Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палешукі больш успрымальныя да камуністычных заклікаў?


Валер Каліноўскі, Менск Стогадовы юбілей польскага этнографа і сацыёляга Юзэфа Абрэмбскага, вядомага клясычнымі працамі аб даваенным Палесьсі, польская навуковая супольнасьць адзначыла сьціпла – навуковай канфэрэнцыяй і кнігай ягоных твораў пад назвай “Цяперашнія людзі Палесься”. Гэтае першае пасьля вайны выданьне прац навукоўца, які з канца саракавых і да сваёй сьмерці ў 1967 годзе жыў у ЗША. Там жа засталіся багатыя архівы ягоных экспэдыцый на Палесьсе. Цяпер вядзецца іх апрацоўка з мэтай публікацыі буйнога зборніка спадчыны навукоўца, у тым ліку і ў Беларусі.

Юзаф Абрэмбскі пакінуў адну з самых багатых калекцыяў даваенных фотаздымкаў, што паходзяць з тэрыторыі сучаснай Беларусі – больш за тысячу нэгатываў захоўваюцца ў ЗША, ва ўнівэрсытэце Масачусэтса, як і тысячы старонак рукапісу, машынапісу. Юзаф Абрэмбскі ажыцьцявіў комплексныя этнасацыялягічныя экспэдыцыі на Палесьсе ў 1934 –37 гадах.

Палесьсе і цяпер прываблівае да сябе дасьледчыкаў як незвычайны, багаты на рарытэты край. Да вайны ж гэты глухі куток Эўропы лічыўся сапраўднай экзотыкай. Па выніках сваіх дасьледаваньняў Абрэмбскі напісаў некалькі грунтоўных прац: “Сучасныя людзі Палесься”, “Этнічная праблема Палесься”, “Архаічнае Палесьсе”, “Школа на Палесьсі”. У адной зь іх прафэсар Абрэмбскі падае такі сьпіс рысаў, якія характарызуюць палешукоў:

“Асаблівы пакрой і ўпрыгожваньне сукняў, звычай абразаньня касы замужнім жанчынам, мужчынская чатырохкутная шапка ці казырок, старадаўняе жаночае пакрыцьцё галавы, вядомае пад назвай намітка, лапці, плеценыя выключна з кары, а не з канапляных шнуроў, нарэшце палескія асаблівасьці гаворкі”.

Сучасны польскі этнограф Анна Энгелькінг праз 60 гадоў пасьля Абрэмбскага з групай студэнтаў Варшаўскага унівэрсытэту зноў прайшла экспэдыцыяй па вёсках, дзе быў Юзаф Абрэмбскі. Спадарыня Энгелькінг да рысаў цяперашніх палешукоў аднесла: захаваньне традыцыйнай культуры, культу памерлых, жаночай субкультуры, зьвязанай з ткацтвам, фальклёр:

(Энгелькінг: ) “Падобна таксама, як натаваў Абрэмбскі, і я цяпер не сказала б пра нейкае пачуцьце “палескасьці” ці рэгіянальнай палескай сувязі. Чагось такога няма. Моцная на Палесьсі сувязь з уласнай вёскай, з уласным родам, з групай вёсак, але не з Палесьсем як такім. Палешукі цяпер моцна ідэнтыфікуюць сябе з Беларусьсю”.

На думку спадарыні Энгелькінг, Юзаф Абрэмбскі стаў разбуральнікам тагачасных мітаў пра гэты край, паказаў як палеская вёска хутка мяняецца і мадэрнізуецца, як распадаюцца патрыярхальныя сем’і, гаспадарка і побыт. Сярод стэрэатыпаў палешукоў 20-30 гадоў Абрэмбскі адзначыў іх прыхільнасьць да камуністычных заклікаў. Ён вязаў гэта з досьведам часоў бежанства пад час першай сусьветнай вайны, калі людзі масава выехалі ўглыб Расеі, вярнуліся пасьля тамтэйшых рэвалюцыйных падзеяў ды патрапілі пад уплыў прапаганды КПЗБ.

(Энгелькінг: ) “Як дасьледчык ён занатаваў папярэднія фазы тых працэсаў, якія пазьней разьвіліся, у пэўным сэнсе ён гэта прадказаў, зазначаючы ў пачатку 30-х гадоў, што гэта моцнае, і што польская дзяржава не можа замірыць такіх ідэяў і жаданьняў, паказаў, што гэта мае вялікія шанцы, і так сталася праз некалькі год”.

Анна Энгелькінг пад час сваіх экспэдыцый сьлядамі Абрэмбскага ў 90-х гадах знайшла жывых сьведкаў працы там прафэсара Абрэмбскага:

(Энгелькінг: ) “У адной вёсцы нам паведамілі, што так, тут быў перад вайной пан, які на вясельлі фатаграфаваў і запісваў. У іншай вёсцы нам казалі, што так, прыяжджала сюды перад вайной такая экскурсія з сакваяжамі”.

Супрацоўніца Польскай акадэміі навук Анна Энгелькінг перакананая, што вялікі архіў спадара Абрэмбскага і ягоныя працы, завершаныя і не, маюць вялікае навуковае значэньне, яны ўнікальныя, у тым ліку і таму, што ён змог іх зьберагчы ў пажарах вайны. Спадарыня Энгелькінг рыхтуе 600-старонкавы том прац Абрэмбскага аб Палесьсі, і спадзяецца праз год-паўтара яго выдаць і ў Польшчы, і ў Беларусі. Зараз яна вядзе перамовы на гэты конт з выдавецтвам “Беларускі кнігазбор”.
XS
SM
MD
LG