Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе збор подпісаў у вёсках


Радыё Свабода У Беларусі каля 29 працэнтаў насельніцтва – вяскоўцы. Паколькі гараджанаў больш, то ініцыятыўныя групы, паводле іх кіраўнікоў, арыентуюцца найперш на гарады. Ёсьць і іншыя акалічнасьці, якія ўплываюць на паводзіны зборшчыкаў.

Гаворыць кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча па Менскай вобласьці Пётар Голасаў:

(Голасаў: ) “Мы, безумоўна, асноўную стаўку робім на збор подпісаў у гарадах, буйных і сярэдніх, але значную ўвагу ўдзяляем збору подпісаў і ў сельскай мясцовасьці. Я павінен сказаць, што ў гарадах лягчэй працаваць, чымсьці ў вёсцы. І, відаць, адбіваецца там неяк адміністратыўная залежнасьць сялян, а таксама можа абмежаванасьць у інфармацыі”.

Віктар Дашкевіч жыве на Капыльшчыне, у вёсцы Калодзезнае. Паводле яго досьведу, зборшчыкаў подпісаў за апазыцыйных лідэраў на вёсцы чакаюць складанасьці:

(Дашкевіч: ) “Будуць падпісвацца, але вельмі-вельмі мала. Толькі тыя, хто мае такі ж настрой, як я. Нават добра знаёмыя мне людзі, якія мяне ведаюць, і я іх ведаю, з задавальненьнем паставілі б свой подпіс, але баяцца. У нас вось ідзе збор подпісаў за дзейнага прэзыдэнта. Я пытаюся: “Ці былі ў вас?” “Так, былі, ужо запісвалі”.”Вы падпісаліся?” “Вядома, падпісаліся”. Я кажу ім: “Майце на ўвазе, што падпісвацца вы можаце за ўсіх васьмярых”. “Не, мы за іх ня будзем – мы іх ня ведаем”. Інфармацыі зусім няма. Толькі ведае яе той, хто хоча ведаць. А шараговыя людзі ня маюць ніякай інфармацыі”.

Дарэчы, ураджэнцам Капыльшчыны зьяўляецца адзін зь цяперашніх прэтэндэнтаў на прэзыдэнта – акадэмік Аляксандр Вайтовіч. Аднак, паводле спадара Дашкевіча, тутэйшыя вяскоўцы альбо гэтага ня ведаюць альбо таксама асьцерагаюцца падпісвацца за яго.

На Вілейшчыне дэмакраты-актывісты ўжо сабралі некалькі соцень подпісаў, большасьць якіх належыць жыхарам райцэнтра. Кіраўнік мясцовай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімір Малярчук верыць, што й сярод вяскоўцаў удасца знайсьці падтрымку:

(Малярчук: ) “Так, вядома – магчыма, яны прыхільнікі Лукашэнкі, магчыма яны скрытыя, бо на вёсцы людзі ня любяць сябе раскрываць так, як у горадзе. Людзі патаемныя. Але тут магчымасьці даволі такі вялікія. І людзі, наадварот, мне ўжо телефанавалі: ці прыеду да іх зьбіраць подпісы?”
XS
SM
MD
LG