня 154 тысячы даляраў, якія, паводле сьледчых, былі пералічаныя ва Ўкраіну для правядзеньня праверкі абсталяваньня, а насамрэч грошы раскралі. Невядома, аднак, як сам Андрэй Ільянаў ставіцца да абвінавачаньня. Ягоная жонка Ганна Ільянава ад размовы адмовілася, але пацьвердзіла, што муж затрыманы.

Афіцыйныя прадстаўнікі “БелАЗу” 6 студзеня не камэнтавалі зьвестак пра затрыманьне камэрцыйнага дырэктара Ільянава. Намесьнік генэральнага дырэктара Станіслаў Якубовіч, у абавязкі якога ўваходзяць кантакты з мэдыямі, заявіў Радыё Свабода, што яшчэ ня ведае пра затрыманьне міліцыяй свайго калегі. Паводле Станіслава Якубовіча, “БелАЗ” апошнім часам міліцыя з праверкамі не наведвала.

(Якубовіч: ) “Не, зь міліцыі нас ніхто не правяраў. Звычайная працоўная абстаноўка”.

Між тым, супрацоўнікі адміністрацыі заводу кажуць, што да іх ужо дайшлі зьвесткі пра арышт камэрцыйнага дырэктара. Адзін з адказных супрацоўнікаў, які прасіў не называць ягонага імя, сказаў, што ў 2006 годзе на працу Андрэй Ільянаў ужо не зьяўляўся. Самога Андрэя Ільянава гэты чалавек назваў “звычайным кіраўніком”.

Сьледчыя па справе не выключаюць, што да адказнасьці прыцягнуць і іншых кіраўнікоў “БелАЗу”.

У Беларусі рэгулярна арыштоўваюць кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Адных даволі хутка судзяць і адпраўляюць у калёнію, другіх доўга трымаюць пад сьледзтвам, былі рэдкія выпадкі, калі справы закрывалі.

З 2002 году за кратамі знаходзіцца былы генэральны дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў, якога асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня за крадзеж. Паводле суду, Міхаіл Лявонаў скраў некалькі мільёнаў даляраў. Больш за месяц у Вярхоўным судзе Беларусі ідзе працэс над былым кіраўніком Дзяржкамітэту авіяцыі, былым дырэктарам авіярамонтнага заводу Фёдарам Івановым. Яму пагражае да 8 гадоў турмы. Днямі ў Заводзкім судзе Менску пачаўся працэс над былым дырэктарам падшыпнікавага заводу Валерам Пензам і ягонымі намесьнікамі. Больш за год у сьледчым ізалятары трымаюць былога гендырэктара наваполацкага аб’яднаньня “Нафтан” Канстанціна Часнавіцкага, якога падазраюць у хабарніцтве. Год таму быў затрыманы былы дырэктар менскага заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі Міхаіл Крывамазаў, якога праз два тыдні вызвалілі, зьняўшы зь яго абвінавачаньні. Быў асуджаны, а потым амніставаны былы дырэктар аб’яднаньня “Атлянт” Леанід Калугін. Летась пры канцы году стала вядома, што Леанід Калугін прыняў манаскі пострыг.
XS
SM
MD
LG