Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйная моладзь у Жодзіне адчувае ціск


Радыё Свабода Сябраў нефармальных моладзевых арганізацыяў Жодзіна, якія зьбіраюць подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, выклікаюць на размову ў КДБ. Супрацоўнікі міліцыі чыняць перашкоды распаўсюду газэты “Назіральнік”. Выдаўца газэты Паўла Красоўскага папярэдзілі аб адміністрацыйнай адказнасьці.

Лідэра Жодзінскай філіі незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Паўла Красоўскага выклікалі ў міліцыю. Яму патлумачылі, што ў выканкаме адміністрацыйная камісія разгледзіць пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і пакарае штрафам. Павал выдае газэту “Назіральнік”, якая асьвятляе сацыяльнае, эканамічнае і культурнае жыцьцё Жодзіна. Месяц таму на Красоўскага ўжо складалі адпаведны пратакол, цяпер і яго накіруюць у выканкам. Павал лічыць, што актывістаў нефармальных моладзевых рухаў адмыслова выклікаюць у адпаведныя структуры і запалохваюць.

(Красоўскі: ) “Ціск на газэту “Назіральнік” і выклікі нашых актывістаў у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі зьвязаны з тым, што ў перадвыбарчы пэрыяд актывізавалася дзейнасьць моладзі. Большасьць людзей, якія ўдзельнічаюць у выданьні газэты, зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы ў зборы подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Гэта па-першае, а па-другое, група з Жодзіна днямі была ў Польшчы, абменьвалася досьведам у пытаньнях мясцовага самакіраваньня. Я думаю, гэта таксама іх вельмі зацікавіла, бо мясцовая ўлада ў Жодзіне цалкам належыць вэртыкалі”.

Супрацоўнік Жодзінскага КДБ Аляксандар Габец патлумачыў “Свабодзе”:

(Габец: ) “Ну, магу я папросту пацікавіцца: “Малады чалавек, не маглі б вы падысьці, ёсьць некаторыя моманты… Хачу задаць вам пару пытаньняў”. Усё ў межах дзейнага заканадаўства. Так, гэта было. Мы зь ім пагутарылі — мірна, культурна”.

У Жодзіне дзейнічае некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевых рухаў “Малады фронт” і “Зубр”. Яны зьбіраюць подпісы за патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Павал Красоўскі ўпэўнены, што забарона распаўсюджваць газэту “Назіральнік” выклікана менавіта выбарчай кампаніяй.

(Красоўскі: ) “У апошнім нумары мы напісалі пра наш паход да дэпутата Жодзінскага савету Рухаль Ніны Фёдараўны. Яна да нас непаважна ставілася, і мы напісалі аб гэтым у нашай газэце. У нас вельмі актыўна зьбіраюць подпісы за Лукашэнку на “БелАЗе”. Яны кажуць: калі вы падпісаліся, то больш ня маеце праца падпісвацца за іншых кандыдатаў. А мы на старонках нашай газэты тлумачым, што гэта незаконна”.

Павал Красоўскі патлумачыў, што газэта выдаецца малым накладам, 299 асобнікаў — столькі, колькі заканадаўства дазваляе выдаваць без адпаведнай рэгістрацыі.
XS
SM
MD
LG