Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея пастаўляе Беларусі танны газ?


Радыё Свабода Масква і Кіеў учора ўрэгулявалі “газавы” канфлікт. У адпаведнасьці з дамоўленасьцямі “Газпром” пачне пастаўляць газ трэйдынгавай кампаніі “Росукрэнерго” па 230 даляраў за тысячу кубамэтраў. Апошняя будзе прадаваць Украіне зьмяшаны газ з Расеі і Сярэдняй Азіі па 95 даляраў за тысячу кубамэтраў. Беларусы плацяць сёлета ўдвая таньней. Чаму?

3 студзеня афіцыйны прадстаўнік расейскай кампаніі “Газпром” Сяргей Купрыянаў заявіў пра намер расейскага боку ўсталяваць кантроль над “Белтрансгазам”. Паводле ягоных словаў, якраз магчымасьць такога кантролю вызначыла танную сёлетнюю цану газу для Беларусі. Яшчэ адзін прадстаўнік “Газпрому”, які папрасіў не называць яго прозьвішча, у інтэрвію Радыё Свабода патлумачыў сутнасьць расейскай цікавасьці да “Белтрансгазу”.

(Прадстаўнік “Газпрому”: ) “Мы зараз працягваем актыўныя перамовы аб формах і магчымасьцях “Газпрому” ў магістральных газатранспартных сетках Беларусі. Гэта так”.

Прадстаўнікі “Белтрансгазу” адмаўляюцца камэнтаваць ход перамоваў. У той жа час расейцы, камэнтуючы падпісаны напрыканцы мінулага году кантракт паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам” зьвяртаюць ўвагу на тое, што лёс прадпрыемства будзе вырашаны цягам бліжэйшых 2-3 месяцаў.

“Белтрансгаз” – гэта сетка газаправодаў на тэрыторыі Беларусі агульнай даўжынёю каля 7 тысяч кілямэтраў. Апроч таго, у прадпрыемства ўваходзяць 2 падземныя сховішчы, разьмеркавальныя, вымяральныя і кампрэсарныя станцыі, аўтамабільныя газавыя запраўкі.

Тэма “Белтрансгазу” на беларуска-расейскіх перамовах упершыню ўзьнікла некалькі гадоў таму. У 2002-м бакі падпісалі пагадненьне, паводле якога яны павінны былі стварыць сумеснае прадпрыемства. Меркавалася – ужо ў 2004 годзе. Аднак Масква і Менск разышліся ў кошце “Белтрансгазу”. Беларускі бок настойваў на 5 мільярдах даляраў, “Газпром” даваў за яго на парадак таньней. І вось распачынаецца новы этап гандлю. Адзін з удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі акадэмік Аляксандр Вайтовіч пракамэнтаваў яго наступным чынам:

(Вайтовіч: ) “Я, па-першае, абураны, што такія перамовы робяцца ў нейкім сакрэце. Чаму гэта грамадзкасьць нічога ня ведае? Трэба, каб грамадзкасьць ведала, што мы столькі эканомім на газе, “Белтрансгаз” каштуе гэтулькі. А так мы ў няведаньні: ці мы выйграем, ці прайграём, ці Лукашэнка гатовы прайграць невядома колькі, каб толькі яго падтрымалі на выбарах? Такія ўсе рэчы павінны быць празрыстымі для грамадзтва”.

Напярэдадні Новага году Аляксандр Лукашэнка, камэнтуючы сродкам масавай інфармацыі “газавыя” дачыненьні Масквы й Менску, патлумачыў, што Расея прадае беларусам танны газ таму, што Беларусь аказвае ёй танныя паслугі ў вайсковай сфэры і сфэры транзыту.
XS
SM
MD
LG