Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагодняя гісторыя опэрнага сьпевака Віктара Скорабагатава


Радыё Свабода Беларускія Каляды, бадай, найдаўжэйшыя ў сьвеце – ад 24 сьнежня да 14 студзеня, калі сьвяткуюць Шчодрык. Яны спалучаюць хрысьціянскія й паганскія традыцыі, і кожны можа знайсьці ў Калядах нешта да душы. 31 сьнежня 1984 году салістаў менскай опэры Віктара Скорабагатава і Віктара Чарнабаева запрасілі выступіць у славутым ленінградзкім Марыінскім тэатры, у спэктаклі “Дон Паскуале” Даніцэці. Што было далей, нашая карэспандэнтка высьвятляла ў заслужанага артыста, кіраўніка “Беларускай капэлы” Віктара Скорабагатава.

(Скорабагатаў: ) “31 сьнежня! Прыехалі мы, выступаем у спэктаклі, а дырыжор Валеры Гергіеў “гнаў” так хутка гэты спэктакль, ну быццам бы празь пяць хвілін наступіць Новы год. У трэцяй дзеі опэры ёсьць асноўны дуэт паміж доктарам Малатэстай, партыю якога я сьпяваў, і донам Паскуале, якога Чарнабаеў сьпяваў. І павінна там быць такая працяглая генэральная паўза. Раптам Віктар Максімавіч як закрычыць: “Стой! Направа! Я ім пакажу гэты Новы год! Яны ў мяне яго надоўга запомняць!” А потым: “Налева! Шагам марш!” Мы разам далей прасьпявалі. Але тут штосьці такое чуем: “Уі-уі-уі” замест дробных такіх пасажаў скрыпачак. Прайшлі служкі, і мы бачым наступнае: Гергіеў ляжыць на бардзюры і спрабуе “дамахаць” фінал гэтага дуэта. Скрыпачы ня могуць граць, бо ўсе сьмяюцца, і замест “ты-гы-ды-гы-ды” чуецца “уі-уі-уі”. Заля проста “памірае” ад рогату… Працаўнікоў багата было і за кулісамі, тыя проста ляжаць на сцэне. Карацей, спэктакль ня можа працягвацца. Гамэрычны рогат гэты стаяў хвілін пяць, напэўна…”

(Карэспандэнтка: ) “Але дасьпявалі вы да фіналу ўсё ж такі тады? І пасьпелі да Новага году?”

(Скорабагатаў: ) “Ну канечне, дасьпявалі. І пасьпелі да Новага году. Усё было нармальна. Мы нават і ў тэатры бутэльку шампанскага расьпілі – усё ж такі Новы год сустракалі. А рэжысэрам таго спэктаклю быў Юры Аляксандраў, ён і ў Менску паставіў “Дона Паскуале”, гэта была яго дыплёмная праца. А потым у Марыінскім тэатры паўтарыў тую пастаноўку. Заходзяць пасьля спэктаклю Гергіеў, Аляксандраў, усе віншуюць адзін аднаго з Новым годам. Аляксандраў кажа: “А зараз паехалі да мяне дадому сустракаць Новы год”. Аднойчы я быў у Аляксандрава ў гасьцях, таму ведаў, што гэта небясьпечна… Кажу: “Юра, не. Паеду я ў гатэль, раніцай у мяне цягнік, вяртаюся дадому”. А Віктар Максімавіч Чарнабаеў згадзіўся – ён ніколі ў гасьцях у Аляксандрава ня быў. Я вярнуўся ў Менск першага. А Віктар Максімавіч Чарнабаеў вярнуўся толькі чацьвертага студзеня”.

Гэта была калядна-навагодняя гісторыя ад вядомага опэрнага сьпевака Віктара Скорабагатава.
XS
SM
MD
LG