Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пуцін грае ролю кіраўніка "Газпрому", а не прэзыдэнта Расеі"


Юры Дракахруст, Прага Працягваецца газавы канфлікт паміж Расеяй і Украінай. Трэці дзень "Газпром" ня робіць пастаўкі газу ва Ўкраіну для яе ўнутраных патрэбаў. Масква абвінавачвае Кіеў у незаконным адпампоўваньні газу, які ідзе праз Украіну транзытам у Эўропу. Украіна адхіляе абвінавачваньні.

Газавы канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай працягваецца ўжо трэція суткі. Учора шэраг эўрапейскіх краінаў, якія атрымліваюць расейскі газ праз Украіну, заявілі аб тым, што недаатрымалі істотныя аб’ёмы газу – ад 40% у Вугоршчыне да 14 % у Польшчы.

Прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў сёньня ізноў абвінаваціў Украіну ў крадзяжы газу.

(Купрыянаў: ) "Украіна працягвае красьці газ. Паводле нашай інфармацыі яшчэ 118 мільёнаў кубамэтраў былі скрадзеныя з 2 па 3 студзеня. "Газпром" дасьць эўрапейскім кліентам кампэнсацыю за газ, які Ўкраіна адкачала без дазволу. Але гэта ня можа працягвацца бясконца, і заплаціць за гэта Украіне давядзецца – раней ці пазьней".

Прадстаўнік "Нафтагазу" Украіны Эдуард Занюк называе гэтыя цьверджаньні хлусьнёй.

(Занюк: ) "Факт, што "Газпром" хлусіць, відавочны. Несанкцыянаваны адбор газу скончыўся яшчэ ў часы прэм''ерства Віктара Андрэевіча Юшчанкі".

Паводле украінскіх прадстаўнікоў прычына недапаставак газу ў Заходнюю Эўропу палягае ў тым, што “Газпром” зьнізіў ціск у трубе.

Паводле прадстаўніка “Газпрому”, гэтая кампанія яшчэ летась аплаціла сёлетні транзыт і таму адпампоўваць газ Украіна ня мае аніякага права.

(Купрыянаў: ) "Ніякіх паслугаў, якіх бы "Газпром" не аплаціў, Украіна нам ня робіць. За бягучы газавы транзыт для эўрапейскіх спажыўцоў "Газпром" заплаціў ў мінулым годзе, наперад, жывымі грашыма. Таму тут ніхто нам ніякіх ласкаў ня робіць".

Сёньня “Газпром” заявіў, што туркмэнскі газ, які быў куплены Ўкраінай, ва Ўкраіну зараз ня ідзе.

Разам з тым сёньня ў Маскве аднавіліся перамовы паміж прадстаўнікамі “Газпрому” і “Нафтагазу Украіны”. Заходнія краіны, якія ўчора недаатрымалі газ і стаяць перад пэрспэктывай яшчэ большай няпэўнасьці, больш схільныя абвінавачваць у гэтым Маскву, чым Кіеў.

Прэсавы сактарар Эўракамісіі Яханэс Лейтэнбэргэр сёньня ў чарговы раз заклікаў Расею і Ўкраіну вырашыць канфлікт шляхам перамоваў.

(Лэйтэнбэргэр: ) "Эўрапейская камісія пераконвае бакі вярнуцца за стол перамоваў. Гэта было б найлепшым варыянтам, калі б бакі вырашылі гэтую спрэчку паміж сабой".

Цяперашнюю сытуацыю мы папрасілі пракамэнтаваць аналітыка нашага радыё Рамана Купчынскага.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Купчынскі, адно з ключавых пытаньняў канфлікту – рынкавая цана газу. “Газпром” заяўляе, што цана, якую ён прапаноўвае Ўкраіне – 230 даляраў за тысячу кубамэтраў – гэта і ёсьць рэальная рынкавая цана. Кіеў лічыць яе неабгрунтаваны. Хто мае рацыю?"

(Купчынскі: ) "Па-першае, трэба сказаць, што няма ўсясьветнай рынкавай цаны на газ. Цэны вельмі розныя. Скажам, "Газпром" прадае газ нямецкаму "Рургазу" па адной цане, а фірме "Вінтэршал" – па значна больш нізкай, бо "Вінтэршал" і "Газпром" маюць сумеснае прадпрыемства. "Газпром" заўсёды падыходзіў да пытаньня цэнаўтварэньня з чыста палітычных пазыцыяў, рынкавыя цэны для "Газпраму" ніколі не існавалі.

Расея кажа, што хоча ад Украіны цану 230 даляраў. Праз тыдзень пасьля той заявы выступае старшыня праўленьня "Газпрому" Аляксей Мілер і кажа, што калі Ўкраіна аддасьць кантрольны пакет сваёй газатранспартнай сыстэмы, мы знойдзем іншую цану.

Тым самым Міллер паказаў, якія інтарэсы "Газпрому". У 2004 годзе яны падпісалі цану ў 50 даляраў толькі зь меркаваньняў, што Януковіч прыйдзе да ўлады.

Дамова тычылася 2004-2009 гадоў з разьлікам, што Януковіч будзе прэзыдэнтам.

А калі прыйшоў не Януковіч, а Юшчанка, расейцы яму сказалі: "Хочаш быць у НАТО, калі ласка, але плаці 230 даляраў за газ". Усё гэта ёсьць чыста палітычная гульня.

Хто вёў перамовы пра газ з Украінай? Пуцін. Паводле рэпартажаў тэлебачаньня Пуцін граў ролю кіраўніка "Газпрому", а не прэзыдэнта Расеі, як бізнэсмэн, маленькі і круты бізнэсмэн з Пецярбургу".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Купчынскі, як на канфлікт паміж Масквой і Кіевам рэагуе Эўропа?"

(Купчынскі: ) "Да 1 студзеня Эўропа практычна маўчала. Толькі калі "Газпром" зьнізіў ціск у трубе, тады Эўропа загаварыла. Эўрапейскія лідэры абараняюць свае інтарэсы, ім нецікава, ці будзе ва Ўкраіне цёпла або зімна.

Але калі яны ўбачылі, што гэта наўпрост закране іх, яны пачалі ўмешвацца, асьцярожна, але ўмешвацца. Яна бачылі, што ўкраінская пазыцыя – цьвёрдая, што Ўкраіна не адступіць, што гэта шантаж з боку Расеі, шантаж ня толькі Ўкраіны, але і шантаж Эўропы.

Калі меркаваць па выступах эўрапейскіх СМІ і эўрапейскіх палітыкаў, больш распаўсюджаная думка, што Ўкраіна хоча ісьці да рынкавай цаны, але паступова, а Расея вядзе сябе нахабна. Нават немцы, якія ў Эўропе настроеныя найбольш прарасейскім чынам, лічаць, што Расея паступае няправільна.

Але гэты шантаж ня можа сябе апраўдаць, бо Ўкраіна можа так ці інакш забраць з трубы газ, прычым забраць легітымна, сказаўшы, што мы бярэм гэта за транзыт, ці сказаўшы, што гэта ёсьць наш газ з Туркмэністану".

Гэта было меркаваньне аналітыка нашага радыё Рамана Купчынскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG