Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць расьці цэны на нерухомасьць у 2006 годзе?


Радыё Свабода Кватэры, набытыя меней чым пяць год таму, можна прадаваць і не плаціць падатак з прыбытку – такі ўказ напярэдадні новага году падпісаў Лукашэнка. Раней меркавалася, што ад 1 студзеня 2006 году пачнуць дзейнічаць папраўкі ў закон пра падаходны падатак, але прэзыдэнцкі ўказ папраўкі адмяніў. Як гэта паўплывае на рынак нерухомасьці?

Зьяўленьне такога прэзыдэнцкага ўказу можна лічыць нечаканым. Рэч у тым, што цягам апошняга году Аляксандар Лукашэнка сам неаднаразова заяўляў: нельга дапускаць, каб асобныя людзі нажываліся на частым перапродажы кватэраў і накручвалі цэны. Новая рэдакцыя “Закону пра падаходны падатак” мусіла стварыць перашкоду для такіх спэкуляцыяў, аднак перад новым годам падатак раптам адмянілі.

Зрэшты, у тэксьце ўказу ёсьць адна агаворка: ён сапраўдны толькі да таго моманту, як пачне дзейнічаць новая рэдакцыя закону, а закон пра падаходны падатак гэтай вясной будуць пераглядаць у Палаце прадстаўнікоў. На гэтую акалічнасьць зьвяртае ўвагу кіраўнік агэнцыі нерухомасьці “Квадратны мэтар” Юры Чайкін. Ён мяркуе, што потым падатак могуць зноў вярнуць. Аднак тых, хто зарабляе на перапродажы, гэта ня спыніць.

(Чайкін: ) “Папросту будуць штучна заніжаць кошты, і ў дамовах пісаць заніжаны кошт. Кватэра рэальна будзе каштаваць адну суму, а ў дамове пра куплю-продаж будуць пісаць іншы кошт”.

Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што ў Беларусі ёсьць даволі моцны клян людзей, якія зарабляюць на нерухомасьці. Яны й маглі пралябіяваць адмену падатку на прыбытак ад продажу нядаўна набытых кватэраў. Аднак напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў кіраўнік краіны здольны растлумачыць гэтую падзею як клопат пра народ, пра простых людзей, якія хацелі б прадаваць кватэры, але высокія падаткі з прыбыткаў іх ад гэтага ўтрымліваюць.

(Заіка: ) “Аляксандар Рыгоравіч, як Робін Гуд, можа думаць і казаць пра тое, што трэба зрабіць нешта добрае для краіны. Ён будзе гэта казаць, але рэаліі эканомікі, інтарэсы дзесяткаў, соцень і тысячаў людзей куды мацнейшыя. У гэтым і заключаецца беларускі парадокс: хвост кіруе сабакам”.

Рынак жытла ў Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, манапалізаваны і надзвычай карумпаваны, цьвердзіць эканаміст. Каб атрымаць дазвол на будаўніцтва, трэба даць чыноўніку вялікі хабар. Цэны на нерухомасьць стануць больш адэкватнымі толькі тады, калі на шэраг буйных чыноўнікаў завядуць крымінальныя справы, кажа спадар Заіка. Нешта падобнае цяпер адбываецца ў Расеі. Аднак беларускія ўлады пакуль не сьпяшаюцца разабрацца з “кватэрным пытаньнем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG