Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Ямал—Эўропа” працуе на поўную магутнасьць


Радыё Свабода Падчас газавай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай нітка газаправоду “Ямал—Эўропа”, які праходзіць празь Беларусь, працуе на поўную магутнасьць. Польшча выказваецца за павелічэньне пастаўкі газу па газаправодзе, які праходзіць праз тэрыторыю Беларусі.

Нагадаем, “Газпром” і “Белтрансгаз” 27 сьнежня падпісалі кантракт на пастаўку і транзыт газу на гэты год. “Газпром” паставіць у Беларусь 21 мільярд кубамэтраў газу. Для Беларусі кошт расейскага газу застаецца ранейшым — 46,68 даляра за тысячу кубамэтраў.

Пры вызначэньні цаны ўлічвалася тое, што бакі цалкам аформілі ўсе дакумэнты, згодна зь якімі “Газпром” зьяўляецца ўласьнікам беларускага ўчастку магістральнага газаправоду “Ямал—Эўропа”, па якім транспартуецца больш за 50% расейскага газу, які ідзе празь Беларусь на экспарт. Апроч таго, зямля, якая знаходзіцца пад гэтым газаправодам, ад гэтага году аформлена “Газпромам” у доўгатэрміновую арэнду.

Таксама былі адноўлены перамовы пра стварэньне сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” для кіраваньня беларускай газатранспартнай сыстэмай. Як цьвердзяць у “Газпроме”, гэта забясьпечыць істотнае разьвіцьцё сыстэмы і дазволіць падвысіць надзейнасьць паставак расейскага газу ў Эўропу па тэрыторыі Беларусі.

Падчас газавай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай нітка газаправоду “Ямал—Эўропа”, які праходзіць празь Беларусь, працуе на поўную магутнасьць. Паводле прадстаўніка “Газпрому”, пра гэта была своечасова дасягнутая дамоўленасьць зь беларускім бокам.

(Прадстаўнік: ) “Калі быў створаны штаб на пачатку сьнежня па бесьперабойных пастаўках газу эўрапейскім спажыўцам, прадугледзелі магчымасьць максымальнага запаўненьня альтэрнатыўных газаправодаў, такіх, як “Ямал—Эўропа” і “Блакітная плыня”, каб неяк зьнівэляваць сытуацыю, якая ўзьнікла з украінскімі калегамі”.

Паводле прадстаўніка “Газпрому”, цяпер гэтая дамоўленасьць зь беларускім бокам рэалізуецца на практыцы, газаправод загружаны максымальна. Але трэба ўлічваць прапускную магчымасьць беларускага адрэзку. Прадстаўнік “Газпрому” адзначыў, што ён не вырашае праблемы паставак газу ў Эўропу і нават ня ў стане забясьпечыць асобна Польшчу.

У “Белтрансгазе” ад камэнтароў устрымліваюцца. Вядомы эканаміст Леанід Заіка заўважае, што Беларусь атрымлівае самы танны газ ад Расеі. Гэта схаваная субсыдыя амаль на 4 мільярды даляраў у год. Што да перапампоўваньня газу, то беларускі бок можа выйграць тут няшмат, усяго некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Паводле спадара Заікі, з улікам цяперашняй зімы Беларусь таксама можа прадаць частку газу па рынкавых коштах і такім чынам зарабіць на газе.

(Заіка: ) “Можа таксама выйграць на пэрспэктыву, калі будзе прынятае рашэньне пра будаўніцтва дадатковых нітак, але гэта малаверагодна, таму што Польшча і іншыя краіны для Расеі нявыгадныя. Расея пойдзе ў абход па Балтыцы. Пакуль Беларусь мае і палітычныя пэўныя плюсы, і вельмі сур’ёзныя эканамічныя”.

На Расею прыпадае каля 25% аб’ёму газу, які імпартуецца краінамі Эўразьвязу. Пасьля таго, як з 1 студзеня “Газпром” спыніў пастаўкі газу ва Ўкраіну, пра скарачэньне аб’ёму газу заявілі прадстаўнікі Вугоршчыны, Польшчы, Славаччыны, Аўстрыі і Нямеччыны. Эўракамісія мяркуе разгледзець сытуацыю на спэцыяльным паседжаньні 4 студзеня. “Газпром” запэўніў Эўразьвяз у тым, што ад сёньняшняга дня ўзгодненае забесьпячэньне Эўропы газам будзе гарантавана.

“Газпром” спыніў пастаўкі газу ва Ўкраіну, паколькі абодвум бакам не ўдалося падпісаць адмысловага кантракту і дамовіцца пра цэны. “Газпром” настойваў на падвышэньні цаны з 50 да 230 даляраў за тысячу кубамэтраў газу.
XS
SM
MD
LG