Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніякага беларускага “Майдану” ў Менску ня будзе”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У гэтыя першыя дні новага 2006 году па кватэрах і хатах беларусаў ходзяць ня толькі Дзяды Марозы са Сьнягуркамі, але і зборшчыкі подпісаў з ініцыятыўных групаў васьмёх беларускіх палітыкаў, якія прэтэндуюць на пасаду прэзыдэнта дзяржавы. Тэма хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў, да якіх застаецца ўсяго два з паловай месяца — галоўная ў нашай пошце гэтых сьвяточных дзён.

Сёньняшні агляд пошты “Свабоды” пачну з электроннага ліста ад слухача, які не назваў свайго прозьвішча, абмежаваўся імем — Генадзь. (Адзначу, што такіх лістоў, аўтары якіх апасаюцца падпісвацца, апошнім часам у нашай пошце стала заўважна больш.)

“Што б вы, спадар Жданко, ні казалі аб роўнаадаленасьці ад усіх палітычных сілаў, насамрэч вы ня толькі інфармуеце, але і ўскосна падтрымліваеце нашу апазыцыю, — піша ў сваім лісьце Генадзь. — Як кажуць, хто плаціць, той і замаўляе музыку. Тым ня менш, лічу, што нават у гэтых умовах вы павінны даносіць да слухачоў альтэрнатыўны пункт гледжаньня. А гэты пункт гледжаньня ў, так бы мовіць, “іншадумскіх” апазыцыйных колах ужо выпрацаваны. Коратка яго можна выкласьці ў наступных тэзісах.

Прэзыдэнцкая кампанія, яшчэ як належыць не пачаўшыся, ужо прайграная. І што б ні казалі пра адваротнае — прайграў і адзіны кандыдат ад БНФ. Супярэчлівасьць выказваньняў Мілінкевіча (наконт байкоту ці “не байкоту” выбараў) адлюстроўвае непасьлядоўнасьць усёй дзейнай апазыцыі, якая рэклямуе сябе пад абрэвіятурай “10+”. Іхнае палітычнае мясьленьне адстае ад сытуацыі ў нашай краіне, як я мяркую, гады на чатыры. І гэты адрыў толькі павялічваецца.

Вяршыня посьпеху гэтай кааліцыі — само вылучэньне “адзінага” кандыдата на Кангрэсе дэмсілаў. Гэта максімум, на што хапае мазгоў і людзкіх рэсурсаў кааліцыі. Нічога больш за гэта яны зрабіць ня ўмеюць і ня здолеюць. Ну, яшчэ зьбяруць 100 тысяч подпісаў за Мілінкевіча — і усё на гэтым.

Далей у сваім электронным лісьце на “Свабоду” слухач Генадзь разважае пра тое, якой, на ягоную думку, павінна быць дэмакратычная апазыцыя ў Беларусі:

“Чарговы раз прайграе ня толькі гэтая кааліцыя. Мы назіраем, як зноў правальваецца (з падачы ўлады, канечне) празаходне арыентаваная апазыцыя Лукашэнку і дзейнаму рэжыму. Правальваецца празаходні вэктар разьвіцьця Беларусі — і чарговы раз усе старанна не акцэнтуюць на гэтым увагі. Што да самога БНФ, то толькі сьляпы ня бачыць, што іхны варыянт беларускага нацыяналізму правальваецца (надзвычай мала прыхільнікаў і нават тых, хто спачуваюць), і сур’ёзных пэрспэктываў у яго няма.

Зьдзіўляе пазыцыя ЗША і Эўропы, якія цудоўна ведаюць цану гэтай празаходняй апазыцыі, яе рэальныя сілы (надзвычай мізэрныя) і магчымасьці (надзвычай абмежаваныя). Але Захад замест таго, каб дапамагчы станаўленьню новых сілаў (не такіх дэманстратыўна празаходніх і не такіх тупых і бездапаможных), чарговы раз зрабіў стаўку на ранейшых (зладзеяватых і бітых неаднаразова). Натуральна, што ніякага беларускага “Майдану” тут ня будзе — і быць ня можа ў такіх умовах і з гэтымі дзейнымі асобамі. Усё давядзецца рабіць спачатку пасьля чарговага краху гэтай кампаніі. Але я глыбока перакананы, што рабіць гэта павінны новыя лідэры, новая палітычная апазыцыя. І заходнія спонсары павінны гэта пачуць і прызнаць. Інакш мы ніколі ня вылезем з гэтага балота”.

Ведаю, Генадзь, што сярод дэмакратычна настроенай часткі грамадзтва такія развагі і высновы надзвычай распаўсюджаныя. І як зь імі не пагадзіцца? Сапраўды, з году ў год у апазыцыі — у асноўным паразы і ніякіх прыкметных перамог. Дзе ейныя эфэктыўныя і гнуткія лідэры, якія б улічвалі рэальныя грамадзкія настроі, якія б знаходзілі паразуменьне і падтрымку ня толькі на Захадзе, але і ў Маскве? Заўважу, аднак: падобныя папрокі гучаць ужо на працягу прынамсі дзесяцігодзьдзя. Пра неабходнасьць новай апазыцыі, новых твараў і новай стратэгіі пачыналі гаварыць і ў 1996-м, і ў 2001-м — кожны раз пасьля выбараў альбо рэфэрэндумаў. І новыя твары, адзначым, зьяўляліся. І палітычныя праграмы новыя лідэры істотна карэктавалі. І ў Маскву езьдзілі, і на моўных ды нацыянальных праблемах увагі не акцэнтавалі…

Можна прад’яўляць якія заўгодна прэтэнзіі да дэмакратычных сілаў (прычым, прэтэнзіі абгрунтаваныя і справядлівыя). Але ў любым выпадку даводзіцца лічыцца з фактам: іншай апазыцыі ў Беларусі няма. Ці зьявіцца яна — залежыць, Генадзь, зусім не ад Захаду, а ад самога беларускага грамадзтва, ад такіх, як вы, актывістаў, якія ўсьведамляюць неабходнасьць зьменаў. Ніхто звонку замест саміх беларусаў гэтага ня зробіць.

Што да нашага радыё, Генадзь, то мы падтрымліваем ня нейкую пэўную палітычную сілу альбо асобу. Радыё Свабода падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека, і робіць гэта шляхам распаўсюду аб’ектыўнай праўдзівай інфармацыі ды ідэяў.

Адзін з найбольш вострых эканамічных канфліктаў апошняга часу на прасторах СНД — расейска-ўкраінская газавая “вайна”. Вось як выказваецца пра яе ў сваім лісьце наш сталы слухач Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну:

“Каторы ўжо дзень мы назіраем, як Пуцін спрабуе паставіць украінцаў на калені. Мне ў гэтай сувязі міжволі ўспамінаецца, як некалькі год таму наш прэзыдэнт кінуўся абараняць братоў-славянаў у асобе Мілошавіча. Сэрбы значна далей ад беларусаў, чым украінцы. Але аказваецца, яны для нас больш родныя. А інакш чаму Аляксандар Рыгоравіч у гэтым выпадку не абараняе іх, ня раіць свайму сябру Пуціну не глядзець на братоў-украінцаў скрозь прыцэл газавай трубы? Калі за ўсім гэтым назіраеш, то так і хочацца спытаць: “Дзе ж вы, сапраўдныя славяне?” Няма адказу…”

Пра этнічную блізкасьць народаў палітычныя дзеячы, спадар Валошка, часта згадваюць у залежнасьці ад каньюнктуры. Пасьля адхіленьня ад улады і арышту Слабадана Мілошавіча сэрбы не перасталі быць славянамі, але пра сяброўства зь імі ў беларускіх дзяржаўных мэдыях і з высокіх трыбунаў гаварыць цяпер не прынята. Ці не таму, што ў Белградзе больш не шукаюць сяброў сярод аўтарытарных рэжымаў?

А прыклад Украіны зь ейнай пераможнай аранжавай рэвалюцыяй таксама зусім не схіляе цяперашніх беларускіх кіраўнікоў да развагаў пра супольныя гістарычныя лёсы і этнічную роднасьць. Хоць яшчэ зусім нядаўна, да прыходу да ўлады прэзыдэнта Юшчанкі, падобныя рытуальныя запэўніваньні былі абавязковымі.

Фрагмэнт зь ліста Алега Сьмяшкова з Магілёва. Слухач піша:

“Зусім не падрыхтаванымі аказаліся беларусы да свайго шанцу на ўласную дзяржаву і дэмакратыю. Можа, таму, што гэты шанец сам зваліўся нам на галаву ў 1991 годзе? Выявілася, што няма ў нас веры ў саміх сябе. У агульную пуню папрасіліся ледзь не адразу ж пасьля абвяшчэньня незалежнасьці. Напэўна, да дэмакратыі і незалежнасьці насуперак жаданьню за вуха не прыцягнеш. Вядома, камуністы ў свой час у Беларусі старанна папрацавалі: выцягнулі зь людзей і розум, і годнасьць, і сумленьне. Вось і падалася тая свабода беларусам безуладзьдзем і безадказнасьцю. Спужаліся саміх сябе. Здаецца, гэта ж так проста: падзел улады, незалежныя парлямэнт і суд, кантроль за ўладай. Ня будзе гэтага — вернемся да дыктатуры і злачынстваў. Але ж не — не дасьпеў народ да гэтага. Альбо дасьпеў ужо, але бярэ верх боязь — “абы ўсё ціха”. І няма нейкага штуршка. А многія, мне здаецца, усур’ёз лічаць, што ў Беларусі цяпер і так лепш, чым паўсюль, зь іхнымі тэрарыстамі ды неспакоем. Да таго ж, гэта і прыемна — чуць запэўніваньні, якія мы найлепшыя, і правы чалавека ў нас найлепшыя… У мяне цяпер ёсьць спадзеў хіба што на Ўкраіну — каб у іх усё атрымалася. Можа, тады і ў нас што-небудзь зьменіцца”.

За мінулыя чатырнаццаць гадоў стаўленьне да незалежнасьці сваёй дзяржавы ў беларусаў істотна зьмянілася, спадар Сьмяшкоў. На сёньняшні дзень большасьць беларускага грамадзтва ўжо ня хоча бачыць сваю радзіму ўскраінай Расейскай імпэрыі. Гэтыя настроі, дарэчы, улічвае і цяперашняе беларускае кіраўніцтва, якое катэгарычна адмаўляе магчымасьць далучэньня да Расеі ў якасьці суб’екту фэдэрацыі. Хоць у сярэдзіне 1990-х гадоў і заявы, і намеры, і тэмпы так званага “саюзнага будаўніцтва” былі зусім іншымі. Але сёньня тая будоўля ператварылася ў “даўгабуд” зь вельмі туманнымі пэрспэктывамі.

На заканчэньне — кароткія фрагмэнты зь некалькіх калядных віншаваньняў ад нашых слухачоў:

“Жадаю, каб у 2006 годзе ўся Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода пачала працаваць у сталіцы нашай роднай Беларусі — у Менску”, — напісала Аглаіда Жыхар зь Вялейкі.

А наш даўні сябар настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну, як заўсёды, даслаў вершаванае каляднае віншаваньне. Ёсьць у ім такія радкі:

“Зачакаліся людзі шчасьлівай пары, Калі скажуць: “Мы лёсу свайго ўладары!” У вялікай ступені ад любай “Свабоды” Узалежаны лёс небаракі-народа”.

Дзякуй за цёплыя віншаваньні вам, Алесь Іванавіч, і ўсім слухачам, якія знайшлі час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG