Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці змогуць дэмакратычныя сілы назіраць за выбарамі?


Радыё Свабода Незалежныя назіральнікі пачалі маніторынг прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, але заяўляюць, што іх магчымасьці ў гэтай кампаніі зноў будуць абмежаваныя.

Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, заканадаўства адносна назіраньня за выбарамі не памянялася. Накіраваць сваіх назіральнікаў у камісіі змогуць грамадзкія аб’яднаньні і партыі, якія афіцыйна зарэгістраваны — адпаведны сьпіс Мін’юст даслаў у ЦВК. А грамадзкая ініцыятыва “Партнэрства”, якой улады нават не дазволілі правесьці ўстаноўчага сходу, паводле спадара Лазавіка, “па-за законам”. Мікалай Лазавік заяўляе: ужо трэба вызначацца наконт формы працы назіральнікаў.

(Лазавік: ) “Гэта не азначае, што яны маюць права кантраляваць дзейнасьць апарату камісіяў, патрабаваць нейкія дакумэнты. Назіральнікі не ўпаўнаважаныя ажыцьцяўляць такую дзейнасьць. Ну, а “Партнэрства” ледзь не дыктаваць свае правілы спрабавала”.

Паводле сакратара ЦВК, заяўкі на назіраньне ўжо паступаюць у тэрытарыяльныя камісіі. Напрыклад, на Гомельшчыне ёсьць 53 назіральнікі ад БРСМ, Саюзу жанчын, аб’яднаньня вэтэранаў, фэдэрацыі прафсаюзаў, працоўных калектываў і грамадзянаў.

Дэмакратычныя сілы маюць меншыя магчымасьці арганізаваць маштабнае назіраньне. Сябры ініцыятывы “Партнэрства” ад яго адмовіліся. Паводле юрыста Валянціна Стэфановіча, у Беларусі не засталося грамадзкіх аб’яднаньняў, а дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў цягне крымінальную адказнасьць.

(Стэфановіч: ) “Вельмі шмат хто страціў веру ў інстытут назіраньня ў прынцыпе ў нашай краіне. Таму што яно абсалютна не выконвае тых функцыяў, якія павінна выконваць, акрамя фіксацыі парушэньняў. А прадухіленьне менавіта фальшаваньняў — яно гэтай функцыі не выконвае, паколькі магчымасьці назіральніка вельмі малыя, і, фактычна, ён ня мае доступу да асноўных элемэнтаў кампаніі. Я маю на ўвазе падлік галасоў”.

БХК рыхтуе адмысловы даклад наконт маніторынгу выбараў, аднак старшыня Тацяна Процька мяркуе, што Беларускі Хэльсынскі камітэт можа спыніць сваю працу з-за судовага перасьледу. Таму невядома, ці будзе магчымасьць скіраваць назіральнікаў у выбаркамы.

(Процька: ) “Калі мы яшчэ застанемся да таго часу, гэта будуць назіральнікі ад БХК. Мін’юст можа вынесьці рашэньне аб закрыцьці арганізацыі ў любы момант”.

Праваабарончы цэнтар “Вясна” назірае за выбарамі, нягледзячы на пазбаўленьне афіцыйнай рэгістрацыі. Першая частка маніторынгу неўзабаве зьявіцца ў Інтэрнэце. У штабах прэтэндэнтаў на кандыдата заяўляюць, што назіральнікі ў выбаркамы будуць накіраваныя масава — ад апазыцыйных палітычных партыяў і шляхам збору подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG