Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пачынаецца люстрацыя журналістаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пры шэрагу рэгіянальных філіяў Саюзу польскіх журналістаў ствараюцца адмысловыя камісіі, якія будуць высьвятляць, ці супрацоўнічалі мясцовыя журналісты з камуністычнымі спэцслужбамі. Беларускія журналісты зь Беласточчыны лічаць, што гэты працэс на іх хутчэй за ўсё ніяк не адаб’ецца.

Камісія пры кракаўскай філіі Саюзу польскіх журналістаў мае намер зьвярнуцца ў Інстытут нацыянальнай памяці, дзе захоўваюцца архіўныя матар’ялы камуністычных спэцслужбаў з просьбай паведаміць, хто з мясцовых журналістаў з гэтымі спэцслужбамі супрацоўнічаў – іхныя імёны будуць апублікаваныя.

Напярэдадні Барбара Немец - адна з былых кракаўскіх актывістак “Салідарнасьці” знайшла ў матар’ялах справы, што мелі на яе спэцслужбы, імёны двух журналістаў, якія цяпер актыўна працуюць у вядучых мэдыях.

(Немец: ) “Гэтыя людзі мелі 17 гадоў, каб прызнацца ў тым, што яны зрабілі і пазбавіцца ад гэтага цяжару, але таксама і ад таго, што яны дагэтуль застаюцца закладнікамі афіцэраў, якія іх вербавалі”, - сказала спадарыня Немец.

Чалавек ня можа працаваць у мэдыях, калі ў мінулым быў “стукачом” і не прызнаўся ў гэтым - лічаць у Кракаве і таму першая камісія была створаная менавіта тут. У адных гарадах гэтую ініцыятыву падтрымалі, у іншых – не, бо лічаць, што ў іх такіх журналістаў няма.

Вось меркаваньне старшыні Аб’яднаньня беларускіх журналістаў у Польшчы Юркі Хмялеўскага.

(Хмялеўскі: ) “Я ня думаю, што гэтая люстрацыя пашкодзіць нашаму асяродзьдзю. Гэта маладыя людзі і яны былі тады ня ў тым узросьце, каб іх можна было завербаваць. Можа, нейкія інцыдэнты і будуць, але я думаю, што мы тут не пацерпім”.

Асаблівая ўвага будзе зьвернутая на тых журналістаў, якія ў часе ваеннага становішча ў адмысловых камісіях разам з вайскоўцамі, супрацоўнікамі спэцслужбаў і камуністамі займаліся чысткамі - вырашалі, можа той ці іншы журналіст далей працаваць у мэдыях. Тады па палітычных матывах працу згубілі тысячы журналістаў, якія былі зьвязаныя з “Салідарнасьцю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG