Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды": Беларускія арганы


Іна Студзінская, Менск У нашым эфіры – спэцыяльнае дасьледаваньне пра арганы. Паводле разнастайнасьці і глыбіні гучаньня гэтыя надзвычай складаныя інструмэнты параўноўваюць з аркестрам. Наша карэспандэнтка дасьледвала гісторыю гэтага незвычайнага інструмэнта ў Беларусі.

Кожны народ, вядома, уяўляе гэты старажытны музычны інструмэнт па-рознаму, але ставіцца да яго зь любоўю і павагай. Для немцаў, напрыклад, гэта жанчына, каралева ўсяго ў сьвеце гукаў – die Orgel, для італійцаў – як мужчына – organo, а для беларусаў, палякаў, чэхаў, літоўцаў – як сям’я: арганы, organy, varhany, vargonai – множнага ліку.

“Арганы вядуць урачыстую гармонію – казаў бы, зашумела пушча ад ветру, загаварыў бор, гоніць вецер удалечыню ўсенька...” – гэтак пісаў Казімер Сваяк, сьвятар і паэт.

Арганы – клявішна-духавы інструмэнт, складаюцца з мноства мэталічных і драўляных лябіяльных і язычковых труб розных памераў, формаў. Кожная дае гук пэўнай вышыні і тэмбру. Ёсьць у інструмэнце складаная пнэўматычная сыстэма, ручное і нажное кіраваньне, розныя вагары́ для сувязі клявіятур і ўключэньня рэгістраў.

Расказвае вядомы беларускі арганіст Канстанцін Шараў:

(Шараў: ) “Прынцып гучаньня такі: спэцыяльным вялікім вэнтылятарам нагнятаецца паветра ў мяхі. А потым па разьмеркавальных каналах ідзе паветра ў патрэбныя месцы. У залежнасьці ад уключаных рэгістраў падаецца пэўная колькасьць паветра. Потым паветра паступае ў трубы, і трубы гучаць”.

Сапраўды, па маляўнічасьці, глыбіні гучаньня арганы параўноўваюць з аркестрам. Вадзяныя арганы – гідра́ўлас – вядомыя з III стагодзьдзя да нашай эры. У Бізантыі з IV стагодзьдзя арганы выкарыстоўваюцца як сьвецкі інструмэнт. У VIII стагодзьдзі арганы зьявіліся ў каталіцкіх храмах Заходняй Эўропы. У Беларусі іх зарэгістравалі ў пачатку ХVІ стагодзьдзя. У берасьцейскіх актах ХVІ стагодзьдзя пазначана прафэсія арганіста.

У 1585 годзе ў Віленскай езуіцкай акадэміі была створаная бурса з выкладаньнем музыкі, у тым ліку і граньня на арганах. Натуральна, зьяўляліся і пашыраліся арганныя творы. У 1626 годзе выйшла “Ананімная арганная кніжачка”. А ў 1680 годзе быў створаны “Полацкі сшытак” – зборнік вакальнай і інструмэнтальнай сьвецкай ды касьцельнай музыкі. У зборніку больш за 60 вакальных, інструмэнтальных твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока.

Цікавая гісторыя знаходкі “Полацкага сшытка”. Вядомы навукоўца Адам Мальдзіс у польскай бібліятэцы гартаў сабе кніжку, ня дужа каб цікавую...

(Мальдзіс: ) “Кніжка тая была ў надта ж тоўстай вокладцы, проста ненатуральна тоўстай, як падушка! Зьвярнуўся да тамтэйшых работнікаў, вокладку акуратна разрэзалі, а там... Ноты, цэлы сшытак!”

Адам Мальдзіс прывёз тыя ноты ў Беларусь і даў іх ансамблю “Кантабіле”. Аказалася, цудоўная старажытная музыка, якую цяпер усю разам называюць “Полацкім сшыткам“. Хаця павінен ён папраўдзе называцца “Астрамечаўскім сшыткам”, бо кніжка належала ўніяцкай царкве ў Астрамечаве, што на Берасьцейшчыне. Былі там і творы для арганаў – шматгалосыя канты і псальмы, фрагмэнты царкоўнай музыкі зь лічбаваным басам для выкананьня на арганах. У ананімным “Полацкім сшытку” адзін твор пададзены з прозьвішчам аўтара – “Фантазія ў першым тоне” для арганаў Пётры Жаляхоўскага.

Расказвае арганіст Канстанцін Шараў:

(Шараў: ) “У “Полацкім сшытку” больш за 60 нумароў, 24 я пераклаў для арганаў. Хаця хутчэй гэта агульнаэўрапейская музыка, а не беларуская”.

Да 1773 году ўсе 10 калегіюмаў Вялікага Княства Літоўскага адчынілі музычныя бурсы, якія рыхтавалі арганістаў для касьцельных інструмэнтаў. Прыдворныя арганісты былі ў беларускіх магнатаў: Радзівілаў, Ельскіх. Цікавыя ўспаміны пакінуў стольнік Пятра І Талстой, які ехаў празь Менск: “Те бернардинки при мне играли на органах и пели зело предивно...”

Такім чынам, можна вылучыць 4 этапы разьвіцьця арганнай музыкі: да пачатку ХVІ стагодзьдзя – станаўленьне, ХVІ – ХVIII cтагодзьдзе – росквіт, ХIХ – пачатак XX стагодзьдзя – процістаяньне расейскаму царызму і заняпад, XX стагодзьдзе – процістаяньне ва ўмовах савецкай улады і, нарэшце, аднаўленьне.

Вядома, што ХIХ стагодзьдзе характарызуецца агульным заняпадам, крызісам касьцельнай музыкі ўва ўсім сьвеце. Тое самае адбывалася і ў Беларусі. Невядомы аўтар у артыкуле “Мінская губэрня з музычнага пункту погляду” піша: у Менску “...аб арганах і арганістах ня варта і ўспамінаць, бо цяжка знайсьці стан, найбольш варты сьлёз”. Станіслаў Манюшка, які выконваў абавязкі арганіста ў касьцёле сьвятога Яна і дырыгента аркестру ў Вільні гаварыў: “Мая муза дрэмле, як уся музыка ў Вільні”.

Вось ужо шмат стагодзьдзяў арганы – неадлучная частка беларускай культуры. Яны ўражваюць веліччу і прыгажосьцю сваёй будовы, сваім непаўторным і незабыўным гучаньнем.

Арганы ва ўяўленьні бальшыні слухачоў – нешта грандыёзнае, вялізнае. Аднак такімі яны сталі ў XIX стагодзьдзі. За часам Баха памеры інструмэнтаў былі значна меншыя і мелі ня больш за 25 рэгістраў. Існуюць зусім маленькія пераносныя арганы-партатывы, заходнеэўрапейскія аналягі гармоніка. Часьцей сустракаюцца пакаёвыя арганы-пазытывы, якія маюць 2 – 3 рэгістры і выкарыстоўваюцца ў аркестры альбо камэрна-інструмэнтальнай музыцы стылю барока. І, урэшце, існуюць вялікія касьцельныя і канцэртныя арганы.

У Беларусі цяпер каля сотні такіх інструмэнтаў. Вялікія канцэртныя арганы – у Беларускай дзяржаўнай фільгармоніі, у касьцёле сьвятога Роха і ў Сафійскім саборы ў Полацку. Астатнія – у касьцёлах. Усе яны розныя, гаворыць вядомы беларускі арганіст, ляўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Канстанцін Шараў:

(Шараў: ) “Ува ўсім сьвеце вы ня знойдзеце двух абсалютна аднолькавых інструмэнтаў. Могуць быць інструмэнты аднаго пакаленьня, як нашыя фільгарманійныя арганы і арганы ў Канцэртнай залі імя Чайкоўскага. У нечым яны падобныя, але ўсё адно абсалютна розныя. Таму, як прыяжджаеш на гастролі ў іншы горад, дзе ёсьць арганы, там усё робіш нанова: і аркестроўку, і настройку... Як першы раз”.

***

У Беларусі ёсьць трое вялікіх канцэртных арганаў – у Беларускай дзяржаўнай фільгармоніі, у касьцёле сьвятога Роха і ў Сафійскім саборы ў Полацку. Усе яны вырабленыя ў Чэхаславаччыне. Сёлета зноў загучалі пасьля пяцігадовага перапынку адрэстаўраваныя вялікія арганы Белдзяржфільгармоніі.

У 1963-м інструмэнт быў выраблены вядомай чэскай фірмай “Рыгер Клос” пад кіраўніцтвам славутага арганіста Іржы Райнбэргера. У разабраным выглядзе ў Менск арганы даставілі ў шасьці таварных вагонах. Кажуць, званок па прыбыцьці арганаў у Менск прывёў тагачаснага дырэктара фільгармоніі ў стан жаху – ці памесьціцца ў будынку такі вялізны інструмэнт?

А памеры вялікіх фільгарманічных арганаў сапраўды ўражваюць. Тое, што бачаць гледачы з канцэртнай залі, як кажуць, толькі вяршыня айсбэргу. Усяго ў тых арганах, так бы мовіць, тры паверхі. Вышыня – 12 мэтраў, шырыня – 15 мэтраў, 4 мэтры – глыбіня. 10 паветраных мяхоў, магутныя рухавікі, 6500 мэталічных і драўляных трубаў. Даволі доўга у фільгармоніі цягнуўся рамонт, і вялікія канцэртныя арганы вельмі моцна пацярпелі.

Расказвае Станіслаў Чарняўскі, галоўны даглядчык інструмэнту. Менавіта Чарняўскі з сынам рамантаваў арганы, калі ішоў рамонт у самой фільгармоніі.

(Чарняўскі: ) “Пыл паўсюль, вельмі шмат бруду. Трэба было ўсе трубкі зьняць, ачысьціць ад пылу, мэханізмы давесьці да асновы, праінтанаваць, каб трубкі гралі. Потым настройваньне, рэгуляваньне мэханікі, трэба было магніты падвесьці, мяхі ўшчыльніць. Вельмі шмат было працы”.

Уявіце сабе – шэсьць з паловай тысяч мэталічных і драўляных трубак. Самыя маленькія – вышынёй з сантымэтар, дыямэтрам са звычайны аловак, самыя вялікія – восем мэтраў увышкі, паўмэтра ў дыямэтры. І ўсе трэба было разабраць, пачысьціць, прывесьці ў належны стан, адрэстаўраваць, паставіць на месца. Паслухаем Станіслава Чарняўскага:

(Чарняўскі: ) “Каб разьмясьціць шэсьць з паловай тысяч трубаў, трэба было ўсё зьняць, стэляжы зрабіць, каб раскласьці, дайсьці да мэханізму, з кораня пачынаць, адкуль паветра ідзе. Шчылінкі ўжо былі. 42 гады арганам! А ў памяшканьні фільгармоніі вельмі дрэнна арганы захоўваюцца – суха. Трэба, каб вільготнасьць 70 % была, а тут вельмі суха – 50 %, нават даходзіць да 40 %”.

Кажуць, што калі б рамонт рабілі чэхі, гэта абышлося дзяржаве на некалькі соцень тысяч эўра... Станіслаў Чарняўскі цягам рамонту атрымліваў толькі заробак.

Гутару зь вядомым беларускім арганістам Канстанцінам Шаравым:

(Карэспандэнтка: ) “А вось пасьля рэстаўрацыі арганы ў фільгармоніі сталі лепшыя?”

(Шараў: ) “Ну што значыць лепшыя, горшыя? Яны проста сталі гучаць крыху па-іншаму. Станіслаў Мацьвеевіч яго зьмякчыў. Гук некаторых рэгістраў ён зрабіў больш мяккім, высакародней сталі арганы гучаць. Наагул, вельмі добры інструмэнт. Я яго вельмі люблю...”

Арганы ў касьцёле сьвятога Роха памерамі меншыя за фільгарманічяныя – у іх тры з паловай тысяч трубаў. Але сваім гучаньнем – інструмэнт непаўторны.

Гэта былі фрагмэнты ў выкананьні Канстанціна Шарава. Вось што ён расказвае пра арганы ў саборы сьвятой Сафіі:

(Шараў: ) “Я і полацкія арганы вельмі люблю. Яны меншыя, але таксама вельмі добрыя. 47 галасоў. Нягледзячы на тое, што ўсе трое канцэртныя арганы чэскія, яны ўсе розныя. У кожнага свой характар, у кожнага свой нораў, ня кожнаму інструмэнт адказвае”.

Калі чэхі ў 1985 годзе ўстанавілі арганы ў Полацку, самі зьдзівіліся, што выйшла. На фабрыцы тыя арганы гучалі зусім па-іншаму. А ў саборы сьвятой Сафіі надзвычай шчасьлівае спалучэньне якасьці арганаў і акустыкі.

Астатнія прыкладна 90 інструмэнтаў знаходзяцца ў касьцёлах. У Беларусі захаваліся арганы, багата дэкараваныя ў барочным і клясыцыстыцкім стылях. Яны – розных памераў і ручной работы італьянскіх, нямецкіх, польскіх майстроў. Арганы разьмяшчаюцца звычайна ў інтэр’еры храму над уваходам (на хорах за балюстрадай).

Найбольш старадаўнія арганы захаваліся ў Будславе, у Францысканскім і Фарным касьцёлах у Горадні, у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёну, у Тракелях на Воранаўшчыне – гэта ўсё інструмэнты XVIII стагодзьдзя. Незвычайны інструмэнт у мястэчку Камаі Пастаўскага раёну.

(Шараў: ) “Там вельмі цікавы храм абароннага тыпу, і ў сьценах захаваліся ядры швэдзкія. Там таксама вельмі цікавыя арганы. Таксама ў Нясьвіжы ў Фарным касьцёле добрыя арганы. Яшчэ ў Пінску ёсьць электронныя арганы. У Віцебску ў касьцёле сьвятой Барбары таксама электронны інструмэнт, але вельмі прыстойны. У Магілёве ў касьцёле сьвятога Станіслава электронныя арганы, але таксама вельмі добрай якасьці, вельмі высакароднай крыві, што называецца... Гэта тыя месцы, дзе можна ладзіць канцэрты”.

Арганы ўсе розныя: і памерамі, і гучаньнем. Нідзе ў сьвеце няма аднолькавых і нават падобных інструмэнтаў. Але ўсе беларускія касьцельныя арганы ў вельмі занядбаным стане, лічыць Канстанцін Шараў.

(Шараў: ) “Адзінае, што касьцельныя арганы аб’ядноўвае, – гэта тое, што яны ўсе ў вельмі дрэнным стане, патрабуюць рамонту. Усе яны патрабуюць самай пільнай увагі і добрага рамонту”.

У Беларусі ёсьць выдатныя выканаўцы. Піянэрам заслужана лічыцца Алег Янчанка, прафэсар, кампазытар, бліскучы выканаўца. На жаль, ня так даўно ён пайшоў з жыцьця. Пра беларускую арганную школу, на думку музыказнаўцы Вольгі Савіцкай, казаць пакуль што не выпадае.

(Савіцкая: ) “Безумоўна, арганісты добрыя ў нас ёсьць. Але калі казаць пра школу, то, можа, ранавата. Яна толькі складацца пачынае. Ёсьць чатыры музыканты, выхаванцы розных школаў: Ксенія Пагарэлая і Ігар Алоўнікаў –Масква, Шараў – Рыга, Неўдах – Аўстрыя”.

Найбольш складаныя канцэртныя праграмы – у Канстанціна Шарава, які скончыў Беларускую кансэрваторыю па клясе фартэпіяна і Латыскую кансэрваторыю па клясе арганаў – вучыўся ў выдатнага арганіста эўрапейскай школы Мікалая Ванадзіша.

Расказвае музыказнаўца Вольга Савіцкая:

(Савіцкая: ) “Шараў выступае з самымі рознымі праграмамі. Уся арганная музыка Баха. Дытліх Будстэхудэ – рэдка гучыць, папярэднік Баха. Француская арганная музыка. “Партрэты кампазытараў” – цыкль з 14 канцэртаў, ад барока да канца XX стагодзьдзя. Апрацоўкі вельмі цікавыя – прэлюдыі і фугі Шастаковіча...”

Што да беларускіх кампазытараў, то для арганаў пішуць няшмат. Чаму? Паслухаем меркаваньне арганіста Канстанціна Шарава:

(Шараў: ) “Што да беларускіх кампазытараў-арганістаў, я вельмі актыўна на іх узьдзейнічаў, каб яны пісалі для арганаў. Творы з удзелам арганаў ёсьць, у Шлег, напрыклад, “Рэквіем”. Але павінен сказаць шчыра, і няхай на мяне не крыўдуюць: каб пісаць музыку для арганаў, трэба самому быць арганістам і ведаць гэты інструмэнт дасканала. А тое, што яны цяпер ня пішуць, дык правільна робяць, што ня пішуць”.

Нядаўна ў сталіцы зьявіліся яшчэ адны арганы – у Менскім архікатэдральным саборы Найсьвяцейшай Панны Марыі. Аўстрыйскія майстры фірмы “Пфлюгер” працавалі над інструмэнтам каля чатырох гадоў. Спачатку вывучалі будынак касьцёлу, акустыку, потым разьлічылі, якіх памераў павінен быць інструмэнт. Ну а гучаньне арганам надалі ўжо на месцы, у Менску... Новыя арганы менчукі пачулі 10 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG