Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як зьбіраюць подпісы ў рэгіёнах Гарадзеншчыны?


Радыё Свабода Зборшчыкі подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў наракаюць на цяжкасьці і перашкоды, але паўсюль сустракаюць і падтрымку ад выбаршчыкаў, і іх цікаўнасьць да таго, што адбываецца.

Андрэй Шадура, кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча на Астравеччыне, распавёў, што, акрамя іх групы, подпісы ў раёне зьбіраюць за Аляксандра Лукашэнку і Аляксандра Казуліна. Як правіла, за Мілінкевіча ахвотна падпісваюцца людзі маладога веку — прычым, і ў горадзе, і ў вёсках. Тыя, хто займае пасады на дзяржаўнай службе, ставяцца да зборшчыкаў ветліва, але сваіх подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў ня ставяць. Кажа Андрэй Шадура:

(Шадура:) “30% людзей наагул дэзарыентаваныя: усяго баяцца. А вось маладзейшыя, 30—40 гадоў, без усякіх пытаньняў падпісваюцца за Мілінкевіча. Ёсьць яшчэ тут такія людзі, якія працуюць на мытні, у выканкаме — дык яны ўвогуле ўсяго як агня баяцца. Але ўсё роўна адчыняюць дзьверы, паводзяць сябе ветліва, толькі ніколі ня будуць падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў”.

У Іўеўскім раёне пакуль зьбіраюць подпісы дзьве групы: за Аляксандра Лукашэнку і за Аляксандра Мілінкевіча. Натальля Задарожана, якая зьбірае подпісы за Мілінкевіча, кажа, што людзі яе і ейных сяброў сустракаюць па-рознаму — хто прыязна, а хто амаль варожа. Кажа Натальля Задарожана:

(Задарожана: ) “Людзі па-рознаму ставяцца. Некаторыя і наагул у штыкі нас успрымалі. У Іўі ідзе такая агітацыя: толькі за Лукашэнку, і ўсё”.

У Ашмянах збор подпісаў за А.Мілінкевіча асабліва актывізаваўся пасьля таго, як раздалі людзям “Народную Волю”, у якой шмат інфармацыі пра ягоную асобу. Прычым, на рынках бралі дзясяткі асобнікаў газэты, каб раздаць суседзям на вуліцы. Кажа Пётра Явідовіч, кіраўнік штабу Мілінкевіча ў Ашмянскім раёне:

(Явідовіч: ) “Цяпер нейкая новая хваля пайшла, і хлопцам стала лягчэй подпісы зьбіраць. Зьявілася інфармацыя ў “Народнай Волі”. Гэта вельмі добра, бо адчуваецца, што ў людзей існуе інфармацыйны голад”.

У Карэліцкім раёне зборшчык подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча Мікалай Русецкі адзначае, што многія людзі запалоханыя, многія – абыякавыя, але калі размаўляць, тлумачыць, то агульную мову знайсьці можна:

(Русецкі: ) “Узяць, да прыкладу, прадпрымальнікаў. Яны бралі крэдыты ў банку і баяцца: калі на іх пачнуць ціснуць, то яны могуць страціць усё. Але, у прынцыпе, людзі праяўляюць актыўнасьць. Асабліва, калі зь імі заводзіш гаворку пра палітыку — цікава людзям”.
XS
SM
MD
LG