Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбары-2006: хто зможа сабраць 100,000 подпісаў?


Радыё Свабода, Гомель У Гомелі з васьмі камандаў патэнцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі мандат найбольшую актыўнасьць выяўляюць пакуль што зборшчыкі подпісаў у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча і былога рэктара Белдзяржунівэрсытэту Аляксандра Казуліна.

Сяргей Старычэнка, кіраўнік ініцыятыўнай групы ў рэгіёне ў падтрымку Аляксандра Казуліна, распавёў, што за былога рэктара Белдзяржунівэрсытэту распачалі збор подпісаў паўтары сотні чалавек:

(Старычэнка: ) “Сёньня ў нас у Гомельскай вобласьці зьбіраюць подпісы за Казуліна 153 чалавекі. Нашага лідэра пакуль яшчэ слаба ведаюць. Ён не на столькі раскручаны, як адзіны кандыдат ад апазыцыі. Аднак людзі ахвотна ставяць свае подпісы. Такога энтузіязму мы наагул не чакалі”.

Старычэнка сьцьвярджае, што асаблівых перашкодаў у зборы подпісаў ягоная каманда ня мела. Толькі ў Рэчыцы былі спробы ўціску на асобных чальцоў каманды з мэтай прымусіць іх пакінуць ініцыятыўную групу Казуліна. Уціск спыніўся, калі людзі адмовіліся гэта зрабіць.

У камандзе Аляксандра Мілінкевіча ў рэгіёне значыцца звыш 700 зборшчыкаў подпісаў. Яны выкарыстоўваюць і пакватэрны абход выбаршчыкаў, і перасоўныя вулічныя пункты збору подпісаў. Такія пункты, у прыватнасьці, разгорнуты ня толькі ў абласным цэнтры, але і ў Мазыры, Рэчыцы, Жлобіне, Сьветлагорску.

Зборшчык подпісаў у падтрымку спадара Мілінкевіча Ўладзімер Шыцікаў апавядае пра свой досьвед працы ў людных месцах абласнога цэнтру:

(Шыцікаў: ) “Людзі цікавяцца, хто такі Мілінкевіч, але мне нічога казаць нельга. Гэта ўжо агітацыя. На тэлевізіі толькі адзін прэтэндэнт з раніцы да вечару – астатнім забаронена. Людзі падпісваюццца, але мала. Як правіла, у іх няма пашпартоў з сабой. Людзі сьпяць: зіма, Новы год, п''янкі, гулянкі – такія асаблівасьці”.

Два дні працавала з калегамі на перасоўных пунктах збору подпісаў за А.Мілінкевіча Марыя Багдановіч:

(Багдановіч: ) “За два дні, якія я стаяла, упэўнілася ў праўдзівасьці незалежных сацыялягічных апытаньняў. У нас ёсьць частка грамадзтва, якая спачувае Лукашэнку, ёсьць – апазыцыі. Але большасьць насельніцтва пакуль ня мае інфармацыі, і таму альбо не зважае на нас, альбо падыходзіць і цікавяцца. Ім усё цікава, яны ўсё хочуць ведаць”.

Як лічыць спадарыня Багдановіч, менавіта ў дачыненьні не паінфармаванай часткі насельніцтва зборшчыкі подпісаў павінны быць асабліва ўважлівымі й цярплівымі. Іх дасьведчанасьць і актыўнасьць і прадвызначыць перамогу.
XS
SM
MD
LG