Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча пабудуе газавы тэрмінал на Балтыцы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Улады Польшчы з расейска-ўкраінскага газавага канфлікту зрабілі адназначныя і даволі радыкальныя высновы – урад вырашыў тэрмінова пабудаваць тэрмінал на Балтыйскім моры, каб мець магчымасьць атрымліваць газ зь іншых краінаў, а шукаць вінаватых у тым, што Польшча дагэтуль заставалася залежнай ад расейскага газу будзе пракуратура.

Хаця Польшча ўжо атрымлівае газ з Расеі праз Украіну ў поўным аб''ёме, некалькіх дзён эскаляцыі расейска-ўкраінскага канфлікту хапіла, каб у Варшаве вырашылі тэрмінова зрабіць усё магчымае, каб пазбавіцца ад залежнасьці ад расейскага газу.

(Марцінкевіч: ) “Тое, што адбывалася цягам апошніх чатырох гадоў у гэтай справе гэта скандал і пагроза для энэргетычнай бясьпекі Польшчы”, – заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч.

Гаворкай ідзе, сярод іншага, пра пастаўкі газу з Нарвэгіі і Даніі – папярэднія дамоўленасьці зь фірмамі з гэтых краінаў былі падпісаныя польскім бокам у верасьні 2001 году. Аднак посткамуністычны ўрад Лешка Мілера, які прыйшоў да ўлады праз некалькі тыдняў, спыніў перамовы ў гэтай справе.

Цяпер пракуратура мае намер высьветліць, чаму так здарылася.

(Зёбра: ) “Мы павінны вельмі дакладна разабрацца, чаму так здарылася. Апошнія падзеі паказалі, што гаворка ідзе пра ключавыя моманты бясьпекі Польшчы”, – заявіў генэральны пракурор і адначасова міністар юстыцыі Польшчы Збігнеў Зёбра.

Лешэк Мілер кажа, што сьледзтва ў гэтай справе ня мае сэнсу, бо падпісаньне кантрактаў з Нарвэгіяй і Даніяй было нерэальным, а да таго ж, расейскі газ –таньнейшы. Але цяперашні міністар эканомікі Польшчы Пётра Возьняк лічыць, што гэта ня мае значэньня, бо энэргетычная бясьпека краіны мае сваю цану.

(Возьняк: ) “Калі б тыя кантракты папярэдні ўрад не адкінуў абсалютна неабгрунтавана, мы б ужо год таму ня мелі праблемаў з дастаўкай газу з поўначы Эўропы, і блякада з усходу нам бы не пагражала”.

Як бы не было, але Польшча ўжо вярнулася да перамоваў з Нарвэгіяй і Даніяй. Учора польскі ўрад прыняў рашэньне пабудаваць газавы тэрмінал на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора, які будзе ў стане прыймаць каля 5 мільярдаў кубічных мэтраў газу ў год.

Гэта значыць, што разам з газам з уласных радовішчаў, Польшча зможа забясьпечыць свае патрэбы ў гэтым паліве без расейскага газу, што ідзе праз Украіну і Беларусь, прыкладна на 85-90%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG