Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа скарыстацца з расейска-украінскага газавага крызысу?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія экспэрты лічаць, што беларускія ўлады могуць скарыстацца з расейска-украінскага газавага крызысу, аднак магчымасьці Менску не настолькі вялікія, каб чакаць ад Захаду нейкіх саступак – прыкладам, зьмякчэньня крытыкі ў справе парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ўзамен за павелічэньне транзыту. Ці магла б Польшча кампэнсаваць недахоп газу, які атрымлівае праз Украіну, за кошт павелічэньня танзыту праз Беларусь, бо польскі бок зьвяртаўся з такой просьбай да “Газпраму” і “Белтрансгазу”?

Учора ўвечары Польскае нафтагазавае прадпрыемства заявіла, што пастаўкі газу ў Польшчу з газаправодаў, што ідуць праз Украіну, вярнуліся да нормы – у палякаў нават не было неабходнасьці карыстацца з запасаў гэтага паліва. Аўтаматычна зьнікла неабходнасьць і павялічваць транзыт праз Беларусь, хаця гэтае павялічэньне і так не выратавала б палякаў, калі б Польшча пачала атрымліваць газу праз Украіну, скажам, на 30% менш. Вось што казаў нашаму радыё эканаміст Валер Кругавы, які працуе ў нафтагазавым сэктары ў Польшчы.

(Кругавы: ) “Аб’ёмы транзыту праз Украіну і Беларусь нельга параўноўваць: праз Украіну ідзе сама мала ў тры разы больш газу, чым праз Беларусь. Калі павялічацца пастаўкі газу праз Беларусь, дык максымальна на 10 мільярдаў кубамэтраў, у той час, як праз Украіну ідзе ад 70 да 100 мільярдаў кубічных мэтраў газу на год. Так, значэньне Беларусі як транзытнай краіны можа падвысіцца, але Менск ня будзе ў стане нічога дыктаваць – вырашае Масква. Ня варта чакаць і вялікіх прыбыткаў ад павелічэньня транзыту. Большасьць гэтага газу пройдзе праз газаправод, які належыць Газпраму”.

Агата Вяжбоўска-Мязга з Варшаўскага цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў таксама лічыць, што беларускія ўлады хаця і маюць узамен за сваю палітыку танны газ ад Расеі, але наўрад ці могуць разьлічваць на тое, што Захад, прыкладам, перастане патрабаваць ад Менску выкананьня дэмакратычных стандартаў, узамен за бесперапынны транзыт газу.

(Вяжбоўска-Мязга: ) “Эўрапейскі Зьвяз стрымлівае ад рашучых крокаў хутчэй пазыцыя Расеі ў гэтай справе, чым страх перад тым, што Менск будзе мець уплыў на транзыт. Эўрапейскія дзяржавы разумеюць, што пастаўкі газу для іх залежаць ад Расеі, а не транзытных краінаў”.

Адметна, што ўчора пра неабходнасьць размоваў з Беларусьсю ў справе павелічэньня транзыту газу ў Польшчы ўжо ніхто не казаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG