Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інцыдэнт ля ЦУМу – міліцыя спрабуе спыніць збор подпісаў


Радыё Свабода Сёньня ў Менску міліцыя заявіла сябрам ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, што яны павінны мець дазвол Менскага гарвыканкаму на збор подпісаў у грамадзкіх месцах — згодна з рашэньнем гарвыканкаму ад 3 студзеня. У Менгарвыканкаме і гарадзкой управе міліцыі пакуль не пацьвярджаюць, што такое рашэньне ёсьць.

Інцыдэнт адбыўся ля будынку ЦУМу, дзе сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча паставілі стол, партрэты свайго кандыдата і вялі збор подпісаў у ягоную падтрымку. У гэтым месцы яны зьбіраюць подпісы ня першы дзень.

Як паведаміў сябра ініцыятыўнай групы Алег Жлутка, напрыклад, учора за тры гадзіны за Мілінкевіча падпісаліся 45 чалавек. Сёньня да зборшчыкаў падышоў міліцыянт Васіль Люшкевіч, запатрабаваў дакумэнты і заявіў, што яны ня маюць права тут знаходзіцца згодна з новым рашэньнем гарадзкіх уладаў:

(Люшкевіч: ) “Згодна з рашэньнем Менгарвыканкаму ад 3 студзеня 2006 году павінен быць дазвол, каб займацца тут каля ЦУМу, у грамадзкіх месцах гандлем, распаўсюдам — на ўсялякую дзейнасьць павінен быць дазвол”.

У сытуацыю ўмяшаўся кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Сяржант Люшкевіч, тлумачу вам: падчас перадвыбарчай кампаніі мы маем права ладзіць мерапрыемствы згодна з Выбарчым кодэксам. Для гэтага ў людзей існуе права абіраць сваю ўладу. А чыноўнікаў гарвыканкаму, калі яны выдалі такое распараджэньне, як непісьменных трэба мяняць”.

Міліцыянт Люшкевіч ня змог паказаць дакумэнт, на які ён спасылаўся, а сказаў толькі, што дзейнічае на загад вышэйшага кіраўніцтва. Нягледзячы на інцыдэнт, людзі працягвалі ставіць свае подпісы:

(Спадарыня: ) “Таму што павінен быць выбар у кожнага грамадзяніна рэспублікі”.

(Спадар: ) “Мы маем права, і мы гэтым правам карыстаемся”.

Кіраўнік прэсавай службы гарадзкой міліцыі Алег Сьлепчанка паведаміў “Свабодзе”, што яму нічога пра такое распараджэньне не вядома. Прэсавы сакратар Менскага гарвыканкаму Алена Аўрынская таксама нічога пра такое рашэньне ня ведае. На афіцыйным інтэрнэт-сайце выканкаму яно не апублікаванае. Кіраўнік юрыдычнай службы штабу Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Лабковіч заявіў, што ён цяпер высьвятляе сытуацыю, але мяркуе, што калі і зьявілася такое рашэньне гарвыканкаму, якое абавязвае зборшчыкаў подпісаў зьвяртацца па дазвол мясцовых уладаў, то яно ня можа дзейнічаць, бо супярэчыць Выбарчаму кодэксу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG