Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перасядуць беларусы на іранскія аўтамабілі?


Радыё Свабода Бізнэсовец і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксей Ваганаў другі раз спрабуе пачаць у Беларусі вытворчасьць легкавых аўтамабіляў. Пасьля няўдалага досьведу супрацоўніцтва з карпарацыяй “Форд” Ваганаў ад імя прадпрыемства “Юнісон” і ў зьвязцы з прадстаўніцтвам “Iran Khodro Group” абвясьціў, што ўжо праз тры месяцы з былога фордаўскага канвэеру сыдуць першыя іранскія аўтамабілі “Саманд” і “Парс”. Крытыкі падобнага супрацоўніцтва, пра якое ўпершыню было заяўлена яшчэ ў 2003 годзе, бачаць тут іншыя эканамічныя схемы.

На восеньскай нарадзе ў пытаньнях разьвіцьця аўтамабільнай галіны Аляксандар Лукашэнка загадаў урэшце вызначыцца з прыярытэтамі ў арганізацыі ўласнай аўтавытворчасьці ў Беларусі. Дагэтуль вялася гаворка пра магчымы прыход у краіну некаторых эўрапейскіх вытворцаў, аднак пад канец мінулага году кіраўнік спачатку заводу “Форд-Юніён”, а цяпер заводу “Юнісон” Аляксей Ваганаў заявіў: у трэцяй дэкадзе студзеня 2006-га будзе падпісанае пагадненьне з іранскім канцэрнам “Iran Khodro Group” на выпуск легкавікоў “Саманд” і “Парс”. Да лета першыя аўтамабілі мусяць зьявіцца на беларускіх дарогах. Паводле спадара Ваганава, ня выключана, што ў іранскіх машынах зьявіцца і беларускі калярыт.

(Ваганаў: ) “Мы плянуем прымеркаваць выпуск да аўтамабільнай выставы ў Менску ў канцы красавіка-пачатку траўня 2006 году. Па тэрмінах гэта пачатак другога кварталу. Таксама цяпер вядзём перамовы з тым, каб правесьці конкурс на беларускую назву аўтамабіля. І, магчыма, зробім невялікі рэстайлінг. У любым выпадку, машына цікавая, асабіста мне спадабалася — кошт якасьці адпавядае…”

Пакуль што ў гэтага праекту больш апанэнтаў, чым прыхільнікаў. Іранскія машыны зусім невядомыя беларусам, хоць спадар Ваганаў і сьцьвярджае, што, калі гаварыць пра “Саманд”, то гэта фактычна “Пэжо-406”, толькі з блізкаўсходнімі адметнасьцямі. Да таго ж, паводле папярэдніх разьлікаў, асыміляваныя “іранцы” ня зробяцца “народнымі” аўтамабілямі — каштаваць машына будзе 10—11 тысяч даляраў.

Бізнэсовец, а цяпер асуджаны Андрэй Клімаў, які ў свой час таксама прэтэндаваў на выпуск першага нацыянальнага легкавога аўтамабіля, бачыць у беларуска-іранскім праекце зусім іншы падтэкст:

(Клімаў: ) “Чаму ўсплывае Іран? Не Паўднёвая Карэя — лідэр у вытворчасьці танных і папулярных аўтамабіляў у сьвеце. Не Японія — асноўны на сёньняшні дзень інвэстар у сьвеце, трымальнік кантрольных пакетаў буйнейшых банкаў. Ні Эўразьвяз, які пераносіць аўтамабільную вытворчасьць у менш дарагія рэгіёны. Што такое Іран? Гэта нафта, карысныя выкапні, якія яны вымушаныя прадаваць у абыход эканамічных правілаў рынку, падкантрольнаму Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Ні Іран, ні Беларусь не ўваходзяць у склад краінаў, якія бяруць удзел у гандлёвых апэрацыях на эканамічным полі УГА. Выснова напрошваецца сама сабой: дрэнна Лукашэнку, крызіс настаў; ён шукае новых партнэраў. Чым гэта скончыцца? Паказухай кшталту бібліятэкі, якую цяпер будуюць. Але тое, што ў аснове гэтых узаемадачыненьняў ляжыць не вытворчасьць машынаў, не задзейнічаньне прамысловага патэнцыялу — гэта відавочна”.

Інтарэсы іранскага боку ў Беларусі прадстаўляе прадпрыемства “БелХодра”, якое базуецца ў амбасадзе Ірану ў Менску. Арганізатары вытворчасьці іранскіх аўтамабіляў заяўляюць, што сабраныя ў Абчаку машыны зь цягам часу будуць камплектавацца беларускімі дэталямі, ажно да 30% — каб потым прадаваць машыны ў Расею як беларускі прадукт і бяз мыта. Зрэшты, колішняя арыентацыя на Расею аўтамабіляў “Форд Транзыт” і “Форд Эскорт”, якія ў канцы 1990-х зьбіраліся пад Менскам на заводзе “Форд Юніён”, сустрэла рэзкі супраціў з боку расейскіх аўтавытворцаў, і вытворчасьць у Беларусі прызналі нямэтазгоднай.
XS
SM
MD
LG