Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год “Нашай Нівы”, Івана Луцкевіча і Клецкай бітвы


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 1 студзеня 2006 году.) Новая перадача сэрыі "Вострая брама". Як і штогод гэтай парою ў “Вострай Браме” гаворка пойдзе пра юбілейныя даты году наступнага, 2006-га.

Юбілейнай падзеяй 2006-га стануць, безумоўна, сотыя ўгодкі “Нашай Нівы” – першай беларускай газэты, якая праіснавала каля 10-ці гадоў і за гэты час была для маладой беларускай нацыі ўсім: і ўрадам, і школай, і царквой, – цэлым нацыянальным адраджэньнем у форме газэты.

Мінула сто гадоў, і сёньня тая “Наша Ніва” перавыдаецца факсімільным спосабам і чытаецца амаль гэтаксама, як тады – як адкрыцьцё. Тыя ж словы і тыя ж клопаты. “Наша Ніва” была першай і адзінай агульнанацыянальнай беларускай газэтай. Пасьля такіх газэт было шмат, а сёньня зноў толькі адна – адноўленая ў 1991 годзе “Наша Ніва”.

З нагоды юбілею трэба будзе павесьці размову пра сёньняшнюю беларускую журналістыку. Падзеленая на афіцыёзную і недзяржаўную, яна страціла прыкметы прафэсіі. У афіцыёзе – ламавая прапаганда посьпехаў сацыялізму і крытыка заганаў капіталізму. Недзяржаўная акурат у 2006-м будзе рабіць выбар паміж падпольлем і маўчаньнем, што таксама да журналісцкага рамяства ніякага дачыненьня ня мае.

* * *

Гістарычны чалавек 2006 году – Іван Луцкевіч. Можна сказаць, што сучасная Беларусь – краіна, нацыя, культура – нарадзілася ў ягонай галаве. Натуральна, працавалі над гэтым многія, але бываюць у гісторыі такія шчасьлівыя выпадкі, калі многія працуюць, а прыходзіць Моцарт, і ўся музыка робіць сямімільны крок наперад.

Між іншым, гэта акурат тое, на што спадзяюцца сёньня прыхільнікі дэмакратычнага кандыдата. Гаворка пра ролю асобы ў гісторыі. Калі прыходзіць герой і сілаю сваёй веры і волі запальвае ды мабілізуе на перамены вялікія масы народу. У выпадку з Іванам Луцкевічам такі цуд адбыўся. 9 чэрвеня яму споўніцца 125 гадоў.

* * *

Гістарычная падзея году – гэта Клецкая бітва, адна з цэнтральных у беларускай вайсковай гісторыі. Яна адбылася 5 жніўня 1506 году на рацэ Лань каля Клецка. Татараў было больш за 12 тысяч, нашых продкаў – удвая менш. Далей – з энцыкляпэдыі:

“... Частка татар трапіла ў кальцо, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на ўкраінскіх шляхах. У выніку бітвы вызвалена каля 40 тысяч нявольнікаў, якіх татары зьбіраліся весьці ў Крым, узята 30 тысяч коней. Клецкая бітва – першая вялікая перамога ВКЛ над крымскімі татарамі”.

Гісторык Генадзь Сагановіч напаўняе гэтую гісторыю рэальнымі пэрсанажамі, дадае чалавечы фактар у традыцыйна з савецкіх часоў непэрсаналізаваную гісторыю. Інтрыга была ў тым, што тагачасны кіраўнік Беларусі вялікі князь Аляксандар быў хворы і знаходзіўся са сваім дваром у Лідзе. А татары, якімі кіравалі сыны хана Менглі-Гірэя Беці і Бурнаш да Ліды не дайшлі літаральна адной мілі. І тут у падзеі ўключыліся найвышэйшы гетман Станіслаў Кішка і дворны маршалак Міхал Глінскі. Яны хутка сабралі паспалітае рушэньне і пагналі татар да Клецка, дзе і сустрэліся асноўныя сілы двух войскаў...

Складаючы каляндар наступнага году, міжволі пераконваесься ў прывіднасьці нашых цывілізацыйных дасягненьняў – што да дзяржаўнага ладу ці тэхнічнага прагрэсу. У нашых продкаў не было самалётаў, але і іх стаўленьне да адлегласьцяў іншае. Знакаміты прыклад князя Ўсяслава Чарадзея, які сноўдаў паміж Полацкам і Кіевам зь лёгкасьцю ветру, ніяк не зразумелы нашаму сучасьніку, для якога такое падарожжа – цэлае мерапрыемства. Неяк сьцягваліся адлегласьці для нашых продкаў, і далёкае падарожжа ніколі не затуляла сабою сутнасьці і мэты гэтых перамяшчэньняў. Вось ваявалі разам зь немцамі недзе ў заходняй Эўропе, а вось разьбілі датчан, а вось яны ўжо ў Крыме, а вось – аж на Волзе. І ні слова пра цяжкасьць перамяшчэньня ці паразуменьня з тымі немцамі або татарамі. І толькі з разьвіцьцём інфраструктуры чалавек зьмяняецца. Зьяўляюцца самалёт, мабільнік, інтэрнэт, але пры гэтым інфраструктура пачынае ўмешвацца ў сутнасьць нашых справаў і пачуцьцяў. І зьяўляюцца фактар адлегласьці і фактар часу. І затуляюць сабою сэнс...

* * *

Год 1581, 425 гадоў таму. Гэта быў знакавы год. Ягоныя лічбы выразаныя на ветраніку Любчанскага замку – самым старым, які захаваўся ў Беларусі. Гэта год пабудовы замку. 1581-ы таксама – на эмблеме сёньняшняга Полацкага ўнівэрсытэту, які лічыць сябе пераемнікам славутага езуіцкага калегіюму. У 1581 годзе ствараецца Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам былі абмежаваныя паўнамоцтвы вялікага князя і сойму. Праўда, сёньня на афіцыйным узроўні адзначаць гэты юбілей ня будзе ніхто, бо ён лішні раз падкрэсьлівае неаўтарытарны характар сярэднявечнай Беларусі, якая ўсімі сіламі змагалася супраць канцэнтрацыі ўлады ў чыіх-небудзь адных руках.

Наступны год – 1656, 350 гадоў таму. Часы нашэсьця Масковіі на тагачасную Беларусь, самая стратная ў беларускай гісторыі вайна, у якой краіна згубіла кожнага другога жыхара. Вось жа 6 верасьня памірае Піліп Абуховіч, які ў Вялікім Княстве Літоўскім займаў важныя дзяржаўныя пасады: быў войскім мазырскім, пісарам літоўскім, ваяводам віцебскім і смаленскім, паслом у Вэнэцыі і Маскве. Гэта менавіта ён кіраваў абаронай Смаленску ў 1654 годзе. Тады Смаленск яшчэ не належаў Маскоўскай дзяржаве, а быў адным з цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. Пасьля доўгай аблогі Абуховіч мусіў здаць горад маскавітам, за што шмат хто называў яго здраднікам. Клясычны твор тагачаснай беларускай мэмуарыстыкі – “Ліст да Абуховіча“, які прыпісваюць смаленскаму шляхціцу Цяпрыяну Камуняку, перадае атмасфэру таго часу: “Мы, дурныя ў кажухах, сем гадоў Смаленск здабывалі, – піша Камуняка, – а вы, мудрыя ў сабалях, за чатырнаццаць тыдняў аддалі“. Маўляў, заеліся вы, начальства высокае, да такой ступені, што перасталі дбаць пра нацыянальныя інтарэсы. Абы вам грошы ды сабалі...

1756 год, (29 жніўня) 250 гадоў таму прыходзіць на сьвет астраном Ян Сьнядэцкі, які стане рэктарам Віленскага ўнівэрсытэту. А ў сьнежні адбудзецца карная экспэдыцыя расейскіх войскаў на вёскі зьбеглых з Расеі старавераў на Веткаўшчыне. Усіх захопленых пагоняць пешым этапам ажно ў Іркуцк, а потым – далей, за Байкал.

