Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Бусел – інтэлектуал зь вёскі Дуброва


Севярын Квяткоўскі, в. Дуброва, Сьветлагорскі раён Ноўтбук, радыёпрымач і вілы – вось асноўныя прылады жыцьцядзейнасьці вясковага настаўніка Міколы Бусела. Працоўны кабінэт у хаце застаўлены сотнямі кніжак, у школе дзеці радуюцца ўрокам нязлога вясёлага настаўніка, а на падворку чакае штодзённая сялянская праца. Імя Міклы Бусела добра вядомае слухачам Радыё Свабода, чытачам газэты “Наша Ніва”, а таксама многім чыноўнікам усіх рангаў – раённым, і сталічным. Як жыве ў тыповай вёсцы чалавек, што валодае сямю мовамі, марыць пра свабодную Беларусь пад знакам “Пагоні” і мае вялікі імпэт да грамадзкай справы?

(Карэспандэнт: ) “Я ў вёсцы Дуброва. Дом настаўніка Міколы Бусела тут ведае практычна кожны, бо асоба надта прыкметная. Тут у вёсцы бяруцца два дзяржаўныя тэлеканалы, няма інтэрнэту і мабільнай сувязі. З шасьцісот жыхароў больш за чвэрць – пэнсіянэры, а ў школе вучыцца менш за сто дзетак”.

(Дзеці: ) “Настаўнік харошы, харошаму вучыць. Казкі часам расказвае. Не крычыць ніколі на нас. Ацэнкі стаўле па справядлівасьці”.

(Карэспандэнт: ) “А вы не хуліганіце ў яго на ўроках?”

(Дзеці: ) “Не-а… Ну, калі трохі пахуліганім, дык скажа – сядзьце, расказвайце што-небудзь. А так ён не строгі, харошы настаўнік”.

(Бусел: ) “Школа ж не казарма, ня трэба быць строгім. Дзеці прыйшлі не для таго, каб іх ушчувалі, дзеці прышлі, каб іх вучылі. На што рабіць катавальню для дзяцей?”

Мікола Бусел выкладае ў школе ангельскую мову. Невялікага росту, энэргічны, Мікола Бусел вылучаецца сярод вяскоўцаў “інтэлігенцкай” бародкай, шчырасьцю выказваньняў, а таксама вялікай бел-чырвона-белай налепкай на сваім настаўніцкім “дыплямаце”.



Пра сваіх калегаў па школе Спадар Бусел гаворыць стрымана і далікатна. А вось пра сучасных настаўнікаў наогул мяркуе наступнае:

(Бусел: ) “Я бачу вялікую хібу ў тым, што нашыя настаўнікі, яны ня ведаюць моваў. І таму яны падпадаюць толькі пад адну плыню – дзяржаўную ідэалёгію. Яны як той вятрак – куды падзьме, туды яны кіруюцца, ім усё добра”.

Міколу Бусела калегі паважаюць, але таксама азываюцца стрымана: адчуваецца атмасфэра страху. Вось словы колішняга вучня спадара Бусела, а цяпер завуча, які назваўся Ўладзімерам Уладзімеравічам:

(Завуч: ) “Мікола Клімавіч вельмі кампэтэнтны ў сваёй справе чалавек. Ён эрудыт, шырокаадукаваны. Актыўны грамадзкі дзеяч. Па ідэі, такіх людзей мала, якія маюць актыўную грамадзянскую пазыцыю. Не абыякавы да жыцьця мясцовасьці, штосьці клапоціцца”.

Упартасьць Міколы Бусела ў вырашэньні мясцовых праблемаў часам дае плён. Так два гады таму, настаўнік вымусіў мясцовыя ўлады выплаціць дубровенцам запазычанасьці па заробках. Парадокс стаўленьня вяскоўцаў да асобы спадара Бусела ў тым, што большасьць паважае яго як прафэсіянала і змагара за правы людзей, але не прымае ягоных палітычных перакананьняў. Найперш гэта датычыць пэнсіянэраў:

(Пэнсіянэр: ) “Ведаем ад душы: чалавек пуцёвы, граматны. Але… Калі па лініі партыі – саўсім дурны. Проці Лукашэнкі ўсягда абзывае непячатнымі словамі. Калі па лініі обшаства – яго усе паважаюць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Не магу сказаць пра яго нічога дрэннага, дзядзька разумны. Але чамусьці яму не падабаецца наш прэзыдэнт. А нам ён вельмі падабаецца – прэзыдэнт наш. Ён дзержыць нас на сьвеце, клапоціцца пра людзей”.

Мікола Бусел ня толькі не хавае палітычныя погляды – актыўна дэкляруе сваю пазыцыю. Ці не баіцца вясковы настаўнік перасьледу? Напрыклад, згубіць кантракт?

(Бусел: ) “А мне ўжо не пагражае. Справа ў тым, што я сабе ўжо зарабіў пэнсію, і магу хоць сёньня пайсьці на пэнсію. Таму я спакойна сябе адчуваю”.

“А нават і так, са сваімі ведамі я б знайшоў сабе працу”, – дадае настаўнік.

Зрэшты, за дзень майго візыту ў недалёкім Сьветлагорску ў адзінадумцаў Міколы Бусела КГБ рабіла ператрус. Акурат, калі мы пазнаёміліся, у Беларусі прынялі закон пра крымінальную адказнасьць за “паклёп на Рэспубліку Беларусь”, які праваабаронцы параўналі са сталінскім артыкулам “за здраду радзіме”.

***

Мікола Бусел – эрудыт, лінгвіст – ведае ангельскую, гішпанскую, італьянскую, францускую ды іншыя мовы. Кабінэт Міколы Бусела застаўлены і завалены кніжкамі самага рознага кшталту. Але найперш па сучаснай гісторыі і па філялёгіі. Спадар Бусел наракае, маўляў, беларускія гісторыкі зашмат надаюць увагі старажытнасьці. А на сучасную гісторыю вучні вымушаныя глядзець вачыма савецкіх і расейскіх дасьледчыкаў. Ці ёсьць у Дуброве людзі, зь якімі Мікола Бусел мог бы падыскутаваць на тэмы сваіх захапленьняў?

(Бусел: ) “Людзей, якія б мелі падобныя погляды ці зацікаўленьні тут няма”.

Як чалавек кіпучай творчай і грамадзкай энэргіі выходзіць з сытуацыі? Мікола Бусел піша лісты. Эпісталярную творчасьць дубровенскага настаўніка можна ўмоўна падзяліць на дзьве часткі. Лісты ў незалежныя беларускія мэдыі з мовазнаўчымі і грамадзка-палітычнымі камэнтарамі. А па-другое, лісты ў дзяржаўныя ўстановы ўсіх узроўняў. Напрыклад, у Сьветлагорскую адміністрацыю з пытаньнем калі нарэшце ў Дуброве адрамантуюць лазьню. Альбо міліцэйскаму міністру спадару Навумаву з пытаньнем, чаму сьветлагорскія міліцыянты кепска валодаюць беларускай мовай.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ў вас за год атрымліваецца адправіць лістоў?

(Бусел: ) “За год?.. Сотні дзьве”.

Зрэшты, Мікола Бусел не такі самотны са сваімі поглядамі ў вёсцы. Кажучы пра адсутнасьць аднадумцаў, мой суразмоўца мае на ўвазе сталых дарослых жыхароў Дубровы. А вось словы аднаго зь колішніх вучняў Міколы Бусела – Алеся Мазура:

(Мазур: ) “Самастанаўленьне, разуменьне што такое Беларусь адбылося акурат у школе. У 1989 годзе Мікола Бусел даў мне пачытаць кніжку Вацлава Ластоўскага “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” ды іншую літаратуру, якая ўласна паўплывала на стварэньне майго сьветапогляду. Праз Міколу я пачаў слухаць беларускую “Свабоду”, "Бі-Бі-Сі" ды іншыя станцыі. Дастаткова шмат ягоных колішніх вучняў цяпер актывісты грамадзкага руху”.

Як і ў савецкія часы, Мікола Бусел не глядзіць тыя два дзяржаўныя тэлеканалы, што ідуць у Дуброве. Настаўнік плянуе з часам набыць сабе сатэлітавую антэну. А пакуль спадар Бусел усю неабходную інфармацыю атрымлівае праз кароткія хвалі: слухае па-ангельску Бі-Бі-Сі, па-гішпанску радыё Мадрыд, але найперш беларускую службу Радыё Свабода:

(Карэспандэнт: ) “Ці часта слухаеце Радыё Свабода? ”

(Бусел: ) “Увесь час. І ўраньні, і вечарам”.

(Карэспандэнт: ) “Ці добра бярэцца?”

(Бусел: ) “Як калі”.

Мікола Бусел мяркуе, што ён не адзін такі слухач, для каго важныя кароткія хвалі. З дзьвюх соцень лістоў за год добры тузін спадар Бусел кіруе на адрас Радыё Свабода:

(Бусел: ) “Я слухаю, і чую, што туды (на Радыё Свабода) пішуць і тэлефануюць вельмі разумныя людзі. І гэта вельмі важна, што адныя разумныя людзі ведаюць, што ёсьць іншыя разумныя людзі. Зваротная сувязь павінна быць, і людзі павінны ведаць, што яны не адныя. Гэта вельмі важна”.

***

Як кожная вясковая сям’я, Буселы трымаюць хатнюю птушку, гадуюць вепрука і даглядаюць гарод. Але спадар настаўнік хаце ў бы зарабляць адно са сваіх ведаў, а гаспадарку трымаць не вымушана, а толькі дзеля ўласнага задавальненьня. У рэальнасьці заробак вясковага настаўніка такой “раскошы” не дазваляе. Я запытаўся, ці не было ў Міколы Бусела жаданьня зьехаць зь вёскі, застацца ў Менску па заканчэньні інстытуту замежных моваў? Застацца сярод выгодаў цывілізацыі і шырокага кола для камунікацыі?

(Бусел: ) “Я не хацеў бы мець сваім асяродкам расейскамоўнае. Вось так! Я не хацеў бы жыць у асяродку людзей, якія ствараюць мне дыскамфорт у маіх моўных паводзінах”.

***

Мікола Бусел нарадзіўся ў Дуброве. Настаўнічае 32 гады – большую частку ў роднай вёсцы. Мае жонку Надзею. Спадарыня Бусел таксама настаўнічае ў Дубровенскай школе – выкладае матэматыку. У сям’і Буселаў дзьве дачкі і сын. У час майго візыту ў Дуброву да бацькоў прыехаў Клім, які цяпер вучыцца ў Менску.

(Клім Бусел: ) “Мне заўсёды даводзілася сачыць за сабою. За сваімі паводзінамі, за сваімі дзеяньнямі. Бо бацькі настаўнікі, усе іх ведаюць, і яны былі ў курсе ад іншых настаўнікаў тых падзей, што адбываліся са мною. Таму я заўсёды адчуваў сябе, так бы мовіць, “пад каўпаком”.



У Менску Клім Бусел актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці:

(Клім Бусел: ) “Некаторыя сябры мае заўважаюць маё асаблівае выхаваньне, якое я атрымаў ад мамы, ад бацькі. Натуральна бацька на мяне паўплываў: на маю грамадзкую пазыцыю, на сьветагляд”.

Клім названы на гонар свайго дзеда. Мікола Бусел пра сваіх бацькоў гаворыць зь вялікай пашанай:

(Бусел: ) “Я нарадзіўся ў нестандартнай сям’і – мае бацькі былі баптыстамі. Набажэнствы ладзіліся ў нас у хаце. Да нас прыходзілі вельмі дастойныя, вельмі разумныя людзі. Яны захапілі ладны кавалак дарэвалюцыйнага жыцьця, бачылі станаўленьне бальшавіцкага рэжыму. Яны разумелі, што ня могуць супраць яго зрабіць. Але яны разумелі, што гэта ненармальна, супраць боскіх парадкаў. Я – малы – слухаў іхныя размовы, і, безумоўна, гэта адклала адбітак на мяне. Той, хто ня жыў у такіх сем’ях, у іх іншы лёс”.

Мікола Бусел ніколі ня быў партыйцам. Ён прыгадвае, як ужо у інстытуце займеў першыя праблемы з уладамі. Яго ледзь не пад канвоем пацягнулі першы раз галасаваць, як у войску ён на вачох у камандзіра прагаласаваў супраць усіх, і як п’яны аднасельчанін прызнаваўся, што прыстаўлены КГБ сачыць за настаўнікам.

Настаўнік прыгадвае гісторыю, як ад імя вяскоўцаў напісаў ліст у Вярхоўны Савет пра кепскія дарогі, нерэгулярную дастаўку газу ды іншыя падобныя праблемы. Падпісалася 160 чалавек.

Сьледам быў допыт у КГБ.

(Бусел: ) “Я гавару, дык што там ня правільна напісана?” – “Усё правільна, але мы можам павярнуць і так, і гэтак. Дык вось, твой бацька баптыст, скажы нам колькі людзей да яго ходзіць, і чым яны там займаюцца. Ты настаўнік, і мусіш нам дапамагаць”. Я пайшоў, і напісаў заяву на звальненьне”.

Міколу Бусела ня звольнілі: не было фармальных падставаў. Да таго ж, настаўнік меў высокі прафэсійны і маральны аўтарытэт сярод вяскоўцаў. Названыя акалічнасьці, а таксама прыродны аптымізм і вера ў шанцунак дазволілі Міколу Буселу нават у савецкія часы заставацца самімі сабою, і цяпер прыгадваць мінулае з жартамі, а пра КГБ адгукацца зь іроніяй:

(Бусел: ) “Калі б я прыйшоў да ўлады, я б загадаў кагэбістам вярнуць усю зарплату: яны ня справіліся з рольлю “сабакі на сене”.

А цяпер зьвернемся да чалавека, які заўжды побач зь Міколам Буселам. Жонка Надзея зь меншым гумарам прыгадвае мінулае.

(Карэспандэнт: ) “Ці цяжка жыць з грамадзкаактыўным чалавекам?”

(Надзея Бусел: ) “Цяжка. Бо многа цяпер несправядлівасьці. Многа мне даставалася празь яго. Асабліва з боку мясцовай адміністрацыі. Наведвалі мае ўрокі, увесь час мяне “скланялі”… Прэмію давалі мінімальную. Нашы двое дзяцей вучыліся, мы так цяжка жылі праз гэта”.

Але словы пра свайго мужа Надзея Бусел падсумавала так:

(Надзея Бусел: ) “Я увесь час буду за яго заступацца, і ўвесь час буду побач зь ім”.

А сам герой рэпартажу сваё няўрымсьлівае жыцьцё тлумачыць наступным чынам:

(Бусел: ) “Заўсёды трэба памятаць закон Ньютана – сіла дзеяньня роўная сіле супрацьдзеяньня. І якая б маленькая сіла ўзьдзеяньня не была, яна заўсёды ёсьць, і аказвае ўзьдзеяньне. Таму – ніякая дзеяньне ўлады не павінна застацца без рэакцыі”.

***

Напрыканцы яшчэ раз пра Мікролу Бусела словамі дубровенскай пэнсіянэркі:

(Пэнсіянэрка: ) “Ён разумны, газэту выпускае “Дубровенскі настрой”. Рэкляміруе яе, людзям у скрыні кідае”.

“Ніхто ня можа сьцьвердзіць хто выпускае і раскідае па скрынях “Дубровенскі настрой”, – камэнтуе словы бабулькі настаўнік, і пасьміхаецца.

У бюлетэні падаецца альтэрнатыўны, адрозны ад афіцыйнай прапаганды погляд на палітычныя падзеі ў Беларусі.

Мікола Бусел не адзіны ў сваёй мясцовасьці, што да палітычных і жыцьцёвых поглядаў. Настаўнік намякае – ёсьць талковыя хлопцы. Але, маўляў, пакуль ня будзьма афішаваць іхныя імёны, бо час бальшавікоў яшчэ ня скончыўся.

А на разьвітаньне Мікола Бусел сказаў – "трымайцеся там у Менску!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG