Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Лукашэнка аддае "Белтрансгаз" "Газпрому"?


Радыё Свабода Падчас цяперашняга газавага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў зрабіў важную заяву наконт газавых адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю. "Зараз вырашаецца пытаньне аб магчымасьці пераходу “Белтрансгаза” пад кантроль “Газпрому”", – заявіў Купрыянаў у жывым эфіры радыёстанцыі “Эхо Москвы”.

Прадстаўнік "Газпрому" удакладніў, што перамовы па гэтым пытаньні былі ініцыяваныя Беларусьсю і дадаў, што на фармаваньне цаны на газ для Беларусі паўплывала "менавіта гэтая магчымасьць кантролю над “Белтрансгазам”".

Нагадаем, што напрыканцы 2004 году “Газпром” і “Белтрансгаз” падпісалі кантракт, паводле якога Расея ў 2006 годзе будзе пастаўляць Беларусі газ па цане прыкладна 47 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Што тычыцца “Белтрансгазу”, то яшчэ ў 2002 годзе было падпісанае міжурадавае пагадненьне, паводле якога Расея абавязвалася пастаўляць ў Беларусь газ па ўнутрырасейскіх цэнах, а Беларусь узамен абяцала стварыць сумеснае прадпрыемства з “Газпромам” на базе “Белтрансгазу”, папросту кажучы, прадаць “Белтрансгаз” Расеі.

Праз год беларускі бок агучыў сваю цану за айчынную газатранспартную сыстэму – 5 мільярдаў даляраў. У той жа час “Газпром” палічыў, што цана “Белтрансгазу” – ня болей як 600 мільёнаў даляраў.

Спрэчка прывяла да крызысу, падобнага да таго, які напачатку сёлетняга сьнежня разгарэўся паміж Расеяй і Ўкраінай. Пікам крызысу стаў дзень 18 лютага 2004 году, калі “Газпром” на некалькі гадзінаў адключыў газ, спыніўшы пастаўкі ня толькі ў Беларусь, але транзыт празь Беларусь.

Потым крызыс быў залагоджаны – Беларусь пагадзілася плаціць за газ 47 даляраў за тысячу кубамэтраў, гэта было больш, чым цана ў 29 даляраў за тысячу кубамэтраў, па якой Беларусь атрымлівала газ у 2003 годзе, але менш, чым плацілі ўсе астатнія замежныя пакупнікі Газпромаўскага газу. Умовы газавых дамоваў паміж Беларусьсю і Расеяй у 2004-2005 гадох не ўтрымлівалі спасылак на неабходнасьць продажу “Белтрансгазу”, хаця перамовы і працягваліся ў даволі вялым рэжыме.

Аднак напрыканцы 2005 году гэтая тэма ізноў актуалізавалася.

Са словаў прадстаўніка “Газпрому”, што ініцыятарам на гэты раз выступіла Беларусь, можна зрабіць выснову, што Менск зьмяніў сваю ранейшую пазыцыю і гатовы аддаць газатранспартную сыстэму Беларусі расейскаму боку за захаваньне нізкіх цэнаў на газ.

Хаця варта сказаць, што і 2002 годзе і пазьней прадстаўнікі “Газпрому” неаднойчы выказвалі ўпэўненасьць, што “Белтрансгаз” у іх у кішэні, але гэта ня спраўдзілася дагэтуль.

Невядома, ці сапраўды беларускія ўлады пагадзіліся пайсьці на саступкі, аднак міжнародны досьвед падказвае, што гэта не заўсёды дае станоўчы плён.

Некалькі год таму Малдова пагадзілася на ўмовы “Газпрому” і прадала яму 50% акцыяў сваёй газатранспартнай сыстэмы. Нягледзячы на гэта, напрыканцы мінулага году Кішынёў атрымаў ад “Газпрому” прапанову плаціць 160 даляраў за тысячу кубамэтраў, а калі Малдова адмовілася, з пачатку 2006 году ёй, як і Ўкраіне, газ быў перакрыты.

І калі з Украінай Масква сёньня прыйшла да нейкай згоды, то з Малдовай перамовы працягваюцца, а газ тым часам у Малдову не ідзе. І той факт, што газатранспартная сыстэма Малдовы фактычна ўжо належыць “Газпрому”, так выглядае, ня надта дапамагае Кішынёву ў перамовах пра цану на газ.
XS
SM
MD
LG