Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50-гадовы юбілей БТ пройдзе бяз знакавых постацяў


Ігар Карней, Менск Сёньня ў былым кінатэатры “Партызан”, пераабсталяваным у Дом кіно, пройдуць здымкі сьвяточнай праграмы да 50-годзьдзя Беларускага тэлебачаньня. Аднак некаторыя знакавыя асобы, якія шмат гадоў былі тварам тэлевізіі, запрашэньня на імпрэзу не атрымалі.

Мастак-пастаноўшчык Міхась Карпук трапіў на тэлебачаньне практычна ад дня яго заснаваньня – у 1956 годзе. Кажа, што будынак уздымаўся імкліва, і новая тэлевізійная эра нараджалася на вачох усіх менчукоў.

(Карпук: ) “Усё гэта будавалася на маіх вачах. Мы хадзілі ад опэрнага тэатру, дзе мастацкая вучэльня тады займала трэці паверх службовых памяшканьняў, на заняткі на Даўгабродзкую, дзе былі аўдыторыі. Гэта быў 1954 год. А побач пачынаў будавацца тэлецэнтар, уздымалася тэлевізійная вежа. Рабілі яго вельмі хутка – ужо ў 1955-м ён быў амаль гатовы. І ў 1956 годзе, калі я заканчваў вучэльню, тэрыторыю тэлецэнтра атачылі плотам”.

Як працягвае аналёгіі спадар Карпук, праз 50 гадоў Беларускае тэлебачаньне канчаткова адгарадзілася ад гледачоў. На ягоную думку, цяпер творчасьць на тэлебачаньні перадусім замененая адной функцыяй – прапагандыста і агітатара. І нядаўнія кадравыя ратацыі з прызначэньнем на кіруючыя пасады ў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі дасьведчаных ідэолягаў гэта толькі пацьвярджаюць. Былая тэлежурналістка Ганна Арцюшкевіч кажа, што апроч усяго, на тэлебачаньні зьявілася процьма выпадковых людзей, у якіх адсутнасьць прафэсіяналізму кампэнсуецца гатоўнасьцю выканаць любыя загады кіраўніцтва.

(Арцюшкевіч: ) “Немагчыма проста ўзяць чалавека з вуліцы на тэлебачаньне. Чалавек дзесяцігодзьдзе павінен адпрацаваць на тэлебачаньні, каб стаць сапраўдным прафэсіяналам. Гэта вельмі сур’ёзна, за мяжой так і бывае. Нельга проста хлопчыка ці дзяўчынку ўзяць з вуліцы – яна прыйшла, прачытала нейкі тэкст ці патрапіла ў кадр і вырашыла, што стала зоркай. І нібыта ўсё вельмі лёгка. Гэтаму вучацца цягам многіх гадоў”.

Сёньня ў менскім Доме кіно адбудзецца сьвяточная вечарына, прысьвечаная 50-годзьдзю БТ. Адметнасьць імпрэзы ў тым, што новы кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі працягнуў досьвед сваіх папярэднікаў: праігнараваў шэраг людзей, якія колісь складалі гонар тэлевізіі. Прадстаўніца Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Сьвятлана Краскоўская кажа, што сьпісы запрошаных узгадняліся кіраўніцтвам тэлерадыёкампаніі, таму прычыны тых ці іншых антыпатый ёй невядомыя.

(Краскоўская: ) “Гэта карпаратыўнае мерапрыемства для супрацоўнікаў кампаніі, для кіраўніцтва і для запрошаных гасьцей. Запіс будзе для архіву і тэлевізійных навінаў. Запрашэньні, натуральна, ужо разасланыя, і акцэнт зроблены менавіта на супрацоўнікаў, якія працуюць зараз на тэлебачаньні. Таму гэта сьвята, перадусім, для тых, хто сёньня робіць тэлебачаньне”.

У запрашальныя сьпісы ня трапілі ня толькі тыя, хто не хавае свайго крытычнага стаўленьня да рэжыму – як дыктарка Зінаіда Бандарэнка ці былы кіраўнік Дзяржаўнага камітэту па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні Генадзь Бураўкін – але й людзі, якіх западозрыць у неляяльнасьці да ўлады цяжка. Ніну Чайку небеспадстаўна лічылі адным з “рупараў” цяперашняга кіраўніцтва. Аднак зараз спадарыня Чайка гэтаксама вымушаная канстатаваць, што тэлевізійныя начальнікі ўсё больш ставяць не на падрыхтаваных спэцыялістаў, а на адданых “аднадзёнак”.

(Чайка: ) “Я часта ўзгадваю пра тэлебачаньне. Таму што працавала і на тэлебачаньні, і на радыё. Досыць сказаць, што праграма “Крок” – гэта мая. І калі я адбірала людзей на радыё, на тэлебачаньне, калі там працавала, я заўсёды казала: тэлебачаньне – гэта твар і голас, радыё – голас. Бо радыё – гэта, перш наперш, інтэлектуальны голас – прыгожы інтэлектуальны голас. На сучасным тэлебачаньні, на радыё вельмі мала такіх галасоў”.

Паводле справаздачы арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў” за 2005 год, Беларусь трапіла ў сьпіс краінаў, дзе СМІ сыстэматычна падвяргаюцца цэнзуры. На Беларускім тэлебачаньні за апошнія 10 гадоў пункт гледжаньня, альтэрнатыўны афіцыйнаму, цалкам зьнік.
XS
SM
MD
LG