Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінулы год – самы небясьпечны для журналістаў


Радыё Свабода Сёньня міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” выпусьціла штогадовую справаздачу.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” па ўсім сьвеце рэгулярна праводзіць маніторынгі. Яна адсочвае ўсё, што замінае журналістам выконваць іхныя прафэсійныя абавязкі, і натуральна перашкоды, якія робіць улада. У новым дакумэнце “Рэпарцёры бязь межаў” адзначаюць, што ў 2005 годзе былі забітыя 63 журналісты. Болей як 800 арыштаваныя. Яшчэ болей як тысяча трыста сталі аб’ектамі нападаў і пагрозаў.

“Рэпарцёры бязь межаў” канстатуюць, што мінулы год стаўся самым небясьпечным для журналістаў сьвету за апошнія 10 гадоў. Найболей у 2005 годзе іх загінула ў Іраку – 24 рэпартэры і пяцёра іхных памочнікаў. Працягваюць гінуць журналісты і ў краінах былога Савецкага Саюзу. Так, па два журналісты былі забітыя ў Азэрбайджане і Расеі, па аднаму ў Казахстане і Беларусі. Што тычыцца Беларусі, дык маецца на ўвазе пазаштатны аўтар “Народнай волі” Васіль Гроднікаў, прычыны гвалтоўнай сьмерці якога так і засталіся нявысьветленымі.

У сёлетняй справаздачы таксама падаецца сьпіс 15 “ворагаў інтэрнэту”. Тут на першым месцы Кітай. У сьпісе таксама Куба, Іран, Паўночная Карэя, Туркмэністан, Узбэкістан і Беларусь.
XS
SM
MD
LG