У 1806-м, 200 гадоў таму нарадзіліся лагойскі граф Канстанцін Тышкевіч, які стане заснавальнікам беларускай археалёгіі, і змагар Міхал Валовіч. Падчас нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1831 году малады Валовіч браў чынны ўдзел у баявых апэрацыях. Пасьля паўстаньня яму ўдалося выехаць за мяжу. У Парыжы ў эмігранцкіх колах, высьпявала ідэя новага паўстаньня супраць расейскае анэксіі. І вось група паўстанцаў перайшла мяжу й распачала партызанскія дзеяньні. Валовіч са сваім памочнікам Яцкевічам разгарнуў палітычны й збройны супраціў на Слонімшчыне. Але сілы былі няроўныя. Неўзабаве паўстанцы былі разьбітыя. Граф Мураўёў патрабаваў для Валовіча сьямротнае кары праз чацьвертаваньне. Але прысуд выйшаў мякчэйшы... Міхал Валовіч быў павешаны ля парахавога складу ў Горадні, за колішняй Скідзельскай заставаю. Перад сьмерцю, на допыце, ён заявіў: “Я хацеў выкарыстаць паўстаньне, каб вызваліць сялянаў...”

Тут ізноў сутыкаюцца так знаёмыя матывы прагрэсу і застою, рамантычнае азоранасьці адзінак і цемнаты народнае, грамадзкага разьвіцьця і стабільнасьці. Ён хацеў вызваліць сялянаў, а сяляне самі часьцяком за грошы здавалі карнікам шляхцюкоў-паўстанцаў. Колькі было ў беларускай гісторыі змагароў за народнае шчасьце і колькі было прададзенае гэтым самым “народам”. Думаеш пра гэта, разглядаючы сёньняшнія рэйтынг перамен і рэйтынг стабільнасьці. Сапраўды, большасьць супраць перамен, бо ўсё залежыць ад патрэбнасьцяў чалавека. Калі патрэбнасьці невысокія і выключна матэрыяльныя, дык што мне высоўвацца, ці мне больш за ўсіх трэба? І толькі адна, бадай, развага ў такой сытуацыі можа разьвеяць сон розуму – тое, што дзецям застаецца непрадказальная і не шанаваная ў сьвеце, несвабодная краіна. І дзецям, у якіх патрэбнасьці павінны быць вышэйшымі, прыйдзецца з нашмат большымі ахвярамі ламаць гэтую стабільнасьць у імя больш свабоднага і справядлівага ўладкаваньня.

У 1831-м, 175 гадоў назад памёр беларускі мастак Юзаф Пешка, які пакінуў нам малюнкі Беларусі свайго часу, а нарадзіўся Вінцэсь Каратынскі, паэт, сакратар Улыдзіслава Сарыкомлі. Аднак галоўнае, што адбылося ў 1831-м – гэта антырасейскае паўстаньне, якое, у адрозьненьне ад папярэдняга паўстаньня Касьцюшкі і ад наступнага Каліноўскага, ня мела аднаго кіраўніка і ўвайшло ў гісторыю як безыменнае паўстаньне 1831 году. Змагаліся супраць чаго? Супраць далучэньня беларускіх земляў да Расейскае імпэрыі. Гісторык Кастусь Тарасаў паведамляе, што для задушэньня паўстаньня ў Беларусь было сьцягнута 125 тысяч расейскага войска. Аддзелы паўстанцаў па ўсіх паветах мелі ў шыхтах 10 тысяч шабель. Баявыя дзеяньні ішлі ў Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губэрнях. Найбуйнейшая бітва – Панарская – адбылася ў чэрвені пад тагачаснай сталіцай краю Вільняй. Толькі з расейскага боку ў ёй палегла 364 чалавекі. Паўстанцаў загінула шмат болей.

Гераіняй Паўстаньня 1831 году стала Эмілія Плятэр, якая загінула на Каляды (23 сьнежня) і якой налета, дарэчы, споўніцца 200 гадоў (13 лістапада).

Да таго, як пачалося паўстаньне і Эмілія ўзначаліла паўстанцкі аддзел, яна займалася зусім неваеннай справай – зьбірала беларускія народныя песьні і танцы, пісала па-беларуску вершы. Між іншым, у арганізаваным ёю атрадзе было шмат дзяўчат.

8 кастрычніка 1831 году ў маёнтку Дудзічы цяперашняга Пухавіцкага раёну нарадзіўся Міхал Ельскі, скрыпач і кампазытар. Ельскі пасьпяхова канцэртаваў у Менску і Вільні, у Польшчы і Нямеччыне. Напісаў каля 100 музычных твораў, у якіх выкарыстаў народныя мэлёдыі, занатаваныя ім у ваколіцах Дудзічаў.

Наступны юбіляр – Ігнат Грынявіцкі, якому сёлета споўніцца 150 гадоў. Гэты нашчадак беларускае шляхты ў свае 25 гадоў кіне бомбу ў расейскага цара і заб''е яго. Паводле сёньняшніх азначэньняў Грынявіцкі – клясычны тэрарыст, а калі ўлічыць ягонае нерасейскае паходжаньне – яшчэ й міжнародны. Аднак у беларускай літаратуры ён праходзіць як герой і змагар, рэвалюцыянэр-нарадаволец.

Год, калі Грынявіцкі кідаў бомбу, 1881-ы, пазначаны і іншымі падзеямі. 125 гадоў таму (9 лютага) памёр Фёдар Дастаеўскі, а нарадзіўся (30 красавіка) беларускі паэт Янка Журба.

Цяпер мы перабіраемся ў 20-е стагодзьдзе, у 1906 год, дзе стогадовыя юбілеі пачынаюцца зусім невясёла. Толькі ўвосені выйдзе першы нумар «Нашае Нівы», тым часам 11 сакавіка на браме менскай турмы павешаны Іван Пуліхаў. Пуліхаў пакараны за свой замах на жыцьцё менскага губернатара Курлова.

Цяпер нарэшце «Наша Ніва». Яе выхаду папярэднічалі стварэньне першага беларускага легальнага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» і выхад газэты «Наша Доля». «Наша Доля» была надта радыкальная і яе нумары – усяго выйшла 7 – канфіскоўваліся. Вось тады рэдакцыя вырашыла зьмякчыць тон і замест рэвалюцыйнага прыярытэту паставіць на першае месца нацыянальнае станаўленьне беларусаў. Так зьявілася «Наша Ніва», выхад якой спыніць толькі першая сусьветная вайна.

Спаміж стогадовых юбіляраў – паэт Андрэй Александровіч, сьпявачка Рыта Млодак, гісторык Аляксандра Бергман, паэт Сяргей Новік-Пяюн і кампазытар Ісак Любан.

Год 1931-ы. 75 гадоў таму. Стрэлам у скронь сканчае сваё жыцьцё стваральнік Акадэміі Навук Беларусі гісторык Усевалад Ігнатоўскі, памірае акадэмік Яўхім Карскі. Пры загадкавых абставінах спыняецца жыцьцё мітрапаліта Мэльхісэдэка, заснавальніка і кіраўніка беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Дзясяткі найбольш значных прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі адпраўляюцца ў ГУЛАГ. На выпаленым полі беларускай навукі і культуры запаноўвае пустата. Тымчасам прыходзіць на сьвет цэлае пакаленьне, якое будзе ўрабляць глебу беларушчыны перад наступнымі зачысткамі, якія прыпадуць ужо на наш час.

Ніл Гілевіч (30 верасьня), Міхась Мушынскі (24 студзеня), Сьцяпан Гаўрусёў (10 траўня), Анатоль Вярцінскі (18 лістапада), Генадзь Кісялёў (19 сакавіка), Алег Лойка (1 траўня), Сямён Падокшын (8 сакавіка), Павал Дубашынскі (14 сакавіка)... Але яны толькі нарадзіліся. Тым часам, яшчэ важныя падзеі 1931-га адбываюцца па той бок мяжы, у несавецкай віленскай Беларусі. 75 гадоў таму Язэп Драздовіч пачынае сэрыю твораў “Жыцьцё на Марсе” і тым самым адкрывае касьмічную тэму ў выяўленчым мастацтве. А Антон Луцкевіч і Лука Дзекуць-Малей публікуюць поўную вэрсію Новага Запавету рэкордным для заходнебеларускага кніжніцтва накладам – 25 тысячаў асобнікаў.

Не магу не прывесьці тут статыстыку тагачаснага беларускага кнігадрукаваньня, што сёньня гучыць як сапраўдная фантастыка, як жыцьцё на Марсе. Такім чынам, у 1931 годзе з двух бакоў мяжы выйшла 1300 назваў беларускіх кніг накладам 10 мільёнаў асобнікаў. На беларускай мове друкуецца 194 газэты і 27 часопісаў.

* * *

1956 год. Памірае беларускі паэт і сьвятар Янка Быліна. Ларыса Геніюш і яе муж вяртаюцца з ГУЛАГУ і пасяляюцца ў Зэльве. Таксама 50 гадоў таму сыходзіць з жыцьця Якуб Колас. За некалькі гадзін перад сьмерцю Колас заносіць у Бюро ЦК КПБ ліст, прысьвечаны моўнай палітыцы ў БССР. У лісьце народны пясьняр зьвяртае ўвагу на адсутнасьць беларускай мовы ў візуальнай прасторы, у гандлі на этыкетках тавараў, у галіне народнай асьветы, у Акадэміі навук. Беларуская мова пастаўленая ў горшае становішча ў параўнаньні з расейскай: беларускія школы ў горшых будынках, на ўскрайку, фільмы дублююцца з расейскай на беларускую, але не паказваюцца ў краіне, тэатры ставяць перакладныя п’есы, опэры, хаця і свае, беларускія творы ёсьць. Саюзы кампазытараў і мастакоў адракліся ад свае мовы. Па радыё гучыць «непрыхаваны зьдзек» з мовы, настолькі непрафэсійна дыктары ёю карыстаюцца. Колас выказвае дзьве прапановы, якія, на яго думку, могуць палепшыць сытуацыю. «Калі б кіраўніцтва краіны выступала заўсёды на нарадах, урачыстасьцях, сьвяткаваньнях, а Міністэрствы культуры і адукацыі вялі сваю працу на мове беларусаў, то беларуская мова ўкаранялася б у жыцьцё».

Аднак, Коласаў ліст ня меў ніякага ўплыву і палітыку русыфікацыі не спыніў. Не зьмяняючы тэксту, той ліст і сёньня можна занесьці ў будынак колішняга ЦК, усё будзе гучаць актуальна, але з тым самым вынікам.

Тая ўпартасьць, зь якой беларуская мова выгнятаецца сёньня ў Беларусі, і ў новым, 2006-м годзе застанецца загадкай, у якой няма простага вытлумачэньня. Маю на ўвазе ня тое, што называюць палітыкай, а тую ўсенародную падтрымку альбо абыякавасьць, якія выяўляюцца спрэс у справе выгнятаньня мовы. Прыніжаны нацыянальны гонар беларуса рэдка адгукаецца пратэстам. І гэта яшчэ адно сьведчаньне дэгуманізацыі нас усіх як людзей. У нас і сапраўды праблемы інфраструктуры маюць безумоўнае значэньне, тады як пытаньні сутнасьці лічацца неістотнымі. Прынамсі наш кароткі агляд гісторыі ў гэтым пераконвае. Абнадзейвае толькі тое, што мы жывем у сучасным сьвеце, дзе вакол нас дэкляруюцца зусім іншыя прыярытэты – духоўнасьць, пашана да роднага слова, да ўласнай гісторыі, якая пачалася зусім не пасьля другой сусьветнай вайны, а, як мінімум, на тысячу гадоў раней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG