Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць у Беларусі пра канец расейска-ўкраінскай газавай вайны?


Радыё Свабода Расейскі “Газпром” будзе пастаўляць газ трэйдынгавай кампаніі “Росукрэнерго” па 230 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пры гэтым “Росукрэнерго” будзе пастаўляць Украіне зьмяшаны газ расейскага і сярэднеазіяцкага паходжаньня па 95 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пагадненьне будзе дзейнічаць пяць гадоў. Хто ж выйграў у расейска-ўкраінскай газавай вайне?

У “Белтрансгазе” наагул адмовіліся камэнтаваць любыя пытаньні, зьвязаныя з газам. Вось што сказала сакратарка генэральнага дырэктара Дзьмітрыя Казакова:

(Сакратарка: ) “Ніякіх камэнтароў адносна ўсемагчымых пытаньняў, якія тычацца газу, ён ня можа даваць”.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у прамысловасьці і паліўна-энэргетычным комплексе Анатоль Паўловіч лічыць, што як вынік Украіна і Расея засталіся пры сваіх інтарэсах.

(Паўловіч: ) “Іншая справа, трэба даць час, каб неяк украінская эканоміка правяла неабходныя арганізацыйныя мерапрыемствы, каб яна была гатовая да такіх новаўвядзеньняў. Але, калі Ўкраіне дадзены статус краіны з рынкавай эканомікай, то ўся Эўропа атрымлівае газ па такіх коштах. Калі б гэта вырашалася ў рамках СНД, тады можна дамаўляцца на меншыя цэны. Але Ўкраіна ў гэтым пляне сябе вядзе неадэкватна, яна выразна вызначыла свой вэктар. Відаць, адсюль і адпаведныя паводзіны Расеі”.

Паводле Анатоля Паўловіча, Беларусь таксама павінна рыхтаваць сваю эканоміку да такіх жа цэнаў.

(Паўловіч: ) “Нам дадзены пэўны перапынак, каб мы сваю сыстэму, нашую народную гаспадарку ў гэтым пляне падрыхтавалі. Так, Украіну цяпер Расея паставіла ў такую сытуацыю. У гэтай сытуацыі мы можам быць праз год”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук называе расейска-ўкраінскае пагадненьне кампрамісным:

(Раманчук: ) “Яно, безумоўна, набліжае Ўкраіну да яшчэ большай эканамічнай незалежнасьці. Але, я думаю, што гэты канфлікт будзе мець наступствы ня толькі замежнапалітычныя, але і замежнагандлёвыя. Краіны ўжо больш будуць лічыць грошы, думаць пра свае інтарэсы. І што да інтэграцыі ў рамках СНД альбо АЭП, па сутнасьці, ужо можна паставіць на ёй вялікі крыж”.

Паводле спадара Раманчука, Беларусь таксама павінна чакаць падвышэньня цаны — і ёй давядзецца альбо прадаць “Белтрансгаз”, альбо выканаць іншыя патрабаваньні.

(Раманчук: ) “Таму што 47 даляраў — гэта, безумоўна, перадаплата за тое, каб атрымаць беларускія актывы. А гэта, безумоўна, уваходзіць у канфлікт з той палітыкай, якую агучвае Лукашэнка”.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч лічыць непрымальным фінансавы і энэргетычны шантаж у дачыненьнях паміж краінамі. Паводле Мілінкевіча, Беларусь абсалютна не падрыхтавана да рэальных цэнаў, але яны будуць уведзены.

(Мілінкевіч: ) “І як толькі будуць уведзены рэальныя цэны, Беларусь стане на калені. Вось гэта страшна. І я лічу, што нашыя ўлады, па першае, ня кажуць праўды людзям, што трэба зацягнуць паясы, бо заўтра будзе кепска пры любой уладзе. А трэба рыхтавацца і займацца перш за ўсё прамысловасьцю, якая столькі зьядае газу, нафты і гэтак далей”.

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька лічыць, што ў выыніку больш прэфэрэнцыяў атрымала Ўкраіна, яна выйшла годна з газавай вайны. Ва ўмовах палітычнага шантажу яна адстаяла свае нацыянальныя інтарэсы.

(Лябедзька: ) “Я думаю, што каманда Юшчанкі не прайграла і перад парлямэнцкімі выбарамі. А ў гэтай сытуацыі пераход на жорсткія рынкавыя адносіны Ўкраіны і Расеі гаворыць толькі аб адным — што Беларусь чакае нялёгкі час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG