Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава ня будзе плаціць людзям, што датэрмінова выйшлі на пэнсію?


Радыё Свабода Сёлета ў беларускай пэнсійнай сыстэме плянуюцца зьмены. Паводле намераў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, амаль паўмільёна пэнсіянэраў перастануць атрымліваць грошы з агульнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Плаціць ім будуць працадаўцы — гаворка ідзе пра людзей, што былі занятыя на шкодных вытворчасьцях і датэрмінова выйшлі на пэнсію. Міністэрства працы рыхтуе цяпер праект адпаведнага прэзыдэнцкага дэкрэту.

Са словаў міністара працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Антаніны Моравай, дадатковыя адлічэньні будуць рабіць прадпрыемствы, умовы працы на якіх прызнаныя цяжкімі. Гэтыя адлічэньні будуць пераводзіць у асобны фонд, зь якога працаўнікам, што выйшлі на пэнсію датэрмінова, будуць плаціць грошы. Але толькі да таго моманту, калі яны дасягнуць афіцыйнага пэнсійнага ўзросту: далей яны будуць атрымліваць пэнсіі ўжо зь бюджэту. Такім чынам, агульны фонд крыху разгрузяць.

Як вядома, у фонд сацыяльнай абароны штомесяц пералічваюць амаль траціну ад фонду заробкаў. Ці не атрымаецца так, што супрацоўнікі “цяжкіх” прадпрыемстваў вымушаныя будуць папросту болей плаціць? Антаніна Морава патлумачыла, што людзі гэтага не заўважаць: працадаўцы мусяць павялічыць адлічэньні ў фонд заробкаў.

(Морава: ) “У нас бяз гэтага высокі тарыф у фонд сацыяльнай абароны — 29% плюс 1 і 6%. І калі мы гэта будзем уводзіць, гэта ж дадатковы, па сутнасьці, падатак. Мы такім чынам на паўтара адсотка павялічым аплату і зьнізім тарыфы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Каб быў балянс і каб не павялічваўся сабекошт прадукцыі”.

Былы міністар працы, эканаміст Аляксандар Сасноў мяркуе, што такі спосаб можна назваць цывілізаваным, хоць казаць сур’ёзна пра пэнсійную рэформу ў Беларусі ў такіх варунках нельга. Як лічыць спадар Сасноў, для прадпрыемстваў зь цяжкімі ўмовамі працы гэта стане занадта вялікай эканамічнай нагрузкай.

(Сасноў: ) “У Беларусі яны збольшага стратныя, і таму ім знайсьці гэтыя дадатковыя грошы будзе вельмі цяжка”.

Перавод беларускай пэнсійнай сыстэмы на накапляльны прынцып Міністэрства працы плянуе распачаць у 2007—2008 гадох. Пры гэтым стварэньне недзяржаўных пэнсійных фондаў не прадугледжваецца. Як кажа Антаніна Морава, айчынныя страхавыя кампаніі ўжо маюць права займацца пэнсійным страхаваньнем і ўсе ахвочыя могуць панесьці свае грошы туды. Што да грамадзянаў, якія апошнім часам цікавяцца паслугамі замежных пэнсійных фондаў, дык са словаў міністра, трэба, каб яны атрымлівалі пэнсіі ў сваёй краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG