Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваслаўныя беларусы адзначаюць Сьвяты вечар


Кастусь Бандарук, Прага 6 студзеня хрысьціяне, якія прытрымліваюцца старога юліянскага каляндару, адзначаюць Сьвяты вечар напярэдадні вялікага сьвята Раства Хрыстовага. Разам са зьяўленьнем першай зоркі на небе, таксама і беларусы – праваслаўныя ды грэка-каталікі – ядуць урачыстую вячэру Куцьцю. У краінах былога Савецкага Саюзу, пасьля дзесяцігодзьдзяў засільля атэізму, калядныя хрысьціянскія традыцыі паступова адраджаюцца.

Большасьць з 15 аўтакефальных і трох аўтаномных праваслаўных цэркваў перайшлі на нэаюліянскі каляндар, які супадае з заходнім грыгарыянскім і адзначаюць Раство Хрыстовае 25 сьнежня. Аднак па-ранейшаму прытрымліваюцца старога календару праваслаўныя цэрквы ў Беларусі, Расеі, ва Ўкраіне, на Сьвятой Зямлі і Гары Афон.

У праваслаўнай традыцыі сьвяту папярэднічае 40-дзённы “філіпаўка”. Ён заканчваецца урачыстай, але поснай вячэрай. Асноўнай стравай зьяўляецца куцьця, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае "вараная пшаніца". Куцьцю гатуюць пераважна зь ячменнай кашы з дадаткам маку, мёду, разынак і арэхаў.

За сьвяточным сталом, пры елцы вернікі сьпяваюць калядкі, лірычныя, набожныя песьні, пераважна плён народнай творчасьці, у якіх ў простай, зразумелай форме расказваецца пра Хрыстовае нараджэньне ў Бэтлееме, акалічнасьці і значэньне гэтай падзеі.

Што тычыцца Расеі, дык з часоў Кастрычніцкага перавароту 1917 году, Раство Хрыстовае, незалежна ад календара, было амаль поўнасьцю выціснутае з культуры і штодзённага жыцьця. Раство замяніў Новы Год, калядная ёлка стала “навагодняй елкай”, а Сьвятога Мікалая, вядомага ў заходніх краінах як Санта Клаўс, які прыносіць калядныя падарункі замяніў Дзед Мароз і Сьнягурачка.

Навязаная ў рамках барацьбы з рэлігіяй сьвецкая традыцыя надзвычай лёгка прынялася і моцна ўкаранілася ў побыце ды сьвядомасьці жыхароў былога Савецкага Саюзу. Асабліва расейцы адзначаюць Новы Год надзвычай шумна і весела, як галоўнае гадавое сьвята. Для пераважнай большасьці расейцаў, сьвята працягваецца як мінімум дзесяць дзён, ад Новага Году да праваслаўных Калядаў, і ў многіх выпадках гэта – бясконцыя застольлі і выпіўка, ад якіх шмат працы мае хуткая дапамога.

Царква спрабуе аднавіць калядныя традыцыі і сапраўдны сэнс Раства Хрыстовага, і ў апошнія гады гэта дае некаторы плён. Расчараваныя мішурой і гандлёва-забаўляльным характарам сьвята пазбаўленага ўсялякай сьвятасьці, людзі паступова ўсьведамляюць, што яны насамрэч сьвяткуюць і зьвяртаюцца да рэлігійнай сутнасьці Раства Хрыстовага.
XS
SM
MD
LG