Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйныя кандыдаты абіраюць свае выбарчыя лёзунгі і колеры


Радыё Свабода Сёньня штаб кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі разглядаў варыянты перадвыбарчай сымболікі Аляксандра Мілінкевіча, але да канчатковага рашэньня не прыйшоў, яно будзе абвешчана ў пятніцу. Пакуль невядома, ці будзе абраны нейкі адмысловы колер кампаніі Мілінкевіча. У штабах іншых магчымых кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сакавіка таксама рыхтуюць перадвыбарчую сымболіку.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін паведаміў, што сымбаль і лёзунг кампаніі выбіраюць у гарачых спрэчках, сёньня зьявіліся новыя прапановы, таму канчатковае рашэньне адклалі:

(Калякін: ) “Ёсьць ужо ідэі, ёсьць варыянты, на якіх трэба спыняцца, але ёсьць магчымасьць іх палепшыць, гэтым цяпер і займаемся”.

Спадар Калякін кажа, што варыянты перадвыбарчай сымболікі будуць выпрабаваныя на фокус-групах, асабіста яму падабаецца лёзунг “Свабода, дабрабыт, парадак”. Сяргей Калякін ня ведае, ці будзе зацьверджаны нейкі асаблівы колер кампаніі Мілінкевіча, ня ўпэўнены ён, ці патрэбны такі колер у прынцыпе. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка таксама сумняецца:

(Вячорка: ) “Увогуле, мы не павінны ісьці за стэрэатыпамі, якія, дарэчы, нам навязвае прапаганда, кшталту “каляровая рэвалюцыя”. Наша задача — вызваліць сьвядомасьць людзей. Зусім не абавязкова гэта рабіць пры дапамозе нейкага выдуманага тэхнолягамі колеру”.

На гэты момант зацьверджаны толькі надпіс на бэджах зборшчыкаў подпісаў: прозьвішча “Мілінкевіч” з сэрцам на месцы кропкі над першай літарай “і”.

Прадстаўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна Аляксей Кароль зазначыў, што ў іх кампаніі будзе свая перадвыбарчая сымболіка. Лёзунгі Аляксандра Казуліна пакуль распрацоўваюцца, зацьверджаны толькі адзін зь іх па-расейску: “Сильным — работу, слабым — заботу”. Цяпер гэты лёзунг перакладаецца і на беларускую мову. Затое колер кампаніі Казуліна ўжо абраны, ён адпавядае колерам БСДП “Грамада” і руху “Воля народу” — бел-чырвона-белы.

(Кароль: ) “Мы трактуем іх усё-такі не як колеры БНФ, і БНФ браў іх, бо ўлічваў гістарычную традыцыю, зыходзіў з тых даўніх часоў. А трактоўка колераў наступная: кроў Хрыста на плашчаніцы і беларускі нацыянальны сьцяг, гэта колеры нацыянальнага сьцягу”.

Бела-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” будуць галоўнымі сымбалямі кампаніі Зянона Пазьняка, зазначыў прадстаўнік КХП БНФ Юры Беленькі:

(Беленькі: ) “Сам дух гэтай кампаніі, якую вядзе лідэр беларускага народу Зянон Пазьняк, гэта абарона нашай незалежнасьці, незалежная Беларусь”.

Тым часам Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што ў ягонай кампаніі будзе выкарыстоўвацца лёзунг “Новая Беларусь — адзінства” і сымболіка ЛДПБ. Партыя і лідэр добра пазнавальныя сярод выбаршчыкаў, зазначыў сам спадар Гайдукевіч са спасылкай на досьвед, атрыманы падчас збору подпісаў:

(Гайдукевіч: ) “Ніводнага не было чалавека, хто б ня ведаў, а ў мяне ж тысячы людзей бегаюць, зьбіраюць подпісы... Заходзяць, у іх пытаюцца: “За каго?”— “За Гайдукевіча”. Адказваюць альбо: “Ведаем”, альбо: “А, гэта лідэр ЛДПР” — а яму кажуць: “ЛДПБ”… Вельмі добрая пазнавальнасьць”.

Іншыя прэтэндэнты на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Валеры Фралоў і Аляксандар Вайтовіч зазначылі, што гаварыць пра сымбалі і колеры іх кампаніяў заўчасна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG