Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: дзе выбарцам падпісацца за прэтэндэнтаў на прэзыдэнта?


Радыё Свабода Апытаньне “Свабоды”: Ці мелі вы магчымасьць паставіць свой подпіс за прэтэндэнтаў на прэзыдэнта? На пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

(Пэнсіянэр: ) “Я жыву ў мікрараёне Валатава, ніхто яшчэ да нас не прыходзіў”.

(Хлопец: ) “Не, не было магчымасьці. Ня ведаю нават, за каго можна падпісацца”.

(Хлопец: ) “Прэтэндэнты ніяк сябе ня выявілі, я іх ня ведаю. У нас пакуль толькі адзін кандыдат. Параўнайце, напрыклад, расейскіх кандыдатаў і нашых. Нашых практычна не чуваць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Не было ў мяне магчымасьці, але я падпішуся — за Лукашэнку. Ён мне падабаецца як прэзыдэнт. Я пэнсіянэрка, пэнсія нам своечасова выдаецца. Я лічу, што пэнсіянэры ня вельмі кепска жывуць”.

(Спадарыня: ) “Да нас ніхто не прыходзіў, інфармацыі не было на гэты конт”.

(Спадар: ) “У беларускіх афіцыйных сродках масавай інфармацыі няма рэклямы, што ідуць нейкія выбары. Гэтага я ня бачу. Напрыклад, у расейскіх мэдыях у свой час гэта добра асьвятлялася — як, дзе, якім чынам, якія правы мае чалавек. Нашыя СМІ нічога пра гэта не гавораць”.

(Спадарыня: ) “Падпісалася за Мілінкевіча. Вельмі такі адукаваны, прыстойны чалавек. Мне проста спадабалася, што ён рэальна глядзіць на сытуацыю ў Беларусі”.

(Пэнсіянэр: ) “Я ўжо падпісаўся за Лукашэнку. За дзесяць гадоў прывык да яго”.

(Спадар: ) “Пакуль яшчэ ніхто не падыходзіў, не зьвяртаўся, а так бы я з радасьцю. І восем кандыдатаў было — прынамсі, учора”.

(Спадар: ) “У мяне не было такой магчымасьці. Я б хацеў падпісацца за Мілінкевіча”.

(Пэнсіянэрка: ) “Падаецца, у нас хадзілі. Я за Лукашэнку падпішуся. Больш я нікога ня ведаю, і ніхто мне іншы не патрэбны”.

(Спадарыня: ) “Ніхто не прыходзіў. Кепска штабы працуюць. У скрынях паштовых нічога не было, і, даруйце, на платах, як раней, нічога ня вывешвалі. Хацелася б болей інфармацыі”.

(Спадар: ) “Учора бачыў, каля ўнівэрмагу стаялі і за Мілінкевіча зьбіралі подпісы. Я, апрача яго, ня бачыў іншых прэтэндэнтаў”.

(Пэнсіянэр: ) “Я ў Навабеліцы жыву. За Мілінкевіча падпісаўся”.

(Маладая спадарыня: ) “Няма пакуль ніякай інфармацыі”.

(Студэнт: ) “Нічога ня ведаю. Ну хаця б была даступная інфармацыя, каб усе бачылі, дзе праводзіцца гэты збор подпісаў. Трэба, каб гэта было ў грамадзкіх месцах — у тых жа тралейбусах. Каб людзі бачылі!”
XS
SM
MD
LG