Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым скончыўся расейска-ўкраінскі газавы крызіс?


Юры Дракахруст, Прага Учора ўначы расейска-ўкраінскі газавы крызыс быў вырашаны. Было падпісанае пагадненьне на пяць гадоў, у якім агаворваюцца ўмовы паставак газу ва Ўкраіну і транзыту газу праз Украіну. Прадстаўнікі Расеі і Ўкраіны, а таксама Эўразьвяз выказваюць задавальненьне дасягнутай згодай.

На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер і старшыня “Нафтагазу Ўкраіны” Аляксей Іўчанка паведамілі, што востры крызіс, які прывёў да трохдзённага спыненьня паставак газу ва Ўкраіну і скарачэньня паставак у Заходнюю Эўропу, пасьпяхова вырашаны.

Старшыня “Газпраму” Мілер заявіў:

(Мілер: ) "Магу Вам сказаць, што перамовы з Аляксеем скончыліся ў нас сёньня позна ноччу, у 2 гадзіны 30 хвілінаў. Мы дасягнулі канчатковай дамоўленасьці. Хачу сказаць, што перамовы скончыліся для "Газпрому" пасьпяхова, і "Газпром" цалкам задаволены дасягнутымі вынікамі".

Задавальненьне дасягнутай згодай выказаў і кіраўнік “Нафтагазу Ўкраіны”.

(Іўчанка: ) "Мы задаволеныя вынікамі перамоваў, якія завяршыліся сёньня ўначы. Мы прайшлі да пагадненьня на ўзаемавыгаднай і ўзаемапрымальнай аснове. Яна дае нам магчымасьць цалкам забясьпечыць балянс газа Ўкраіны і з другога боку забясьпечыць транзыт расейскага газу ў Эўропу".

Формула згоды – даволі складаная. Ключавую ролю ў ёй адыгрывае кампанія “Росукрэнэрга”, створаная “Газпромам” і аўстрыйскім “Райфайзэнбанкам” у ліпені 2004 году. Раней гэтая кампанія займалася выключна транспарціроўкай туркмэнскага газу ва Ўкраіну. Паводле Аляксея Мілера, схема прадугледжвае, што “Газпром” прадае свой газ менавіта па той цане, на якой расейскі канцэрн настойваў у перамовах з Украінай.

(Мілер: ) "З 1 студзеня 2006 году "Газпром" пастаўляе газ для спажывальнікаў ва Ўкраіне праз кампанію "Росукрэнэрга". Заключаны доўгатэрміновы кантракт на 5 гадоў на пастаўку расейскага газу. Пачатковая цана складае 230 даляраў за тысячу кубамэтраў".

Але “Росукрэнэрга” будзе зьмешваць гэты дарагі расейскі газ са значна больш танным туркмэнскім, казахстанскім, узбэцкім і сярэдняя цана атрымаецца значна ніжэйшай за 230 даляраў. Гаворыць Аляксей Іўчанка:

(Іўчанка: ) "Мы будзем купляць газ рознага паходжаньня – і расейскага, і сярэдняазіяцкага ў кампаніі "Росукрэнэрга". Цана будзе складаць 95 даляраў за тысячу кубамэтраў на мяжы Ўкраіна-Расея".

Гэта прыкладна ўдвая даражэй, чым Украіна купляла газ у “Газпрома” летась. Але ўдвая, а не ўтрая і не ўпяцёра. У газе, які будзе спажываць Украіна, зьніжаецца доля Расеі – з 60 мільярдаў кубамэтраў гадавога спажываньня ўласна расейскі газ складзе толькі 17 мільярдаў, а газ з Цэнтральнай Азыі – 45 мільярдаў.

Адначасна Ўкраіна падвышае тарыф за транзыт: з даляру 9 цэнтаў да даляру 60 цэнтаў за тысячу кубамэтраў на сто кілямэтраў.

Акрамя таго, цяпер з разьлікаў бакоў цалкам выключаецца бартэр – Украіна будзе плаціць жывымі грашыма за пастаўкі газу, Расея будзе плаціць грашыма за транзыт. Падпісаная ў Маскве дамова разьлічаная на 5 гадоў.

Ня выключана, што да дасягненьня згоды бакі, ці адзін з бакоў падштурхнула надзвычайная занепакоенасьць краінаў Эўропы і Злучаных Штатаў, Эўропа сутыкнулася ў першыя дні студзеня з істотным падзеньнем паставак – ад 14% ў Польшчы да 50% у Сэрбіі. Менавіта на сёньня Эўракамісія прызначыла пасяджэньне для абмеркаваньня газавага крызысу. Выглядае невыпадковым, што ён быў вырашаны напярэдадні пасяджэньня.

Прадстаўнікі Эўразьвязу віталі згоду, дасягнутую паміж Масквой і Кіевам. Камісар Эўракамісіі ў пытаньнях энэргэтыкі Андрыс Пібалгс заявіў:

(Пібалгс: ) "Мы задаволеныя тым, што справа вырашылася. Гэта надае нам аптымізм напярэдадні сёньняшняй сустрэчы і мы шчасьлівыя тым, што абодва бакі задаволеныя".

Марцін Барэнштэйн, міністар эканомікі Аўстрыі, якая зараз пераняла ў Вялікай Брытаніі старшыняваньня ў Эўразьвязе, лічыць расейска-ўкраінскую дамову добрым пачаткам гэтага старшыняваньня.

(Бартэнштейн: ) "Я мяркую, што гэта добрая навіна для Эўрапейскага Зьвязу, і гэта добры пачатак аўстрыйскага старшыняваньня. Дзякуй перамоўцам за тое, што яны дасягнулі згоды".

Хаця эўрапейскія краіны і ЗША наўпрост ня ўмешваліся ў газавы канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, аднак і не заставаліся ў баку ад яго. Учора гэта даў зразумець прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту ЗША Шон Макормак.

(Макормак: ) "Гэтая спрэчка выклікае пытаньне аб энэргетычнай надзейнасьці, асабліва ў разгар зімы, калі ў Эўропе ідуць сьнегапады, халодна – і гэта таксама выклікае пытаньні наконт выкарыстаньня энэргетыкі для палітычнага ціску. Гэта тое, што мы абмяркоўвалі з расейскім ўрадам".

Вынікі крызысу і сэнс дасягнутай згоды прэм''ер міністар Украіны Юры Еханураў сфармуляваў наступным чынам:

(Еханураў: ) "Для нас гэта быў сур''ёзны ўрок і я лічу, што абсалютна справядлівыя патрабаваньні Расейскай Фэдэрацыі па пераходзе на рынкавыя адносіны зараз успрынятыя ўкраінскім бокам".

Украінскі прэм''ер дадаў:

(Еханураў: ) "Я вельмі не хацеў бы, каб нехта ўспрымаў гэта, як нейкую саступку з расейскага ці ўкраінскага боку. Вялі перамовы партнэры, якія дамовіліся ў гэтай цяжкой сытуацыі. Гэта сьведчыць пра тое, што і "Газпром" і "Нафтагаз Украіны" добра разумелі сваю адказнасьць шмат перад якімі краінамі".

Гл. таксама • Заходнія СМІ ў газавым канфлікце вінавацяць Расею • Што кажуць у Беларусі пра канец расейска-ўкраінскай газавай вайны? • Польшча пабудуе газавы тэрмінал на Балтыцы
XS
SM
MD
LG