Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка прызначыў кіраўніком Адміністрацыі Г.Нявыгласа


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Генадзя Нявыгласа, які раней працаваў дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі.

4 студзеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў Віктара Шэймана з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта і прызначыў на гэтую пасаду Генадзя Нявыгласа, які раней працаваў дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Беларусі. Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі. Паводле паведамленьня, Віктар Шэйман узначаліў перадвыбарчы штаб Лукашэнкі. Пра далейшы службовы лёс былога кіраўніка адміністрацыі не паведамляецца.

Што вядома пра новага кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі?

Генадзь Нявыглас нарадзіўся ў 1954 годзе ў Пінскім раёне. У 1975 годзе скончыў маскоўскую Вышэйшую памежную вучэльню, а потым Вышэйшую школу КДБ. Служыў ва Ўсходняй памежнай акрузе СССР, а ў 1992 годзе вярнуўся ў Беларусь і служыў у Памежным камітэце краіны. У 2000 годзе з пасады намесьніка старшыні Памежнага камітэту быў прызначаны начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта, а праз год стаў дзяржсакратаром Савету бясьпекі. Крыніцы ў Савеце бясьпекі называюць службовы стыль свайго былога начальніка “рашучым і валявым”.

Ці азначае адстаўка Віктара Шэймана, што ён губляе пазыцыі самага набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі чыноўніка?

Аляксандар Фядута, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі ў сярэдзіне 1990-х, мяркуе, што пра заканчэньне службовай кар’еры Віктара Шэймана казаць не даводзіцца:

(Фядута: ) “Шэйман, як пісталет, — нават калі ён не страляе, усё ж лепш трымаць яго пры сабе, чым выкідаць на вуліцу: нехта можа і падабраць. Ня трэба забывацца, што Шэйман ведае значна больш, чым нехта іншы. Так, ён быў ня вельмі карысны ў якасьці кіраўніка адміністрацыі, ён быў ня вельмі эфэктыўны як галоўны бюракрат краіны, але гэта ня значыць, што далей ён будзе не патрэбны”.

Віктар Шэйман прыйшоў кіраваць Адміністрацыяй прэзыдэнта з пасады генэральнага пракурора Беларусі. Менавіта калі ён працаваў у генэральнай пракуратуры, яго імя патрапіла ў сьпіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Эўрапейскія структуры падазраюць Віктара Шэймана ў датычнасьці да зьнікненьняў беларускіх апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Вядома, што сам Віктар Шэйман адмаўляецца камэнтаваць гэтыя абвінавачаньні. Не ўдалося атрымаць ягонага камэнтара і наконт адстаўкі з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG