Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую эканоміку прыраўналі да кубінскай і туркмэнскай


Радыё Свабода Паводле індэксу эканамічнай свабоды Беларусь у 2005 годзе заняла 151-е месца ў сьвеце — і апусьцілася ў параўнаньні зь леташнім паказьнікам на восем пазыцыяў (у 2004 годзе яна была на 143-м месцы). Раней Беларусь лічылася “збольшага несвабоднай”, цяпер трапіла ў групу краінаў з “рэпрэсіўнымі” эканомікамі. Такія зьвесткі падае амэрыканскі фонд “Спадчына” (Heritage Foundation). Побач зь Беларусьсю ў рэйтынгавай табліцы сёлета стаяць Куба і Вэнэсуэла.

Сёлета “Heritage Foundation” склала рэйтынг згодна са ступеньню эканамічнай свабоды, у які ўвайшлі 157 краінаў. Першы радок у сьпісе з найлепшым паказьнікам у групе “свабодных” эканомік займае Ганконг.

Групу краінаў са “збольшага свабоднымі” эканомікамі ачольвае Чэхія (21-е месца ў сьвеце). Групу “збольшага несвабодных” эканомік распачынае Лібан (73-е месца ў агульным рэйтынгу). Групу “несвабодных” эканомік ачольвае Нігерыя (146-е месца). Сюды ўвайшла і Беларусь (151-е месца), якая сёлета стаіць нават на прыступку ніжэй за Кубу.

Сярод чыньнікаў, якія робяць Беларусь эканамічна несвабоднай, амэрыканскія адмыслоўцы называюць занадта вялікае ўмяшаньне дзяржавы ў гаспадарчыя справы. У асобнай справаздачы па Беларусі сказана, што каля 80% усіх галінаў вытворчасьці знаходзяцца ў руках дзяржавы. Калгасы, якія засталіся ад савецкай эпохі, падтрымліваюцца сродкамі зь бюджэту і дамінуюць у аграпрамысловым сэктары. Больш за 40% прадпрыемстваў ацэньваюцца як стратныя. У дзяржавы шмат правоў на ўвядзеньне “залатой акцыі”. Камэрцыйныя банкі толькі фармальна застаюцца незалежнымі.

Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур лічыць такія справаздачы несур’ёзнымі. На ягоную думку, галоўнае, зь якім вынікам працуе эканоміка, а не ступень ейнай свабоды:

(Тур: ) “Калі яны ставяць Грузію і Ўкраіну вышэй за Беларусь, дык гэта ўвогуле поўны нонсэнс. Гэта краіны, дзе нічога не існуе і няма ніякага разьвіцьця. А апавядаць пра тое, што дзяржуласнасьць займае 80 ці 85%, ня мае ніякага сэнсу. Уласьнік, калі ён эфэктыўны, то ня мае значэньня, у чыіх гэта руках”.

Большасьць постсавецкіх краінаў сёлета ўвайшлі ў групу “збольшага несвабодных” эканомік. Латвія, Літва і Грузія прызнаныя “збольшага свабоднымі”, Эстонія — “свабоднай” (7-е месца ў сьвеце). У групе “несвабодных”, апрача Беларусі, таксама Туркмэністан.

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, нізкі індэкс эканамічнай свабоды можа азначаць для Беларусі толькі тое, што празь пяць-шэсьць гадоў ёй цяжка будзе паказваць тыя ж вынікі, што і цяпер. Пакуль краіна выжывае за кошт спрыяльнай вонкавай каньюнктуры, аднак потым яна можа істотна адстаць ад бліжэйшых суседзяў, нашмат больш свабодных.

(Злотнікаў: ) “У Савецкага Саюзу таксама, паглядзіце, якая гісторыя была: пасьля 1917 году — якая індустрыялізацыя, які ўздым, якая моц! Потым усё выдыхнулася. Пасьля вайны адбылося абнаўленьне абсталяваньня, прывезьлі шмат абсталяваньня зь Нямеччыны, быў яшчэ адзін штуршок, яшчэ адзін імпульс да разьвіцьця, пасьляваенны. І выдыхнуўся. На больш працяглым пэрыядзе сацыялізм цалкам прайграў вось гэтае спаборніцтва капіталізму — і ў тэорыі, і на практыцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG