Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчыкаў подпісаў не пускаюць у інтэрнаты (абноўлены)


Радыё Свабода, Горадня Зборшчыкаў подпісаў за Аляксандра Казуліна ў Горадні не пусьцілі ў адзін з інтэрнатаў унівэрсытэта імя Янкі Купалы і ў інтэрнат прадпрыемства “Хімвалакно”.

З гэтымі выпадкамі разьбіралася сёньня абласная выбарчая камісія. Паводле яе сакратара Віктара Цыдзіка, у інтэрнатах можна зьбіраць подпісы, але сябры ініцыятыўных групаў павінны прытрымлівацца ўнутранага раскладу, які там дзейнічае.

Сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна ў Горадні Раман Юргель быў зьдзіўлены, што трапіць у інтэрнат Аграрнага унівэрсытэту на вуліцы Сацыялістычнай яму ўдалося без праблемаў, а вось у суседнім, дзе жывуць асьпіранты і выкладчыкі Купалаўскага унівэрсытэту, зьбіраць подпісы не дазволілі.

Спадару Юргелю давялося шукаць справядлівасьці, і ўрэшце яму сказалі, што, каб трапіць ва унівэрсытэцкі інтэрнат, трэба падаць пісьмовую заяву рэктару.

Тым часам сакратар абласной выбарчай камісіі Віктар Цыдзік мяркуе, што каб пазьбегчы непаразуменьняў, пажадана проста вусна ўзгадніць збор подпісаў у інтэрнаце з адміністрацыяй.

Аб розным стаўленьні да зборшчыкаў подпісаў паведаміла таксама сябра ініцыятыўнай групы Казуліна Сьвятлана Руткоўская. У адным інтэрнаце прадпрыемства “Хімвалакно” ніхто ёй не перашкаджаў зьбіраць подпісы, а ў другі трапіць не ўдалося. Спадарыня Руткоўская папрасіла назваць прычыну — чаму нельга зьбіраць подпісы сярод жыхароў гэтага інтэрнату?

(Руткоўская: ) “Яны мне так пачалі гаварыць: а навошта ўвогуле хадзіць за нейкіх кандыдатаў, калі ўжо ёсьць адзін кандыдат, і нам іншага ня трэба. Я кажу: вам ня трэба, але іншым трэба, навошта ж вы за ўсіх людзей адказваеце?”

Віктар Цыдзік з абласной выбарчай камісіі зазначае, што дамовіўся, каб супрацоўнікі гарвыканкаму правялі нараду, зьвязаную са зборам подпісаў у інтэрнатах.

(Цыдзік: ) “Я ўжо папрасіў, каб у горадзе разабраліся з гэтымі інтэрнатамі, таму што гэта толькі два выпадкі, але многа іншых інтэрнатаў, каб такога больш не было. І яны абяцалі ўсім патлумачыць, што нельга не дапускаць. Там трэба трымацца пэўнага парадку, але проста так не дапускаць нельга”.

Іншымі словамі, ініцыятыўныя групы ўсіх прэтэндэнтаў маюць аднолькавае права зьбіраць подпісы выбаршчыкаў, якія жывуць у інтэрнатах.

Што датычыць ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, то кіраўнік абласнога штабу Анатоль Хацько паведаміў, што праблемаў са зборам подпісаў пакуль не ўзьнікала, і яны задаволены актыўнасьцю выбаршчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG