Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі некаторыя пачалі збор подпісаў толькі цяпер


Радыё Свабода У Гомелі з прычыны сьвятаў некаторыя ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта толькі цяпер пачалі збор подпісаў за сваіх лідэраў. Гэта, у прыватнасьці, каманды Зянона Пазьняка, Сяргея Гайдукевіча, Валерыя Фралова.

У штабе абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі яшчэ сёньня выдавалі зборшчыкам подпісаў адпаведныя пасьведчаньні ды падпісныя лісты за Сяргея Гайдукевіча. Распавядае кіраўніца рэгіянальнай арганізацыі ЛДП Вольга Ігнаценка:

(Ігнаценка: ) “Зборшчыкі настроены па-баявому. Вось адгулялі сьвяты, прыбеглі ўсе атрымліваць пасьведчаньні — і бягом зьбіраць подпісы. Самы актыўны горад — гэта Жлобін. На сёньня яны ўжо сабралі больш за 2000 подпісаў”.

Толькі цяпер пачынаюць зьбіраць подпісы нешматлікія каманды Зянона Пазьняка ды Валерыя Фралова. Дарэчы, прадстаўнікам генэрала Фралова не ўдалося зарэгістраваць сваіх групаў у Гомелі і Ельску, і цяпер збор подпісаў за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ідзе пераважна ў двух гарадах — Рэчыцы і Жлобіне.

За дзейнага кіраўніка дзяржавы збор подпісаў дапамагаюць ажыцьцяўляць вэртыкальныя чыноўнікі розных узроўняў. Робіцца гэта ня толькі па месцы жыхарства, але і ў навучальных установах, на прадпрыемствах.

Некаторыя пэнсіянэры з прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі лічаць, што іншых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта наагул быць не павінна — маўляў, іншыя толькі шкодзяць прэзыдэнту.

(Пэнсіянэр: ) “Лукашэнка ўсё робіць на карысьць народу. Але апазыцыя, як кажуць, ставіць яму палкі ў колы. Калі б усе 100% былі за Лукашэнку і не было праціўнікаў, было б яшчэ лепей”, — заявіў пэнсіянэр зь мікрараёну Валатава.

Тым часам, паводле выразу пэнсіянэра, “праціўнікі Лукашэнкі” даволі актыўна ставяць свае подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты прадстаўніка ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.

Нягледзячы на холад, ля ўнівэрмагу ў перасоўным пункце збору подпісаў за тры гадзіны ў падтрымку Мілінкевіча дадаецца каля паўсотні прыхільнікаў. Як сёньня ідзе збор подпісаў, гаворыць Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “Ідзе добра. Я памятаю, калі мы зьбіралі подпісы ў 2001 годзе яшчэ за Домаша, і тады таксама вельмі хутка распачаўся збор подпісаў. Цяпер збор ідзе значна лепей. Прынамсі, тут, на нашым пункце. Людзі прыходзяць, цікавяцца, пазнаюць”.

(Хлопец: ) “Падпісваюся за Мілінкевіча. Па-першае, гэта адзіны кандыдат ад апазыцыі. Па-другое, ён мне імпануе як чалавек, як прафэсіянал, у якога ёсьць досьвед кіраўніцтва. Чаму не?”, — кажа малады гамяльчук, які толькі што паставіў свой падпіс за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча.
XS
SM
MD
LG