Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльную прэмію прэзыдэнта атрымаюць Я.Росьцікаў і Э.Скобелеў


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб штогадовых прэміях “За духоўнае адраджэньне”. Акрамя таго, шэраг дзеячаў культуры і мастацтва атрымаюць спэцыяльныя прэміі прэзыдэнта за 2005 год. Сярод іншых уганараваны рэдактар бюлетэню адміністрацыі прэзыдэнта Эдуард Скобелеў, аглядальнік урадавай газэты “Рэспубліка” Яўген Росьцікаў, вядучы палітычных праграмаў БТ Ігар Рудамётаў.

Прэзыдэнцкую прэмію Эдуард Скобелеў атрымаў за раман “Перасячэньне паралельных”, аднак імя гэтага пісьменьніка больш вядомае па кнізе “Запавет Сталіна”, якая была надрукавана сёлета ў маскоўскім выдавецтве “Русская правда”.

Па выхадзе гэтай кнігі лідэры шэрагу габрэйскіх арганізацыяў Беларусі заявілі пра намер зьвярнуцца ў суд з прычыны абразьлівых выказваньняў на адрас беларускіх габрэяў.

Вось як ацэньвае факт прысуджэньня прэміі пісьменьніку Скобелеву старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Цягам многіх гадоў ён ня толькі сьведчыў сваю ляяльнасьць да кіраўніцтва і кіраўніка дзяржавы, але і ўсе свае высілкі аддаваў гэтаму. У прыватнасьці, былі разгромныя артыкулы спадара Скобелева і на мой адрас. Вельмі шмат злосьці ў ягонай публіцыстыцы — і амаль як у 1937 годзе, яна раскрывае народу і, у першую чаргу, кіраўніцтву нашай краіны тых злосных ворагаў, якія не дазваляюць поўнамаштабнаму росквіту нашай дзяржавы. Эдуард Марцінавіч нават дагаварыўся і дапісаўся да таго, што тут некаторыя і фашысты, і нацыяналісты, і трацкісты. І вось, як лягічнае завяршэньне, і спэцыяльная прэмія”.

Адмысловыя прэміі прэзыдэнта атрымаюць таксама Беларускі музычны тэатар, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, а таксама аглядальнік урадавай газэты “Рэспубліка”, ён жа карэспандэнт расейскай газэты “Завтра” Яўген Росьцікаў.

У Беларусі ён вядомы як аўтар публікацыяў антысэмісцкага кшталту, а таксама артыкулу “Дынаміт для ляўрэата. Маленькая аповесьць пра вялікага чалавека”, прысьвечанага Васілю Быкава. Пра гэты артыкул і яго аўтара пісаў у газэце “Народная Воля” Сяргей Навумчык. Журналісцкае дасьледаваньне Сяргея Навумчыка зьмешчана таксама ў кнізе “Быкаў на Свабодзе”. Вось што ён кажа пра публікацыю Яўгена Росьцікава:

(Навумчык: ) “Публікацыі з абразамі суправаджалі Васіля Быкава ўсё ягонае літаратурнае жыцьцё, і звычайна ён на іх ніколі не адказваў. Тэкст жа Росьцікава, нават на фоне цкаваньня Быкава афіцыйнымі СМІ, вызначаўся канцэнтрацыяй бруду і абразаў. Васіль Уладзімеравіч гэтую публікацыю чытаў, і яна стала адным з тых подлых удараў па Быкаву, якія былі нанесеныя ў апошнія тыдні ягонага жыцьця”.

Паводле Сяргея Навумчыка, многія сябры і паплечнікі Васіля Быкава перакананыя, што публікацыя Яўгена Росьцікава надзвычай адмоўна паўплывала на самаадчуваньне Васіля Ўладзімеравіча. Гаворыць Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Тут была не літаратура, тут была не журналістыка, тут было чалавеканенавісьніцтва. Бо ўсе гэтыя плёткі, домыслы брудныя і жахлівыя — яны ўсе былі выплеснутыя на Васіля Ўладзімеравіча. І, канечне, тое, што менавіта такі чалавек атрымлівае дзяржаўную ўвагу і нават дзяржаўную ўзнагароду — гэта для мяне вельмі непрыемны знак. Як пісаў Васіль Быкаў — знак бяды”.

Прэзыдэнцкую прэмію “За духоўнае адраджэньне” атрымае таксама дэпутат Савету Рэспублікі Сьвятлана Акружная, праваслаўны сьвятар зь Берасьцейшчыны Аляксандар Каратай, кіраўнік тэатру беларускай драматургіі Валеры Анісенка і заслужаны дзеяч культуры Ігар Рудамётаў. Нагадаю, што спадар Анісенка быў прызначаны на пасаду кіраўніка тэатру пасьля зьняцьця з гэтай пасады Валерыя Мазынскага, а спадар Рудамётаў вядомы як аўтар міжнароднай палітычнай праграмы на БТ, якая вытрымана ў стылістыцы халоднай вайны. Ці не адзіным выключэньнем з гэтага шэрагу ёсьць узнагароджаньне прэзыдэнцкай прэміяй кінарэжысэра студыі “Летапіс” Юрыя Гарулёва. Вось як гэта пракамэнтаваў рэжысэр Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) “Безумоўна, гэта “заігрываньне”, уладзе абсалютна ўсё роўна, добра нешта ці дрэнна — галоўнае, каб гэта рабілася паслухмянымі людзьмі, якія будуць хваліць гэтую ўладу. Гэта вельмі даўно адбываецца, а таму даверу да рашэньня ўлады не існуе ніякага. Але ў дадзеным выпадку, зь Юрам Гарулёвым яны, канечне, патрапілі”.

Сёлета выйшла з друку кніга вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Ксты”. Цяпер грамадзкасьць працуе дзеля вылучэньня кнігі на Нобэлеўскую прэмію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG