Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Гермянчук


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача 2006 году – "Імёны Свабоды".

Думаючы пра Ігара Гермянчука, я найперш узгадваю ягоныя вочы – дапытліва засяроджаныя, але разам з тым нязьменна ўсьмешлівыя і сагрэтыя іроніяй. Вочы ўнутрана свабоднага чалавека.

Упершыню я сустрэў яго, студэнта факультэту журналістыкі БДУ, на пачатку 1980-х у цяпер ужо легендарнай Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні. Я яшчэ ня ведаў, што Ігар ня толькі бярэ ўдзел у фальклёрных сьвятах ды адказвае на экзамэнах па-беларуску. Працуючы на паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа, ён выносіў адтуль наборныя літары для нелегальнай друкарні, якую марыў стварыць зь сябрамі.

Незалежная Беларусь стала мэтай і зьместам ягонага жыцьця зь юначых гадоў.

У 1990 годзе 29-гадовы Гермянчук быў абраны ў Вярхоўны Савет БССР гістарычнага XII скліканьня. Адзін з самых маладых дэпутатаў, ён з калегамі па фракцыі БНФ вяртаў нашую краіну на палітычную мапу сьвету.

У красавіку 1995 году Ігар разам зь іншымі дэпутатамі ад апазыцыі абвясьціў галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму пра дзяржаўную мову і сымболіку. Уначы ў залю Вярхоўнага Савету ўварваліся галаварэзы ў чорных масках.


11 красавіка 1995 году. Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня. (Гермянчук – чацьверты зьлева)

30-гадовым Ігар узначаліў газэту “Свабода”, якая пры ім зрабілася найбуйнейшым і найпапулярнейшым апазыцыйным выданьнем краіны. Ён, магчыма, як ніхто іншы з рэдактараў, разумеў магутную стваральную сілу нацыянальнай памяці. Даведаўшыся, што дзяржаўныя выдавецтвы адмовіліся друкаваць нашыя з Генадзем Сагановічам “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, Гермянчук прапанаваў цалкам апублікаваць кнігу на старонках “Свабоды”. Пазьней “Дзесяць вякоў...” чатыры разы выходзілі ў кніжным фармаце, але для мяне найдаражэйшым застаецца тое першае, газэтнае выданьне, якое ў суботніх нумарах чыталі дзясяткі тысяч людзей.

За антыпрэзыдэнцкія публікацыі пракуратура чатыры разы заводзіла на Ігара крымінальныя справы. Невядомыя прыцэльна стралялі па вокнах ягонага дому.

Пры канцы 1997 году газэта “Свабода” была забароненая, але ўжо ў студзені 1998 Ігар здолеў адрадзіць яе пад назовам “Навіны”. Быў рэдактарам часапісу "Кур''ер".


Ігар Гермянчук – рэдактар часопісу “Кур’ер”

1 студзеня яму споўнілася б толькі 45.

Ігара няма з намі ўжо амаль чатыры гады. Дактары сьцьвярджаюць, што ягонае сэрца спыніла невылечная хвароба. А мне здаецца, ён проста задыхнуўся ад вострага недахопу свабоды.

У Беларускай Энцыкляпэдыі месца для артыкула пра Ігара Герменчука не знайшлося. Але ў той Беларусі, дзеля якой ён жыў, выйдуць іншыя энцыкляпэдыі.


Надмагільны помнік Ігару Гермянчуку на Усходніх могілках. Аўтар помніку – Лявонцій Зданевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG