Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Мілінкевіча подпісы зьбірае рэжысэр, за Казуліна — сьвятар


Радыё Свабода У штабах патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта падсумоўваюць вынікі першага тыдня збору подпісаў, але лічбаў пакуль не агучваюць. Тым часам Аляксандар Казулін заявіў, што на ягоных зборшчыкаў пачаўся ціск; у перадвыбарчым штабе Аляксандра Мілінкевіча кажуць пра першыя правакацыі.

Кіраўніца Менскага гарадзкога штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Валянціна Палевікова паведаміла “Свабодзе”, што гэтымі днямі толькі ў сталіцы дзейнічаюць каля дваццаці іх пікетаў і што асобныя сябры ініцыятыўнай групы зьбіраюць да васьмідзесяці подпісаў штодня. Зьявіліся і першыя правакацыі, сьцьвярджае спадарыня Палевікова:

(Палевікова: ) “Каля гатэлю “Турыст” нейкія як бы сябры нашай групы бамжаватага выгляду з партрэтам Мілінкевіча (ня ведаю, дзе яны яго ўзялі) быццам бы за яго зьбіралі подпісы... Гэтым, напэўна, хацелі сказаць, што вось якія непрывабныя людзі ў нашай камандзе. Але гэта зусім ня так”.

Зборшчык подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча вядомы рэжысэр Валеры Мазынскі сёньня працаваў у пікеце ля мэтро “Няміга”. Разам ён сабраў каля сямідзесяці подпісаў.

(Мазынскі: ) “Збор подпісаў ідзе па калейцы, як бы па чарзе, то стаіць чарга, то няма — звычайна, як ідуць людзі. Але пашпартоў няма ў многіх… Гэта кампэнсуем вечарамі, калі мы ходзім па кватэрах”.

Тыя, хто мелі пашпарты з сабой і падпісваліся, так казалі пра сваё рашэньне:

(Спадарыня: ) “Таму што веру, што гэты чалавек зможа сапраўды прынесьці нейкія перамены ў нашае нуднае жыцьцё. Добра ведаю яго як выкладчыка Гарадзенскага ўнівэрсытэту, сама там навучалася”.

(Іншая спадарыня : ) “Хачу, каб была альтэрнатыва”.

Пэнсіянэры часам адмаўляюцца ставіць свой подпіс і гучна камэнтуюць сваё рашэньне:

(Пэнсіянэрка: ) “Мы за Лукашэнку будзем, за “бацьку”, ён нам пэнсію дабаўляе, а што гэтыя зробяць… Які зь яго будзе прэзыдэнт, калі ён сам набіваецца”.

Ля ўнівэрсаму “Суседзі” на былым праспэкце Машэрава сёньня подпісы за Аляксандра Казуліна зьбіраў праваслаўны сьвятар Генадзь Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) “Як усё грамадзтва надта ў запусьценьні, у той агіднасьці запусьценьня, пра якую гаворыць Пісаньне, так і ў царкве штосьці неверагоднае адбываецца. Як заўсёды, жыцьцё адраджаецца сярод самых адукаваных, самых духоўных людзей, таму і я выбраў служэньне менавіта ў гэтым месцы”.

Сам Аляксандар Казулін, даведаўшыся, што на факультэце міжнародных дачыненьняў БДУ арганізавана вядуць збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, прывёў туды сябраў і сваёй ініцыятыўнай групы, і тыя змаглі працаваць паралельна. Спадар Казулін сьведчыць, што на актывістаў ягонай групы пачалі ціснуць:

(Казулін: ) “Ідзе ўзьдзеяньне на сябраў ініцыятыўнай групы — прычым, канкрэтнае, выклікаюць і кажуць, што страцяць працу, факты ўжо такія не адзінкавыя, а ўжо некалькі дзясяткаў”.

Спадар Казулін кажа, што ў такіх выпадках будзе ўмешвацца ў канфліктыя сытуацыі асабіста.

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Мілінкевіча паведамілі, што ёсьць адзінкавыя выпадкі ціску ўладаў на іх сябраў. У ініцыятыўных групах Валерыя Фралова і Аляксандра Вайтовіча сказалі, што ў іх такіх прыкладаў няма.
XS
SM
MD
LG