Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Думаю, Нявыгласа рэкамэндаваў Віктар Шэйман"


Радыё Свабода 4 студзеня Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком сваёй Адміністрацыі Генадзя Нявыгласа, які раней працаваў дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі. Спадар Нявыглас заняў месца Віктара Шэймана, які ўзначаліў перадвыбарчы штаб Лукашэнкі. Пра тое, што стаіць за гэтай зьменай, карэспандэнту Радыё Свабода распавёў Алег Ігнаценка.

Алег Ігнаценка, які ў 1994 годзе ўзначаліў Галоўную ўправу кантролю органаў выканаўчай улады службы кантролю прэзыдэнта, згадвае, што ў свой час ён прыцягваў Генадзя Нявыгласа да апэрацыяў у Берасьці, Воршы ды некаторых іншых гарадах. Гэта адбывалася, калі патрэбна было правяраць памежныя службы, ужываць адмысловую тэхніку ды сучасныя прыёмы сачэньня:

(Ігнаценка: ) "Некалькі разоў я яго далучаў да праверкі мытных органаў, якія прапускалі празь мяжу забароненыя прадметы. Мы рыхтавалі справаздачы для Лукашэнкі. Але ўжо тады спадар Нявыглас, як кіраўнік АСАП – службы адмысловага прызначэньня – працаваў непасрэдна зь Віктарам Шэйманам. Пасьля гэтага Шэйман прапанаваў яго замест сябе сакратаром Рады бясьпекі".

Я пацікавіўся ў спадара Ігнаценкі, навошта кіраўніку беларускай дзяржавы спатрэбіўся такі ход. Мой суразмоўца лічыць, што гэта зьвязана ня толькі непасрэдна з выбарчай кампаніяй:

(Ігнаценка: ) "Лукашэнка дамовіўся з Шэйманам, і цяпер робіць крокі дзеля таго, каб дыстанцыявацца ад яго і вывесьці непасрэдна з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Вядома, што ўсясьветная супольнасьць і эўрапейскія структуры патрабуюць незалежнага расьсьледаваньня справы зьніклых у Беларусі, дзе спадар Шэйман праходзіць як адзін з падазраваных".

Чаму на пасаду кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі прызначылі менавіта спадара Нявыгласа, а ні некага іншага. Алег Ігнаценка лічыць, што гэта зроблена згодна з дамоўленасьцямі зь Віктарам Шэйманам:

(Ігнаценка: ) "Мабыць, была сур''ёзная размова. І Лукашэнка спытаў Шэймана, каго ён можа рэкамэндаваць замест сябе. Гэта маё такое ўражаньне ад таго, што адбылося. Ну і, зразумела, што Шэйман прапанаваў свайго сябру і стаўленіка Нявыгласа. Шэйман жа увесь час вёў яго за сабою. І на пасаду дзяржсакратара і цяпер. Тым самым Шэйман і надалей будзе кіраваць адміністрацыяй празь яго".

Некаторыя аналітыкі кажуць, што Віктар Шэйман быў занадта вайсковым чалавекам, і таму ня мог эфэктыўна кіраваць бюракратычнай структурай, якой выглядае адміністрацыя. Я пацікавіўся ў спадара Ігнаценкі, ці не адбудзецца такога ж са спадаром Нявыгласам. Алег Ігнаценка лічыць, што гэтыя фігуры цяпер мала што вырашаюць:

(Ігнаценка: ) "Усе гэтыя фігуры, як і кіраўнік адміністрацыі, так і іншыя службовыя асобы, ня ёсьць самастойныя і не прадстаўляюць зь сябе рэальнай сілы. Гэта проста звычайныя выканаўцы. Там ёсьць асоба, якая за ўсіх усё вырашае і прымае рашэньні".

***

Генадзь Нявыглас нарадзіўся ў 1954 годзе ў Пінскім раёне. У 1975 годзе скончыў маскоўскую Вышэйшую памежную вучэльню, а потым Вышэйшую школу КДБ. Служыў ва Ўсходняй памежнай акрузе СССР, а ў 1992 годзе вярнуўся ў Беларусь і служыў у Памежным камітэце краіны. У 2000 годзе з пасады намесьніка старшыні Памежнага камітэту быў прызначаны начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта, а праз год стаў дзяржсакратаром Савету бясьпекі. Крыніцы ў Савеце бясьпекі называюць службовы стыль свайго былога начальніка “рашучым і валявым”.
XS
SM
MD
LG