Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і як трымае перадкалядны пост?


Радыё Свабода У вернікаў праваслаўнай царквы 6 студзеня — апошні дзень перадкаляднага посту. Ці трымаеце вы пост? Адказвалі на гэтае пытаньне вернікі ля менскіх цэркваў.

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня апошні дзень перадкаляднага посту, ці трымаеце вы пост?”

(Спадар: ) “Сёньня я трымаю, спавядаўся, прычашчаўся. Але на Новы год парушыў быў, на гэтае сьвята. Слава Богу!”

(Спадарыня: ) “Канечне. Я калі ўпершыню сюды прыйшла ў царкву, у мяне вельмі сьветла было на душы, але раптам адчула ўсё, што зьела падчас посту. Таму цяпер я стараюся выконваць гэты запавет — пасьціць. І мне рабіць гэта лёгка і проста”.

(Спадар: ) “Пост гэта, канечне, унутранае дзеяньне. Бо ня ў кожнага чалавека з розных абставінаў атрымліваецца пасьціць”.

(Карэспандэнтка: ) “А ў вас асабіста атрымліваецца?”

(Спадар: ) “Бог дае шляхі, каб аднаўляць гэты прабел — можа, не праз харчаваньне, дык праз утрыманьне ад спакусаў, як гэта кажуць у царкоўным сьвеце”.

(Спадарыня: ) “Не атрымліваецца, бо гэта трэба зьесьці капусты, агурка з бульбачкай, а я не магу. Напрыклад, я сёньня ела грэцкую кашу з маслам, а калі ўжо пасьціць, дык кажуць, што і масла няможна. Дык у мяне не атрымліваецца пасты гэтыя захоўваць. Сёньня ўжо блінчыкі зь мясам сваім буду гатаваць — у мяне муж, і сын яшчэ халасьцяк. Ну, і яшчэ што-небудзь, паглядзім”.

(Спадар: ) “На гэта трэба мець жаданьне і любоў да кожнай працы. А праца — гэта і ёсьць пост і малітва”.

(Карэспандэнтка: ) “А як было на Новы год?”

(Спадар: ) “На Новы год — селядзец, іншая рыба, розныя салаты, і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Калі шчыра, то не, не атрымліваецца. У мяне такая праца, што трэба паесьці”.

(Юнак: ) “Ну, я спрабаваў трымаць пост, але я трымаў свой пост — не такі, як трымаюць вернікі. Ну, да прыкладу, ня піць, не паліць у гэты час. Мне сказалі, што гэта таксама годны пост. У кожнага свой пост”.

(Карэспандэнтка: ) “Атрымліваецца?”

(Юнак: ) “Ну, атрымалася”.

(Карэспандэнтка: ) “А на Новы год як?”

(Юнак: ) “Ну, а на Новы год крыху парушыў. Моцна ня піў, канечне, але крыху. Бо паныласьць на сьвята таксама лічыцца вялікім грахом. Ну і вось, каб не сумаваць, трэба было крыху”.

(Спадарыня: ) “Па магчымасьці. Як магу так, так і трымаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А на Новы год удавалася трымаць ці не?”

(Спадарыня: ) “Крыху грашылі. Канечне, грашылі”.

(Юначка: ) “Гэта ж Новы год”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG