Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Вярхоўнага суду не адказваюць на скаргу Міхаіла Марыніча


Радыё Свабода Зь Міхаілам Марынічам у калёніі сустрэлася адвакат Валянціна Шаханцова. Як здароўе вязьня менскай калёніі? Ці ёсьць вынікі ў ягоных спробах абскардзіць прысуд?

3 студзеня ў менскай калёніі адбылася сустрэча Міхаіла Марыніча зь яго адвакатам Валянцінай Шаханцовай. Пра вынікі гэтай сустрэчы распавёў “Свабодзе” сын вязьня Ігар Марыніч:

(Ігар Марыніч: ) “Сказала пра яго, што стан здароўя здавальняючы, выглядае бадзёрым. Перадаваў сябрам віншаваньні з Новым годам, бо не ўдалося ўсім напісаць лісты. Яго справы ідуць звычайна. У калёніі сьвяты крыху падымаюць настрой людзям, але, збольшага, месца там сумнае”.

Нагадаю, Міхаіл Марыніч ужо больш як паўтара году знаходзіцца за кратамі паводле прысуду менскага раённага суду, які палічыў былога міністра і амбасадара вінаватым у крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі. Месяц таму Міхаіл Марыніч абскардзіў прысуд у Вышэйшым гаспадарчым судзе. Як адрэагаваў суд на гэтую скаргу, спытаўся я ў Ігара Марыніча. Сын вязьня сказаў, што адказу на скаргу дагэтуль няма і прычынаў затрымкі ён ня ведае.

Паводле адваката Валянціны Шаханцовай, гэтым разам яе размова зь Міхаілам Марынічам адбывалася ў прысутнасьці супрацоўніка калёніі, чаго раней не бывала. Вось як пракамэнтаваў гэта Ігар Марыніч:

(Ігар Марыніч: ) “Мяркуючы па тым, што адбываецца вакол усіх нас, відаць, баяцца, што ён будзе свае меркаваньні для аднадумцаў перадаваць праз адваката. Цяжка інакш гэта патлумачыць”.

Летась паводле амністыі Міхалу Марынічу зьнялі адзін год з пакараньня 3,5 гады, але на волю яго гэтак і ня выпусьцілі, хаця ён ужо адбыў больш за палову гэтага тэрміну. Сваякі Міхаіла Марыніча праз адваката перадалі яму пажаданьне хутчэйшага вызваленьня.

(Ігар Марыніч: ) “Будзем спадзявацца, што гэты год прынясе волю ня толькі нашаму бацьку, але і ўсёй Беларусі”.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч пасьля сыходу ў апазыцыю заяўляў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG