Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску міліцыянты палююць на зборшчыкаў подпісаў


Радыё Свабода Тры апошнія дні на Пінскім цэнтральным рынку зьбірае подпісы за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча кандыдатам у прэзыдэнты сябра ініцыятыўнай групы Алесь Аўсеенка. За гэты час міліцыянты склалі на яго ўжо чатыры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Паводле міліцыянтаў, у часе збору подпісаў Алесь Аўсеенка стварае перашкоды людзям, што прыйшлі на рынак за пакупкамі. Сёньня спадара Аўсеенку затрымалі і завялі ў пастарунак. Міліцыянтаў цікавіла, хто падпісваецца за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча і колькі ўжо сабрана подпісаў. У пастарунку Алесь Аўсеенка знаходзіўся каля гадзіны, пасьля чаго яго папярэдзілі, што калі 6 студзеня ён будзе працягваць зьбіраць подпісы на рынку, на яго зноў складуць пратакол.

Тым часам афіцыйная газэта гарвыканкаму “Пінскі весьнік” надрукавала аб’яву ад імя мясцовай арганізацыі вэтэранаў. У аб’яве паведамляецца, што пінчукі могуць падпісацца за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі ў памяшканьні вэтэранскай арганізацыі, якая месьціцца ў будынку гарвыканкаму.
XS
SM
MD
LG