Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьбіраюць подпісы за Аляксандра Мілінкевіча ў Магілёве?


Радыё Свабода 5 студзеня сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча выставілі пікет насупраць будынку гарвыканкаму. Яны зьбіралі подпісы і распаўсюджвалі сярод магілёўцаў калядныя віншаваньні ад імя прэтэндэнта.

Актывісты дэмакратычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў запрашалі людзей паставіць свае подпісы за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча. Старшыня абласнога штабу Ўладзімер Шанцаў раздаваў мінакам віншаваньні ад імя прэтэндэнта. Многія магілёўцы на фатаздымку пазнавалі Аляксандра Мілінкевіча. Гаворыць зборшчык подпісаў Уладзімер Парфёнаў:

(Парфёнаў: ) “Людзі наагул добра рэагуюць. Ёсьць асобныя, якія настроены агрэсіўна, але бальшыня рэагуе добра. І нават, можа, гэта не галоўнае. Галоўнае, што яны цікавяцца — хто гэта такі. Многія добра ведаюць, дзе яго вылучалі і хто ён такі”.

Зборшчыкі подпісаў стаялі насупраць гарвыканкаму, каб прыцягнуць увагу чыноўнікаў, якія а першай гадзіне выйшлі на абед. Пікетоўцы кажуць, што частка выбарцаў баіцца ўлады і апасаецца адкрыта падтрымліваць дэмакратычнага прэтэндэнта. Вось меркаваньне магілёўскай прадпрымальніцы Ірыны Качаровай:

(Качарова: ) “Людзі рэагуюць крыху млява. Вы ведаеце, у кожных вачах я бачу дэпрэсію і нейкую запалоханасьць. Але ёсьць людзі, якія цікавяцца, пытаюцца і нават кажуць, што мы прыйдзем да вас з пашпартамі і здамо подпісы”.

На пікеце некалькі дзясяткаў чалавек падпісаліся за Мілінкевіча. Былі і такія, што падыходзілі і выступалі за Аляксандра Лукашэнку. Міліцыянты не перашкаджалі зборшчыкам, але невядомыя асобы здымалі іх на відэакамэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG